Вы тут

Юнак прапануе здабываць біяпаліва з баршчэўніку Сасноўскага


Сярод 12 аўтарскіх праектаў, якія маладыя інаватары Міншчыны прадставілі ў фінале рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», была і распрацоўка выпускніка клецкай гімназіі Аляксандра Плоткі. Яго ідэя пад назвай «Зялёная нафта» — гэта прапанова здабываць біяпаліва (тэхнічны спірт) ...з зялёнай масы баршчэўніку Сасноўскага. Аўтар нават прапануе высаджваць гэтую расліну!


У адказ на маё пытанне, чаму б нам, бульбяной краіне, не выкарыстоўваць у якасці сыравіны для вытворчасці біяпаліва той жа бульбянік (чаго-чаго, а гэтага дабра ў нас хапае). Саша пярэчыць:

— Такі падыход няправільны. Калі сабраць бульбянік, як жа будуць развівацца клубні?

І спакойна працягвае:

— У Бразіліі спірт вырабляюць з цукровага трыснягу, у Амерыцы — з кукурузы. У Беларусі для вытворчасці біяэтанолу шырока выкарыстоўваюць збожжавыя культуры, буракі, бульбу, кукурузу, рапс і інш. Сёлета сабекошт 1 л беларускага этанолу складае 0,8—1,1 долара. З сацыяльнага і эканамічнага пунктаў гледжання актуальнай з'яўляецца распрацоўка новай тэхналогіі атрымання біяэтанолу — для зніжэння яго кошту. Вырашыць гэтую праблему можна, калі выкарыстаць у якасці сыравіны зялёную масу баршчэўніка Сасноўскага. Вялікая колькасць у зялёнай масе цукру і высокая ўраджайнасць расліны дазволяць атрымаць таннае біяпаліва. Акрамя атрымання тэхнічнага спірту, можна паралельна выконваць яшчэ адну вельмі карысную справу — кантраляваць «шкодную» расліну.

Працэс вытворчасці біяпаліва — такі ж, як і з цукровымі культурамі. Баршчэўнік здрабняецца, зялёная маса адпраўляецца на адцісканне пад прэс, атрыманы сок фільтруецца, потым ён трапляе ў брадзільныя апараты. Затым ідзе перагонка, і на выхадзе атрымліваецца тэхнічны спірт — мацункам не менш за 96 працэнтаў.

— Але гэта яшчэ не ўсё. Брага, якая засталася пасля перагонкі, можа ісці на корм жывёлам, паколькі захавала ўсе складовыя часткі зыходнай сыравіны, за выключэннем цукру. А вось цвёрдую адціснутую фракцыю можна было б выкарыстоўваць для вытворчасці цвёрдага біяпаліва (пелет), — працягвае Саша.

Аўтар ідэі, апроч выкарыстання дзікарослага баршчэўніку Сасноўскага, прапануе таксама спецыяльна яго вырошчваць, каб загрузіць патэнцыйныя магутнасці.

Зноў жа — як так? З папуляцыяй цяжка змагацца, выдаткуюцца вялікія грошы, а тут — яшчэ і сеяць атрутную расліну? І гэта пытанне аўтар прапрацаваў.

— Калі гаварыць, дзе менавіта разводзіць баршчэўнік, дык гэта, напрыклад, тыя землі, што былі выведзены з сельскагаспадарчага абароту на забруджаных у выніку чарнобыльскай катастрофы тэрыторыях. Галоўнае — не даваць расліне даходзіць да стану бутанізацыі, каб яна не магла размнажацца генератыўным (насенным) шляхам, — тлумачыць Аляксандр.

А як увогуле прыйшла ідэя выкарыстоўваць баршчэўнік Сасноўскага для вытворчасці біяпаліва? Хлопец згадвае неабходнасць барацьбы з раслінай і... цэны на бензін.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу ва ўсіх краінах свету патрабуе пастаяннага і ўсё большага і большага з кожным годам павелічэння выпрацоўкі і спажывання энергетычных рэсурсаў і энергіі. Гэта, у сваю чаргу, выклікае павелічэнне спажывання вуглевадароднай сыравіны, запасы якой не бязмежныя. Праблемы з яе атрыманнем і пастаянны рост цэн на прыродныя рэсурсы прымушаюць усе краіны прымаць меры да пошуку нетрадыцыйных аднаўляльных крыніц энергіі. Менавіта таму ў апошні час у Беларусі пачынае інтэнсіўна развівацца біяэнергетыка, заснаваная на атрыманні паліва і энергіі з біямасы.

Праект Аляксандра Плоткі, які ён распрацоўваў разам са сваім навуковым кіраўніком (а па «сумяшчальніцтве» — настаўніцай і маці Марынай Іванаўнай), трапіў на фінальную выстаўку конкурсу «100 ідэй для Беларусі» і адзначаны экспертамі сертыфікатам пераможцы ў намінацыі «Новае экалагічнае рашэнне». Сам Саша кажа, што дадзеная прапанова — прынцыпова новы падыход да энергазберажэння ў Беларусі. Хто яго ведае, можа, гэта і сапраўды так?..

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: Біяпаліва з зялёнай масы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».