Вы тут

Анжаліка Пушнова: Найперш я — спявачка


Дзяўчына толькі сёлета заканчвае Інстытут журналістыкі, а ў яе «паслужным спісе» ўжо два ўдзелы ў нацыянальным адборы на «Еўрабачанне» і стажыроўкі на ўсіх тэлеканалах краіны. У сакавіку ў маладой артысткі выйшаў дэбютны кліп на песню «У цішыні». Сваю творчасць і вучобу яна сумяшчае з працай на тэлебачанні: у ранішнім вяшчанні на АНТ у суразмоўніцы свая рубрыка «Дзяжурны па горадзе». У інтэрв'ю Анжаліка Пушнова расказала, з чаго пачыналася яе творчасць, як тата-прадзюсар уплывае на кар'еру і прыадчыніла таямніцы свайго асабістага жыцця.


— Анжаліка, як вас лепш прадставіць: спявачка, артыстка ці журналіст?

— На першым плане ўсё ж такі заўсёды ідзе спявачка, таму што гэта быў мой выбар з пяцігадовага ўзросту, можа быць, дзесьці ўсвядомлены, а дзесьці — не. Быў такі момант, калі я паспрабавала спыніцца на журналістыцы канчаткова, забыцца пра канцэрты і выступленні, але зразумела, што не магу так жыць. Адчувала, што быццам не хапае часткі мяне, таму вырашыла ўсё сумяшчаць, як робяць многія ў маёй сферы. Пакуль што гэта ўдаецца.

— Выходзіць, артыстычная кар'ера пачалася з пяці гадоў?

— Так. Бацькі ўбачылі, як маленькая Анжаліка іграе на цацачным фартэпіяна і зразумелі, што трэба аддаваць дзяўчынку ў музыку. Потым былі розныя гурткі, дзіцячыя студыі. Дарэчы, менавіта заняткі вакалам зрабілі мяне «гучным» дзіцем, таму што да іх, як кажуць бацькі, я была вельмі спакойнай, сціплай дзяўчынкай. А потым пачаліся ранішнікі, дзе ўсе песні і танцы былі маімі.

Дарэчы, тата з'яўляецца маім прадзюсарам, дырэктарам, менеджарам, таму ён заўсёды са мною побач. У маладосці бацька таксама спяваў, круціўся ў гэтых колах, і хоць у яго і няма прафесійнай адукацыі, сфера яму знаёмая. Не буду хаваць, былі розныя моманты, у тым ліку, калі мы сварыліся, разыходзіліся ў меркаваннях. Ён кінуў музыку, я займалася ўсім сама, але нядаўна зноў падцягнула яго да справы. Чым больш выступаю на сцэне, тым больш пераконваюся: у тым, што ён мой прадзюсар, толькі плюс. Ні адзін іншы чалавек не будзе клапаціцца пра свайго артыста так, як гэта робіць бацька для дачкі.

— У творчых конкурсах прымаеце ўдзел таксама з дзяцінства?

— Так, колькі сябе памятаю, але не без разбору, як некаторыя дзеці, мы ўсё ж такі выбіралі, што было больш цікавым для нас. Потым зразумела, што я не конкурсны выканаўца. Хтосьці вельмі любіць гэтыя адчуванні барацьбы, перажыванняў, а мне больш падабаецца выходзіць і мець стасункі з залай без перашкод у выглядзе ацэнкі.

Калі казаць пра «Еўрабачанне», то гэта наогул іншае, не проста конкурс, а цэлая грандыёзная падзея. На працягу некалькіх месяцаў ты жывеш у іншым вымярэнні.

— Вы ўдзельнічалі ў адборы два разы, чаго не хапала, каб перамагчы?

— Першы раз быў у 2017 годзе, тады эмоцыі зашкальвалі, таму што ўпершыню паўдзельнічала і адразу дайшла да фіналу, а побач былі артысты, якія гадамі б'юцца і не могуць туды трапіць. Я заўсёды казала, што па эмоцыях пераплюнуць гэтую падзею можа, напэўна, толькі вяселле. Пасля эйфарыі настаў час працы, пастаянныя здымкі дзённікаў «Еўрабачання»... Аказалася, што гэта не так проста, бо людзі часам падводзяць, з-за гэтага выступленні ледзь не зрываюцца.

Сёлета я таксама ўдзельнічала ў адборы, але не прайшла ў фінал, выступала там як запрошаная госця. Вядома, спачатку была расстроеная, але потым зразумела, што гэта нават да лепшага, бо без грузу адказнасці, без хвалявання я выступіла менавіта так, як хацела. Пазней да мяне падыходзілі ўдзельнікі і члены журы, казалі, што не зразумелі, чаму я не спаборнічаю. Гэта было вельмі прыемна.

— Ці бу­дзе­це спра­ба­ваць яшчэ?

— Ка­лі шчы­ра, я не зу­сім ра­зу­мею гэ­тую гон­ку, ка­лі ар­тыст спра­буе пра­біц­ца на "Еў­ра­ба­чан­не" па во­сем-дзе­вяць ра­зоў, не хо­чац­ца ста­на­віц­ца та­кім удзель­ні­кам. Хоць, мо­жа, ме­на­ві­та ліч­ба тры ста­не для мя­не шчас­лі­вай?

