Вы тут

МАЗы ўвайшлі ў топ-5 ралі «Золата Кагана»


Экіпажы каманды «МАЗ-СПОРТаўта» ўвайшлі ў пяцёрку найлепшых на ралі «Золата Кагана», якое праводзіцца ў Астраханскай вобласці Расіі. Гэтым разам Мінскі аўтазавод выставіў на гонку два грузавікі, менавіта ў студзені яны выдатна паказалі сябе на «Дакары».


Траса для экіпажаў Сяргея Вязовіча і Аляксея Вішнеўскага не ўяўляла б вялікіх цяжкасцяў, калі б не тэхнічныя праблемы і зробленыя памылкі ў навігацыі. Гэта не дазволіла трапіць беларускай камандзе ў тройку лідараў. Сяргей Вязовіч скончыў гонку на чацвёртым месцы (прайграў пераможцу ралі расіяніну Андрэю Каргінаву 40 хвілін), Аляксей Вішнеўскі стаў пятым (46 хвілін). Усяго ж спартыўныя МАЗы патрацілі на спецучастках каля дзевяці гадзін, прапусціўшы наперад толькі тры машыны каманды КАМАЗа.

Як паведаміў кіраўнік каманды Сяргей Вязовіч, на «Золаце Кагана» гоншчыкі праводзілі эксперыменты з машынамі, таму на высокі вынік не разлічвалі. МАЗы змаглі добра паказаць сябе на пралогу, але на другім этапе ўзніклі тэхнічныя праблемы.

«На 80-м кіламетры ад старту лопнуў пярэдні стабілізатар, а потым адарваўся і задні, у выніку давялося знізіць тэмп. Бліжэй да фінішу ўзніклі праблемы з глушыцелем, але мы здолелі праехаць спецучастак», — дадаў Сяргей Вязовіч.

На трэцім этапе беларусы, дзякуючы добраму старту, здолелі апярэдзіць амаль усе камазаўскія экіпажы, але дапусцілі памылкі ў навігацыі, з-за чаго «дадалі» сабе лішніх 57 кіламетраў і страцілі час. Для Аляксея Вішнеўскага апошні этап таксама склаўся не зусім добра.

«Недзе праз 50 кіламетраў ад старту ў нас сарвала шланг гідраўзмацняльніка, так што руль перастаў працаваць. Патрацілі каля 10 хвілін на рамонт. У цэлым гонка прайшла нядрэнна. Выступленнем задаволеныя. Усяго праехалі больш за 500 кіламетраў», — расказаў Аляксей Вішнеўскі.

Зараз МАЗы пачнуць падрыхтоўку да ралі-рэйду «Шаўковы шлях», які стартуе 15 ліпеня ў кітайскім горадзе Сіань і завершыцца 29 ліпеня ў Маскве. Камандзе трэба дапрацаваць матор і ў цэлым удасканаліць аўтамабіль.

Ралі «Золата Кагана» праходзіла з 12 да 14 красавіка. У ім прымалі ўдзел 56 экіпажаў (42 аўтамабілі і 14 матацыклаў і квадрацыклаў). На адміністрацыйных і тэхнічных праверках адбыўся адсеў удзельнікаў: з 42 экіпажаў, якія заявіліся ў аўтамабільны залік, толькі 39 было дапушчана да спаборніцтваў. Гэтая гонка вядомая сваімі пяскамі і няпростай навігацыяй. Дыстанцыя хуткасных секцый была пракладзена на правым беразе Волгі, а бівуак традыцыйна разбілі на набярэжнай Волгі.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».