Вы тут

Заўтра стартуе паядынак плэй-оф Сусветнай групы Кубка Федэрацыі


Заўтра стартуе тэнісны паядынак плэй-оф Сусветнай групы Кубка Федэрацыі паміж зборнымі Беларусі і Славакіі. Для нашай каманды гэта будзе пяты запар дамашні матч і 100-я міжнародная сустрэча ў рамках каманднага чэмпіянату свету. Пераможца пачне наступны сезон у васьмёрцы наймацнейшых зборных свету, а той, хто прайграе, апусціцца ў дывізіён ніжэй.


Каманды ўжо некалькі дзён знаходзяцца ў Мінску, тэнісісткі паспелі апрабаваць хард «Чыжоўка-Арэны», на якім пройдзе матч. Гісторыя сустрэч Беларусі і Славакіі налічвае ўсяго адзін паядынак, які адбыўся ў ліпені 2004 года ў Браціславе. 14 гадоў таму на грунтавых кортах нашы саперніцы даволі лёгка абыгралі беларусак з агульным лікам 4:0.

А наогул, упершыню тэнісісткі са Славакіі выступілі ў Кубку Федэрацыі ў 1994 годзе і з таго часу паспелі пабываць не толькі ў паўфінале, але і ўзняць над галавой галоўны трафей турніру: у фінале FеdСuр-2002 з лікам 3:1 яны абыгралі зборную Іспаніі.

Цяпер нашы саперніцы займаюць 11-ы радок у сусветным рэйтынгу, зборная Беларусі пасля лютаўскага пройгрышу немкам апусцілася з трэцяга на чацвёртае месца.

Адзначым, што ў Мінск каманда Славакіі прыбыла без сваіх лідараў Магдалены Рыбарыкавай (17 нумар сусветнага рэйтынга) і Дамінікі Цыбулкавай (30), таму статус першай ракеткі каманды дастаўся 19-гадовай Вікторыі Кужмавай. Для юнай спартсменкі гэта ўсяго другі паядынак за дарослую каманду. Разам з Вікторыяй у заяўку каманды капітан Мацей Ліптак уключыў Яну Чапелаву (117 нумар WTА), Ганну Караліну Шмідлаву (132), Рэбэку Шрамкаву (372).

У лідараў нашай зборнай важкія прычыны адсутнасці. У іх ёсць пэўныя праблемы са здароўем, да таго ж дзяўчатам трэба весці падрыхтоўку да грунтавога сезона, — расказвае Мацей Ліптак. — Вядома, рэйтынг беларускіх спартсменак нашмат лепшы, і каманда Беларусі з'яўляецца фаварытам. Але нам губляць няма чаго. Я заўсёды кажу, што рэйтынг — гэта рэйтынг, а матчы Кубка Федэрацыі — гэта зусім іншае, таму ўбачым, што будзе на корце.

Таццяна Пучак, якая змяніла на капітанскім мосціку зборнай Беларусі Эдуарда Дуброва, уключыла ў склад Аляксандру Сасновіч (56 WTА), Арыну Сабаленку (47 WTА), Веру Лапко (111 WTА) і Лідзію Марозаву (490 WTА).

Там адсутнічае Вікторыя Азаранка, якая згуляла турніры ў Індыян-Уэлс і Маямі, а таксама заявілася на майскія грунтавыя турніры.

— Віку мы пакуль стараемся не турбаваць. Я мінімальна маю зносіны з яе трэнерам. На жаль, яе сітуацыя пакуль не вырашылася, таму нават нейкія каментарыі, лічу, даваць не вельмі карэктна. Застаецца толькі чакаць паспяховага вырашэння праблемы, — адзначыла Таццяна Пучак.

Таксама капітан дадала, што не лічыць нашу каманду безумоўным фаварытам, бо зборная Славакіі даволі няпростая.

— Усе дзяўчаты маладыя і на ўздыме. Гэта паказваюць іх вынікі за апошнія месяцы. Мы чакаем упарты матч і сур'ёзную барацьбу.

Як заўсёды сустрэча Кубка Федэрацыі будзе складацца з пяці гульняў. У суботу адбудуцца два адзіночныя паядынкі, а ў нядзелю, акрамя індывідуальных матчаў, пройдзе яшчэ і парны.

Акрамя матча ў Мінску, барацьбу за права згуляць у Сусветнай групе павядуць яшчэ тры пары камандаў: Румынія — Швейцарыя, Аўстралія — Нідэрланды, Італія — Бельгія.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Юбілейны матч будзе цікавы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.