Вы тут

Юрый Данілачкін: Няма няўдач, гэта ўсё вопыт


Погляд спартсмена на тое, як вывесці гарналыжны спорт у краіне на высокі ўзровень.

Усе мы згодныя з тым, што Беларусь павінна працягваць развівацца як краіна зімовых відаў спорту. Калі традыцыйныя для нас біятлон, фрыстайл і лыжныя гонкі больш-менш на слыху (па розных прычынах, у тым ліку з-за высокіх вынікаў), то гарналыжны спорт застаецца ў цені. Ці справядліва? У сезоне 2017/2018 Марыя Шканава і Юрый Данілачкін паказалі добрыя вынікі, пападанне ў лік 30 найлепшых спартсменаў свету на Алімпійскіх гульнях для такой нягорнай краіны, як Беларусь, не можа не ўсяляць аптымізму.


Гэты сезон стаў самым паспяховым за ўсю гісторыю развіцця гарналыжнага спорту ў краіне. Скончылі выступленні нашы спартсмены таксама паспяхова. Марыя Шканава выйграла адкрыты чэмпіянат Расіі ў слаламе, дзе былі прадстаўлены не толькі наймацнейшыя спартсменкі краіны-суседкі, але і гарналыжніцы іншых замежных дзяржаў, а Юрый Данілачкін заваяваў тры ўзнагароды на прэстыжным турніры ў Турцыі і на мажорнай ноце завяршыў цяперашні сезон. Мы сустрэліся са спартсменам, каб з першых вуснаў пачуць ацэнку алімпійскаму выступленню, пагаварыць аб развіцці гарналыжнага спорту ў Беларусі і абмеркаваць перспектывы падрастаючага пакалення.

— Юрый, калі ўспомніць Алімпіяду-2018 у некалькіх сказах...

— Спаборніцкая частка прайшла напружана. Мала таго, што схілы былі складаныя, дык яшчэ кожную раніцу даводзілася ехаць 45 хвілін, каб трапіць на гару, дзе праводзіліся спаборніцтвы па хуткасных відах. Атмасфера Гульняў была ў цэлым добрая. Ужо ў самым канцы, пасля завяршэння ўсіх спаборніцтваў, удалося знайсці час, каб падзяліцца духам Алімпіяды з блізкімі і адправіць некалькі паштовак. Я лічу гэта вельмі важным момантам, які дазваляе яшчэ шырэй распаўсюдзіць ідэалы алімпізму па свеце.

Што да майго выніку, то я зрабіў максімум з таго, што было магчымым. У федэрацыі гарналыжнага спорту ацанілі яго, як станоўчы. Рады, што змог трапіць у 35 найлепшых спартсменаў свету і дабрацца да фінішу ва ўсіх пяці дысцыплінах, у якіх я стартаваў.

— Якія думкі аб працягу кар'еры з'яўляюцца ў вас зараз?

— Думаю, што пайду яшчэ на адзін алімпійскі цыкл. Аднак мне б хацелася сумяшчаць работу спартсмена з трэнерскай дзейнасцю, быць так званым гуляючым трэнерам, каб дапамагчы падцягнуць беларускіх юніёраў на міжнародны ўзровень. У нашай моладзі ёсць вялікі патэнцыял, яны змогуць дацягнуцца да топ-30 Кубка свету, толькі трэба больш працаваць з імі ў тэхнічным плане.

— Што трэба зрабіць, каб гарналыжны спорт у Беларусі пачаў развівацца больш інтэнсіўна?

— У першую чаргу трэба жаданне і зацікаўленасць кіраўніцтва. Цяпер у нас гэта ёсць, і старшыня федэрацыі і наглядальны савет гатовыя зрабіць вялікую працу. Другое, неабходны пэўныя грашовыя ўкладанні, каб выбудаваць сістэму гарналыжных цэнтраў, заняцца адукацыяй трэнерскага складу, а потым ужо прыцягваць дзяцей праз школы, рэкламу і гэтак далей. У нас ёсць нядрэнныя спецыялісты, галоўнае, каб мы ўсе працавалі ў адным кірунку, каб у трэнераў было адзінае разуменне тэхнікі і фізічнай падрыхтоўкі.

Патэнцыял у гарналыжнага спорту велізарны, мы можам адбіраць дзяцей у хакея і тэніса, там падобныя каардынацыйныя трэніроўкі. Каб прыйсці да нас, дзіця не павінна мець нейкія асаблівыя здольнасці, калі няма супрацьпаказанняў да актыўнай дзейнасці — сардэчна запрашаем! Неабавязковыя пэўныя антрапаметрычныя даныя: на алімпійскім п'едэстале ў гарналыжным спорце — як хлопцы з ростам у 165 см, так і вышэй за 200 см.

— У якім узросце лепш прыводзіць дзяцей?

— Мяне паставілі на лыжы ў два гады і сем месяцаў. Самы аптымальны ўзрост чатыры-шэсць гадоў, пры тым, што гэтым відам спорту прафесійна можна займацца да 35, а то і даўжэй, гэта значыць палову свядомага жыцця.

Плюс гарналыжнага спорту ў тым, што дзеці заўсёды знаходзяцца на свежым паветры, так, яны могуць катацца ў дрэннае надвор'е, але ў канчатковым выніку гэта ўсё прыводзіць да таго, што арганізм дзіцяці гартуецца, становіцца больш моцным.

