Вы тут

Ці трэба пазбягаць канфліктаў і як сварыцца правільна?


Ці можна ўявіць сямейнае жыццё без канфліктаў? Верагодна, можна, але толькі ў выпадку калі шлюб фіктыўны, дзе чалавеку абыякава, хто і які ў яго партнёр. Таму не цешце сябе ілюзіямі: сапраўдных сем'яў без канфліктаў проста не існуе. Іншая справа, што ёсць канфлікты, якія разбураюць сям'ю, а ёсць тыя, якія партнёрам проста неабходныя. Як правільна сварыцца і чаго катэгарычна нельга рабіць падчас высвятлення адносін, расказала псіхолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера г. Мінска Вольга Акатава.


Прычын сямейных непаразуменняў мноства. Гэта і розныя погляды на сумеснае жыццё, нерэалізаваныя чаканні і незадаволеныя патрэбы, п'янства аднаго з партнёраў і сямейная здрада, бытавая неўладкаванасць і непаважлівае стаўленне мужа да сваякоў жонкі і наадварот, адрозненні ў інтарэсах, патрэбах і іншыя.

І, як вядома, любая канфліктная сітуацыя суправаджаецца сваркай. А яны не праходзяць бясследна і з'яўляюцца адным з самых згубных сродкаў падчас адаптацыі маладых мужа і жонкі і іх пачуццяў. Памятайце, што любая сварка незваротная, і яна накладвае свой адбітак на далейшыя адносіны. Яе часта раздуваюць рэзкімі словамі, неразумнымі папрокамі, несправядлівымі абвінавачваннямі. У стане эмацыянальнай стомленасці чалавек часта робіцца прыдзірлівым і нястрыманым. Таму лепш адразу зразумець прычыну зрыву партнёра і гэта разуменне яму прадэманстраваць.

Але не ўсялякія канфлікты шкодныя для сямейных адносін. Некаторыя вельмі нават пажаданыя і неабходныя для развіцця стасункаў у сям'і. І псіхолагі іх называюць канструктыўнымі. Яны прадугледжваюць зняцце напружанасці партнёрамі. Хоць пасля сваркі і застаецца непрыемны асадак, але пара пачынае больш беражліва ставіцца адно да аднаго і разумець. У далейшым такая сварка ўспрымаецца як выпадковасць і непаразуменне.

А ёсць і дэструктыўныя канфлікты. Іх вынікам з'яўляецца напружанасць паміж мужам і жонкай, якая захоўваецца нейкі час пасля сваркі. І абодва партнёры ў сем'ях, дзе пераважаюць дэструктыўныя канфлікты, лічаць рэальнай пагрозай развод.

— У наш час маладыя муж і жонка нярэдка залішне паспешна прыбягаюць да разводу як да спосабу вырашэння любых канфліктаў, у тым ліку і пераадольных, — адзначае Вольга Акатава. — Такое «лёгкае» стаўленне да распаду сям'і складваецца дзякуючы таму, што развод у наш час стаў звычайнай з'явай. Яшчэ ў момант заключэння шлюбу існуе дакладная ўсталёўка на развод у выпадку, калі адзін з партнёраў не будзе задаволены сумесным жыццём. Зразумела, што такая ўсталёўка стымулюе развод.

Цяжка знайсці пару, якая б хоць раз у жыцці не задумвалася аб скасаванні шлюбу. Здараецца, што разводам пагражае і адзін з партнёраў, каб «прыстрашыць» сваю «палову» і змяніць сітуацыю. Але ў большасці выпадкаў да разводу прыходзяць тады, калі маладыя людзі не ў стане вырашаць праблемы сямейнага жыцця. Усе астатнія прычыны, напрыклад, адсутнасць кватэры, матэрыяльныя цяжкасці, доўгая вымушаная разлука, адмоўны ўплыў трэціх асоб (у першую чаргу бацькоў мужа і жонкі) не з'яўляюцца вырашальнымі, хоць часам іх і выводзяць на першы план. На самай справе гэтыя спадарожныя абставіны пачынаюць дзейнічаць толькі тады, калі ў поўнай меры праяўляюцца галоўныя прычыны.

