Вы тут

Як не «згарэць» на рабоце?


І чаму грошы не заўсёды матывуюць?

40 гадзін на тыдзень мы праводзім на рабоце. А з улікам часу, патрачанага на праезд і размовы пра тое, як прайшоў працоўны дзень, і таго больш. Ці павінна работа прыносіць задавальненне, як правільна выбраць прафесію, чаму адбываецца эмацыянальнае выгаранне і ці існуюць ідэальныя кіраўнікі, гутарым з псіхолагам і кансультантам па персанале Арсеніем ВАЛАДЗЬКО.


У стрэсе мы не бачым альтэрнатыў

— Чаму мы так баімся страціць работу?

— Гэты страх — адгалосак куды больш старажытнага страху смерці. Бо страціць работу ў нашым уяўленні — гэта застацца без сродкаў да існавання. Памятаю, адна кліентка, калі звальнялася, а новай прапановы яшчэ не паступіла, вельмі перажывала. А яна не мінчанка, ёй трэба было здымаць жыллё. Жанчыну падтрымала такая простая сітуацыя: яна спусцілася ў краму на першым паверсе свайго дома і ўбачыла аб'яву аб тым, што патрабуецца прыбіральшчыца. І таго заробку хапіла б, каб плаціць за здымную кватэру.

Калі мы знаходзімся ў стрэсавай сітуацыі, то бачым яе ў вузкім дыяпазоне і не разглядаем альтэрнатыў. Чалавек, напрыклад, вызначыў, што яму падыходзіць толькі такая вакансія, і калі яму яе не прапануюць, то ўсё — выйсця няма. Але ж работы хапае.

Страх грунтуецца на тым, што мы не хочам страціць пэўны ўзровень камфорту. Хоць, як паказвае практыка, вельмі хутка прыстасоўваемся да меншага даходу. Так, давядзецца ад многага адмовіцца, але гэта магчыма.

— Якія памылкі мы дапускаем пры пошуку працы?

— Многія не вельмі разумеюць, якая работа ім падыходзіць. Мы свой прафесійны шлях выбіраем у маласвядомым узросце. Часта гэта рашэнне прадыктаваны чым пажадаеце, толькі не інтарэсамі самога чалавека, або ўяўленні аб будучай прафесіі вельмі далёкія ад рэальнасці.

— І як знайсці сваё прызванне?

— Трэба спрабаваць. А ці шмат людзей да 20-гадовага ўзросту маюць вопыт работы? Калі б малады чалавек папрактыкаваўся ў розных сферах, ён тады з большай доляй імавернасці змог бы сказаць, што яму падыходзіць.

Зрабіць выбар складана яшчэ і таму, што мы жывём у час, калі рынак працы хутка змяняецца і ўсачыць за усім складана. З'яўляецца шмат прафесій, якіх 10—15 гадоў таму яшчэ не было. Многія спецыяльнасці знікнуць. Тая ж прафесія бухгалтара — падлічыць можа і праграма. Ці перакладчыка — думаю, праз нейкі час штучны інтэлект навучыцца якасна перакладаць анлайн усё, што нам кажа іншы чалавек.

— Як тады быць тым, хто цяпер працуе бухгалтарам, перакладчыкам?

— Панікаваць дакладна не варта: невядома, за які перыяд часу гэтыя змены адбудуцца — напэўна, не так хутка. Але ў перспектыве давядзецца перакваліфікавацца. Мы прывыклі да стандартнага шляху: вучыцца чатыры-пяць гадоў ва ўніверсітэце і толькі потым шукаць работу. Але можна ж увайсці ў прафесію нашмат хутчэй. Засталіся лічаныя спецыяльнасці, дзе неабходна профільная вышэйшая адукацыя — урач напрыклад. У большасці выпадкаў дастаткова скончыць курсы. Узрост тут не перашкода. Ведаю, што ідуць перавучвацца — напрыклад, у ІТ — і ў 40 гадоў.

Добры стымул — скарачэнне працоўнага дня

— Работа павінна прыносіць задавальненне?

— Праца ўзнікла як вымушаная неабходнасць. Але чалавек можа рабіць тое, што яму больш падабаецца. У нас шмат творчага патэнцыялу — творчасцю людзі з задавальненнем займаліся б. Эксперыменты з безумоўным даходам паказваюць, што апаскі наконт таго, што дай людзям грошы — ніхто не будзе працаваць, дарэмныя. Многія проста змянілі б сферу дзейнасці.

