Вы тут

Як дрэвам выжыць у гарадскім асяроддзі?


Усе мы не раз чулі выраз: лясы — лёгкія нашай планеты. У гэтым выпадку паркі, скверы і нават алеі — лёгкія горада. На жаль, у Мінска гэты «орган» не зусім здаровы. Аднак спецыялісты не пакідаюць надзеі вярнуць яму былую сілу. Чарговая спроба — высадка 170 ліп уздоўж праспекта Незалежнасці.


Аказваецца, высадка «дарослых» дрэў была асвоена яшчэ як мінімум шэсцьдзясят гадоў таму.

Другая група

Аднак жаданне палепшыць экалагічную сітуацыю ў горадзе — не адзіная прычына такога рашэння. З мінулага лютага галоўная магістраль сталіцы прэтэндуе на ўнясенне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў катэгорыі «Пасляваенная сацыялістычная архітэктура краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы». Паколькі ў 1940-я гады тут высаджвалі ліпы, было прынята рашэнне вярнуць менавіта гэтую пароду дрэў.

Так, каля дзвюх сотняў ліп плануюць высадзіць у наступныя два-тры тыдні, каб паспець да роспуску пупышак. Як расказала кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінскзелянбуд» Анжаліка ПУЗАНКОВА, звычайна ў Мінску высаджваюць дрэвы другой групы, але гэтым разам спыніліся на тых, што бліжэй да трэцяй — больш буйных. У іх таўсцейшая кара, што, магчыма, дапаможа дрэвам не так пакутаваць ад уздзеяння соляў. Пры гэтым трэцяя група прыжываецца не так добра, як другая.

У цэлым пытанне мэтазгоднасці такой работы даволі спрэчнае. Бо папярэдніц гэтых маладых ліп выдалілі не проста так. Вось і апошнія даследаванні паказалі перавышэнне ўзроўню забруджанасці па солях натрыю на праспекце Незалежнасці аж у 68 разоў. Агляды выявілі: пупышкі на большасці дрэў, што растуць уздоўж праезнай часткі, спаліла соль, якая на іх асядала. Зараз такія галінкі прыйдзецца выдаліць, а потым чакаць, калі прачнуцца новыя пупышкі. Акрамя таго, наяўнасць солі ў глебе перашкаджае засваенню вільгаці раслінамі, вядзе да парушэння фізіёлага-біяхімічных працэсаў і наступнага аслаблення. Нават калі дрэва паліта, яно не можа атрымаць вільгаць з глебы і перманентна адчувае засуху.

Як растлумачыў загадчык сектара маніторынгу расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр СУДНІК, уздзеянне чалавека на навакольнае асяроддзе бывае некалькіх тыпаў. Прамы ўплыў — высечка, абрэзка, будаўнічыя работы, ушчыльненне глебы, механічнае пашкоджанне каранёў, кроны, ствалоў дрэў і іншае. І ўскоснае, звязанае са змяненнем асяроддзя, — адсутнасцю дастатковай вільгаці, забруджваннем глебы і паветра. Тыпаў уздзеяння некалькі, аднак вынік часцей за ўсё адзін: пашкоджанні дрэў рознай ступені цяжкасці.

Адна з галоўных умоў выбару роду і віду дрэў для высадкі ў гарадскім асяроддзі — здольнасць захоўваць нармальную жыццядзейнасць, нягледзячы на прысутнасць у атмасферы шкодных газаў. Усе тры роды найбольш распаўсюджаных у сталіцы дрэў — ліпа, клён, каштан — валодаюць гэтай уласцівасцю. Значна складанейшая сітуацыя з солеўстойлівасцю. У зімовы перыяд у нашай краіне дарогі апрацоўваюць тэхнічнай соллю, якая практычна цалкам складаецца з хларыду натрыю, выкарыстоўваючы яе альбо ў чыстым выглядзе, альбо ў сумесі з пяском у суадносінах 1:1. Яе перавага — нізкі кошт. Але фінансавая эканомія з лішкам кампенсуецца моцным негатыўным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе. Асеўшы на ігліцы і парастках соль выклікае іх абязводжванне, а пры пранікненні ў тканкі — пашкоджанне. У ліку магчымых наступстваў — солевыя апёкі, змяненне структуры расліны, адставанне ў росце і развіцці, некроз ігліцы і лісця, іх заўчаснае ападзенне.

