Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра абноўлены рэйтынг Жаночай тэніснай асацыяцыі, выступленне беларускіх гандбольных клубаў і чарговы тур чэмпіянату краіны па футболе.


1. Арына Сабаленка ўпершыню ў кар'еры ўвайшла ў топ-50 сусветнага рэйтынга. Гэта адбылося пасля ўдалага выступлення на турніры ў швейцарскім Лугана, дзе беларуска дайшла да фіналу. Сабаленка паднялася на 14 пазіцый і займае цяпер 47-е месца, набраўшы 1128 ачкоў. У Аляксандры Сасновіч 56-я пазіцыя, Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 95-м месцы, Вера Лапко займае 111-ы радок у рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі.

Нагадаем, у канцы гэтага тыдня беларуская зборная, за якую згуляюць Сабаленка, Сасновіч, Лапко і Лідзія Марозава, сустрэнецца ў матчы Кубка Федэрацыі з камандай Славакіі. Гульня за права застацца ў элітным дывізіёне каманднага чэмпіянату свету пройдзе 21—22 красавіка на корце мінскай «Чыжоўка-Арэны».

Тым часам Максім Мірны і аўстрыец Філіп Освальд сталі пераможцамі парнага разраду на турніры ў амерыканскім Х'юстане. Гэта 52-і тытул 40-гадовага Максіма Мірнага ў парных турнірах пад эгідай Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў.


2. Беларуская жаночая каманда па спартыўнай акрабатыцы ў складзе Юліі Івончык, Веранікі Набокінай і Карыны Сандовіч заваявала сярэбраны медаль на чэмпіянаце свету ў Антверпене (Бельгія). Мацнейшымі за нашых дзяўчат сталі толькі расіянкі. Нашы спартсмены прэтэндавалі на медаль і ў фінале ў мужчын, але Арцём Яшчанка і Аляксей Заяц у спаборніцтве дуэтаў не змаглі падняцца на п'едэстал.

Адзначым, што на чэмпіянаце свету па спартыўнай акрабатыцы ў Антверпене выступаюць 170 спартсменаў з 19 краін.


3. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ў матчы за «бронзу» SEHA-лігі саступіў славенскаму «Цэле» 28:31. Нагадаем, у паўфінале БГК прайграў мясцоваму «Вардару» (24:33), а ў паралельным матчы «Цэле» мінімальна саступіў харвацкаму «Заграбу» (28:29).

Гандбалісты македонскага «Вардара» ў вырашальным матчы «фіналу чатырох» SEHA-лігі абыгралі харвацкі «Заграб» 26:24 і сталі пераможцамі турніру.

Мінскі СКА заняў трэцяе месца ў розыгрышы Балтыйскай лігі, які завяршыўся ў эстонскай Пылве. У матчы за выхад у фінал армейцы саступілі фінскаму «Рыіхімякі» (25:27), а ў матчы за «бронзу» падапечныя Ігара Папругі перайгралі ўкраінскі ЗТР з Запарожжа ў дадатковы час з лікам 40:37.

Зараз беларускія клубы засяродзяцца на справах чэмпіянату Беларусі. Ужо 21 красавіка ў Брэсце адбудзецца паядынак БГК супраць мінскага СКА.


4. Адбыліся матчы 3-га круга чэмпіянату краіны па футболе. Мінскае «Дынама» перамагло ў гасцях «Гарадзею» з лікам 2:0, БАТЭ перайграў «Дынама» (Брэст) — 2:0, «Шахцёр» (Салігорск) з мінімальным лікам саступіў «Слуцку» — 0:1, «Прамень» (Мінск) аказаўся слабейшым за «Віцебск» — 0:2, сустрэча «Іслачы» (Мінскі раён) і «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) скончылася з лікам 0:0. Яшчэ шэраг сустрэч скончыліся з нічыйным вынікам: «Смалявічы» — «Мінск» — 1:1, «Нёман» (Гродна) — «Дняпро» (Магілёў) — 0:0, «Гомель» — «Тарпеда» (Мінск) — 0:0.

Лідзіруе ў чэмпіянаце дзейны чэмпіён краіны БАТЭ, які набраў 9 ачкоў з дзевяці магчымых, па 7 балаў у «Віцебска», «Дняпра» і мінскага «Дынама».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Узлёт Арыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».