— У інтэрнэце маса відэа з жудаснымі падзеннямі гарналыжнікаў, гэта досыць небяспечны від спорту.

— Хутчэй ты атрымаеш траўму дзесьці на вуліцы, чым на схіле. Тут усё залежыць ад падрыхтоўкі спартсмена: калі ў нейкіх кампанентах ёсць правалы, то цалкам лагічна, што здараюцца траўмы. Я маю на ўвазе не толькі фізічную падрыхтоўку, таму што мы складаемся не з адных цягліц, ёсць яшчэ і мазгі, і псіхіка, трэба займацца ўсім у комплексе.

У мяне, на шчасце, траўмаў было мала, хоць былі сур'ёзныя падзенні, у тым ліку на Алімпіядзе ў Сочы. Гэтую няўдачу можна аднесці да праліку ў псіхалагічным плане, я няправільна падышоў да старту, пачаў праходзіць дыстанцыю занадта агрэсіўна. Калі гарманічна ўсё развіваць, то траўматызм будзе зведзены да мінімуму.

— Вы настолькі захоплены гарналыжным спортам, што ведзяце блогі, а цяпер яшчэ і займаецеся перакладам фільма.

— Мне цікава расказваць пра гэта, ёсць шмат фанатаў гарналыжнага спорту, але ў большасці з іх абстрактнае ўяўленне пра наш від дзейнасці. Адна справа, калі ты глядзіш збоку, а іншая — калі стаіш на сваіх дваіх і едзеш гэтыя 150 км/г, адчуваеш усё знутры. Я не сутыкаўся з тым, каб хтосьці расказваў пра гарналыжнае «закуліссе», таму пачаў гэта рабіць, людзям спадабалася, я атрымаў станоўчы водгук. Хачу паказаць людзям, што горныя лыжы — гэта не тое, што мы з горачкі спускаемся неяк бокам.

Што датычыцца фільма «Штрайф. Адская гонка», з нямецкай мовы ён будзе перакладацца на рускую. Карціна паказвае гарналыжны спорт знутры, таму яго варта перакладаць і паказваць па тэлебачанні.

— Калісьці вы пераехалі з Піцера ў Мінск...

— Прайшло ўжо сем гадоў, Беларусь стала для мяне роднай краінай. У 2010-м са зборнай Расіі мяне не ўзялі на Алімпійскія гульні ў Ванкувер, хоць я быў адным з найлепшых у камандзе. Прычыны не растлумачылі, для мяне яны не зразумелыя і сёння. Потым зноў запрасілі ў зборную, але з адной умовай, што там не будзе майго трэнера — маці. Я адмовіўся, кіраўніцтва федэрацыі не захацела ісці мне насустрач. З'явілася магчымасць выступаць за зборную Беларусі, я пагадзіўся і не шкадую. Тым больш цяпер, калі ў зборнай Расіі страшная сітуацыя — практычна палова асноўнага складу траўмаваная. Я жывы, здаровы, для спартсмена гэта вельмі важна.

— Цяжка, калі адзін з бацькоў — твой трэнер?

— Так, таму пасля Алімпійскіх гульняў у Сочы я прыняў рашэнне спыніць супрацоўніцтва са сваёй мамай. Гэта быў цяжкі час для нас абаіх, але я зразумеў, што трэба рухацца далей аднаму. Станавіцца самастойным спартсменам, чалавекам, мужчынам, мужам. Вядома, не абышлося без крыўдаў, але цяпер мы больш-менш далі гэтаму рады.

— Хутка спраўляецеся з няўдачамі?

— Я лічу, што ў мяне няма няўдач, гэта ўсё вопыт. Трэба адэкватна ўспрымаць свае магчымасці і вынікі, у мяне няма завышаных чаканняў. Думаю, я яшчэ не дасягнуў свайго піка, але рады, што ўдалося два разы трапіць у топ-20 на чэмпіянатах свету. Асобным радком для мяне стаіць выступленне на Кубку свету ў Кіцбюле ў хуткасным спуску. Спаборніцтвы там лічацца самымі складанымі і элітнымі, я добра паказаў сябе і заслужыў сваю долю павагі сярод спецыялістаў найвышэйшага ўзроўню.

— Каго лічыце найлепшым гарналыжнікам у гісторыі?

— Калі быў маленькі, захапляўся Херманам Маерам, гэта чалавек жалезнай волі, жалезнага характару. Пасля сур'ёзнай траўмы, якую ён атрымаў у выніку транспартнага здарэння (зваліўся з матацыкла), калена збіралі па частках. Пасля гэтага Херман устаў на лыжы і выйграў этап Кубка свету. А на дадзены момант найлепшы — гэта, вядома, Марсэль Хіршэр, ён ва ўсіх на вуснах, і гэта справядліва.

— Калі б не спорт, якую прафесію б выбралі?

— Я ўспрымаю горныя лыжы як працу з самага дзяцінства, не сказаць, што з-за бацькоў трэнераў у мяне не было выбару, быў, але я заўсёды вяртаўся, таму што гэта прыгожы, цікавы від спорту. Магчыма, змог бы стаць архітэктарам, мне падабалася нешта канструяваць. Думаю, мне падышлі б больш творчыя прафесіі. Дарэчы, раней я захапляўся фатаграфіяй, цяпер часам пераглядаю здымкі з прыемнымі пачуццямі, маўляў, нішто сабе, як добра я мог гэта рабіць.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.