— Ня­даў­на вый­шаў ваш дэ­бют­ны кліп...

— Гэ­та заў­сё­ды вель­мі знач­ная па­дзея для кож­на­га ар­тыс­та. Са­мым скла­да­ным бы­ло вы­браць пес­ню, на якую ха­це­ла­ся б яго зняць. Мно­гія ду­ма­лі, што бу­дзе кам­па­зі­цыя, з якой я ўдзель­ні­ча­ла ў ад­бо­рах на "Еў­ра­ба­чан­не", але я вы­бра­ла пес­ню "У ці­шы­ні". Як толь­кі яе па­чу­ла, зра­зу­ме­ла, што яна асаб­лі­вая для мя­не, мне ёсць, што ёю ска­заць, ней­кія воб­ра­зы ўжо ўзнік­лі ў га­ла­ве.

На зды­мач­най пля­цоў­цы бы­ло ня­прос­та, та­му што для мя­не гэ­та пер­шы па­доб­ны во­пыт, але дзя­ку­ю­чы пра­фе­сій­най ка­ман­дзе ў нас усё атры­ма­ла­ся. Я за­ста­ла­ся вель­мі за­да­во­ле­ная вы­ні­кам. Па пер­шым ча­се, ка­лі пе­ра­гля­да­ла кліп, у мя­не дры­жы­кі бег­лі, ка­мяк пад­коч­ваў да гор­ла. Маг­чы­ма та­му, што гэ­та мой дэ­бют у гэ­тым пла­не, ён вы­клі­кае та­кія не­рэ­аль­ныя эмо­цыі.

— Чаму вырашылі паступаць у Інстытут журналістыкі?

— На канцэртах сачыла за работай вядучых, тэлебачанне таксама заўсёды было побач, я круцілася ў гэтых колах і разумела, што хачу таксама працаваць так.

Практыку студэнты праходзяць штогод, таму я паспела паспрабаваць сябе на ўсіх тэлеканалах, але спынілася на АНТ. Пасля гутаркі мяне прызначылі ў аддзел навін. Гэта сур'ёзны аддзел, з карыснай для людзей работай, адказнай, але я разумела, што чагосьці мне не хапае. Хацелася больш творчасці. Знайшла сябе ў ранішнім вяшчанні, прыдумала пяць рубрык, дзве з якіх ухвалілі. Цяпер гэта нават работай складана назваць, хутчэй, хобі, за якое я атрымліваю грошы. Мне падабаецца выходзіць на вуліцы Мінска, кантактаваць з людзьмі, гэта заўсёды падымае настрой і мне, і ім.

— У якіх яшчэ сферах хацелі б сябе паспрабаваць?

— Заўсёды марыла маляваць, але ў мяне ніколі гэта не атрымлівалася, думаю, навучыцца будзе ўжо вельмі складана, калі наогул магчыма.

— Публічная праца заўсёды падвяргаецца каментарыям. Як да іх ставіцеся?

— Раней гэта была балючая тэма, пакуль я не зразумела, што трэба будаваць сценку і прасцей да ўсяго ставіцца. Для мяне заўсёды самым аўтарытэтным з'яўляецца меркаванне блізкіх і людзей, якія ўжо нечага дамагліся ў маёй сферы. Аднак я заўсёды прыслухоўваюся і да іншых меркаванняў, крытыка — гэта добра, спрабую заўсёды пра гэта сабе нагадваць.

— Як праходзіць ваш ідэальны дзень?

— Ён павінен пачацца з басейна: вада і фізічныя нагрузкі забяспечваюць мяне добрым настроем і зарадам бадзёрасці. Потым удзяляю трохі часу сабе, думкам. Наогул, я люблю, калі дзень прадуктыўны, таму еду на работу, па справах, на выступленні. Мне падабаецца, калі вечарам кладзешся спаць і разумееш, што час прайшоў не дарма.

— Як любіце расслабляцца, адпачываць?

— Пад настрой. Бываю, вядома, на вечарынках, люблю сустрэцца з сябрамі, патанцаваць. Аднак бываюць дні, калі я хачу застацца сам-насам, паглядзець фільм ці нават мультфільм, пагаварыць з мамай.

— Вы хаваеце сваё асабістае жыццё?

— Не люблю, калі яго выстаўляюць напаказ, напрыклад, калі ў сацсетках мільгаюць фатаграфіі, прызнанні ў каханні, але і не хаваю неяк па-асабліваму. Я не так даўно сустрэла чалавека, з якім мне вельмі добра. Па першым часе нават людзі, якія сочаць за мной, не мелі ўяўлення, што ён ёсць, але нейкія сумесныя фатаграфіі з вандровак дзесьці часам усплываюць. Мой малады чалавек не са сферы шоу-бізнесу, таму яму не хочацца піяру. Хоць да маёй дзейнасці ён ставіцца з разуменнем, можа нават нешта падказаць, падтрымлівае мяне і галоўнае — не ліслівіць.

— Якія якасці больш за іншыя цэніце ў людзях?

— Адказнасць, шчырасць. Вельмі люблю пазітыўных людзей, з песімістамі мець стасункі досыць складана.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.