Ад карысці да шкоды — адзін крок

Не толькі непасрэдна шкодныя рэчывы наносяць страты зялёным насаджэнням, не менш пагібельнай праяўляе сябе, здавалася б, такая пазітыўная з'ява, як развіццё гарадской гаспадаркі. Будаўнічыя работы, якія праводзяцца ў непасрэднай блізкасці ад дрэва, — непазбежны фактар рызыкі для яго. Часта пры пракладцы трас камунікацый, выкопванні катлаванаў і траншэй, рамонце і будаўніцтве дарог, брукаванні дарожак і падсыпцы грунтоў пашкоджваецца каранёвая сістэма. Складаванне будматэрыялаў, устаноўка бытовак і заезд цяжкай тэхнікі ўшчыльняюць глебу да крытычнага стану. Каранёвым лапам, ствалам і галінам дрэў, хай і выпадкова, наносяцца раны. Кожнае такое пашкоджанне адмоўна ўплывае на стан дрэва. Калі за кароткі час пашкоджанняў здарыцца некалькі, то стан дрэва пагаршаецца. Саслабленае ў выніку ненаўмыснага ўздзеяння чалавека дрэва лёгка становіцца аб'ектам нападу шкоднікаў і патагенных арганізмаў.

Расшырэнне дарог, накіраванае на стварэнне камфортных умоў для аўтамабілістаў, прыводзіць да таго, што дрэвы аказваюцца ў непасрэднай блізкасці ад праезнай часткі. Хоць па нарматывах адлегласць ад палатна дарогі да ствала дрэва павінна быць не менш, чым 2,1 метра. Аднак горадабудаўнікам гэтыя прадпісанні здаюцца не надта істотнымі і нарматывы часта прыносяцца ў ахвяру зручнасці. Калі дрэвы пасаджаны ў два рады, то розніцу паміж імі заўважыць любы, нават не біёлаг. Дрэвы, якія растуць уздоўж дарогі, будуць значна больш пашкоджаныя. Напрыклад, тыя самыя ліпы, род, які валодае высокай газаўстойлівасцю: першы шэраг — дрэвы з высахлым лісцем, якія пакутуюць ад розных пашкоджанняў і хвароб, другі шэраг — вонкава здаровыя экзэмпляры з зялёнай кронай.

Яшчэ адзін значны фактар, акрамя адлегласці ад праезнай часткі, — памеры лункі, у якую высаджваецца дрэва. Адлегласць ад ствала дрэва да краю лункі павінна быць не менш за метр, што, вядома, вялікая рэдкасць ва ўмовах шчыльнай забудовы вялікага горада. А тым больш галоўнага праспекта.

Дарэчы, зялёныя насаджэнні пакутуюць не толькі ад хімічных пашкоджанняў, але і ад механічных. Ручныя косы ў сталічнай гаспадарцы ўжо практычна цалкам выцесненыя трымерамі, якія, хоць і значна больш хуткія, аднак менш «манеўраныя», таму падчас пакосу дрэвы часта становяцца ахвярамі іх неакуратнага выкарыстання. У памяць пра гэта на ніжняй частцы ствала застаюцца і доўга не загойваюцца «шнары».

Застаецца верыць, што пасаджаным на праспекце ліпам удасца пазбегнуць лёсу сваіх папярэдніц. Толькі ўявіце гэты шум прыгожых, здаровых дрэў у самым цэнтры горада. Мара?

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Мары пра ліпы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».