Як жа пазбягаць дэструктыўных канфліктаў і сварыцца канструктыўна? Для гэтага спецыяліст раіць прытрымлівацца некалькіх правілаў.

Высвятляць адносіны трэба сам-насам, без сведак. Праблему важна фармуляваць дакладна, а таксама раскрыць свае як негатыўныя, так і пазітыўныя пачуцці. Пры гэтым з гатоўнасцю выслухаць меркаванне пра свае ўласныя паводзіны. Падчас размовы (няхай і неспакойнай) пастарайцеся высветліць, у чым вы сыходзіцеся, а ў чым — не, і што з гэтага найбольш значнае для вас абаіх. Задавайце пытанні, якія дапамогуць вашаму партнёру падабраць словы для выражэння сваіх інтарэсаў. Чакайце, пакуль спантанная ўспышка сціхне, не адказваючы тым жа. Рабіце пазітыўныя прапановы па ўзаемным выпраўленні. У любых абставінах паважайце сябе. Забудзьце пра рэўнасць і падазронасць, а таксама навучыцеся слухаць і чуць партнёра, станавіцца на яго месца. З самых першых дзён сямейнага жыцця і на працягу ўсіх гадоў вучыцеся разумець, асэнсоўваць і асвойваць ролі мужа і жонкі. Памятайце, што ў любым партнёрстве заўсёды даводзіцца ў чымсьці сябе абмяжоўваць і адмаўляцца ад нечага звыклага.

А вось усяго таго, што мы ўпарта робім у запале сваркі, імкнучыся прычыніць як мага наймацнейшы боль партнёру і выліўшы ўвесь негатыў ці, наадварот, зняважыўшы ўласнае пачуццё годнасці, спецыялісты раяць пазбягаць.

Не трэба прасіць прабачэння раней часу. Ухіляцца ад спрэчкі, трэціраваць маўчаннем — таксама не варыянт. Забаронена выкарыстоўваць свае веды пра партнёра, у тым ліку інтымнага характару, для ўдару ніжэй пояса і здзекаў. Падцягваць пытанні, якія не адносяцца да справы, — таксама няправільны ход. Не трэба сімуляваць згоду ці крыўду, бо так, магчыма, і ўдасца спыніць спрэчку, але праблему вырашыць не атрымаецца. Не тлумачце партнёру, што ён адчувае. І не нападайце ўскосна, крытыкуючы некага ці нешта, што ўяўляе каштоўнасць для вашага суразмоўніка. Не апускайцеся падчас спрэчкі да рэчаў, якія ў спакойным стане вы б ніколі не сказалі ці не зрабілі. Не ацэньвайце ўчынкі вашай другой паловы без уліку матываў, якія яго да гэтага схілілі. І самае галоўнае — не перабольшвайце ўласныя здольнасці і заслугі, не лічыце, што праўда заўсёды і ва ўсім на вашым баку.

Уважліва прааналізаваўшы ўсе спрэчкі, вы абавязкова заўважыце, што большасці з іх можна было пазбегнуць ці разумна з іх выйсці, не даводзячы да сутыкнення. Таму трэба ведаць правілы стратэгіі сямейнай спрэчкі. Першая ўмова высвятлення адносін — не дабівацца перамогі. Памятайце: ваша перамога — гэта паражэнне вашай паловы, блізкага вам чалавека. Любое паражэнне члена вашай сям'і — гэта паражэнне ўсёй сям'і.

Другая ўмова — павага да мужа ці жонкі, якая б віна на ім (ёй) ні была. Нават у хвіліны, калі кагосьці з партнёраў душыць крыўда, рэўнасць, злосць, трэба памятаць: калісьці гэта быў самы дарагі для вас чалавек. І, нарэшце, трэцяя важная ўмова мірнага завяршэння сямейнай сваркі — не памятаць пра яе. Чым хутчэй забываецца дрэннае, тым больш паспяховай і шчаслівай аказваецца сям'я. Якой бы моцнай ні была крыўда, нанесеная адным з партнёраў, але, калі канфлікт завяршыўся, адносіны высветлены і наступіла перамір'е, пра яе трэба забыць назаўсёды.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: А я прашу перамір'я

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».