— Работнікі інтэлектуальнай працы часта схільныя да эмацыянальнага выгарання. Чаму так здараецца, што прафесія, пра якую калісьці марыў, з гадамі становіцца нецікавай?

— Эмацыянальнае выгаранне часцей за ўсё адбываецца, калі ўзнагарода не адпавядае патрачаным высілкам. Для людзей, якія заняты інтэлектуальнай працай, сістэма работы ад званка да званка, як на канвееры, дрэнна падыходзіць. Нездарма ж спробы ўвесці чатырохдзённы працоўны тыдзень маюць поспех. На мой погляд, недастаткова выкарыстоўваецца сістэма матывацыі. Усё ўпіраецца толькі ў грошы, але гэта вялікая памылка.

Спробы плаціць усё больш не прыводзяць да жаданага эфекту. А вось скарачэнне працоўнага дня, плаваючы графік, дыстанцыйная работа, дадатковы свабодны дзень у тыдні могуць стымуляваць. Бо адна з прычын эмацыянальнага выгарання — тое, што людзі недастаткова адпачываюць.

— Чаму грошы — не найлепшы стымул?

— Яны маюць абмежаванне. У кожнага з нас ёсць свой узровень камфорту, і калі мы дасягаем яго, грошы перастаюць матываваць. Узяць нашу запаветную лічбу «па пяцьсот» — хутчэй за ўсё, многія на ёй спыніліся б, такога заробку было б дастаткова.

— Навукоўцы раяць мяняць месца работы кожныя тры-пяць гадоў, каб пазбегнуць застою. Вы з гэтым згодны?

— Так. Мала арганізацый думаюць пра ваша развіццё — гэта ваш клопат. Таму можа так скласціся, што, прапрацаваўшы пэўны час, вы дасягнулі пэўнага ўзроўню — і на гэтым усё, няма зрухаў. Але развіццё павінна быць — або вертыкальнае (угору па кар'ернай лесвіцы), або гарызантальнае (напрыклад, асваенне сумежнай спецыяльнасці). Клопат аб прафесійным росце супрацоўнікаў уласцівы японскім кампаніям. ІТ-галіна таксама пераймае гэта. Там ёсць рэсурсныя менеджары, чые задачы — выкарыстаць па максімуме патэнцыял работнікаў.

— Быць працаголікам — гэта добра?

— Тут ужо ў этымалогіі слова ёсць падказка. Працагалізм, як і любая залежнасць, — гэта дрэнна. Атрымліваецца, адзіная сфера жыцця, дзе чалавек спрабуе сябе рэалізаваць, — гэта прафесійная. Усе свае сілы ён аддае ёй. Гэтак жа, як алкаголік адчувае дыскамфорт, калі не ўжывае, так і працаголік не можа без работы. Але не думаю, што для нашых шырот падобная праблема актуальная. Для Японіі, Паўднёвай Карэі — так. У апошняй, каб змагацца з працаголікамі, у офісах па вечарах нават пачалі адключаць электрычнасць.

У беларусаў праблема, хутчэй, у няўменні пераключацца. Некаторыя людзі шмат часу праводзяць на працы, вельмі перажываюць з-за яе. Але немагчыма перарабіць усю работу — яна будзе заўсёды.

Ёсць добрая дыягностыка, каб праверыць, ці не зацыклены вы на прафесійных абавязках: спытайце сябе, як вы правялі тыдзень. Ці ёсць аб чым расказаць? Многія гоняцца за шчасцем, быццам яго можна раз дасягнуць і зафіксаваць назаўсёды. Але гэта «пабочны эфект» ад таго, як вы арганізавалі сваё жыццё. Каб адчуваць сябе шчаслівым, трэба знаходзіць час не толькі на работу, але і на асабістыя адносіны (рамантычныя, сяброўскія), хобі, паўнавартасны адпачынак, фізічныя нагрузкі.

Ідэальнага кіраўніка не існуе

— Як папрасіць павышэнне, каб яго атрымаць?

— А мяркуецца, што кожны, хто просіць, павінен яго атрымліваць? Аднаго жадання мала. Каб стаць начальнікам, не заўсёды дастаткова быць прафесіяналам. Патрэбны іншыя навыкі — кіравання, арганізацыі, камунікацыі. Чалавек можа быць добрым спецыялістам, але ён з людзьмі не ладзіць, як яго кіраўніком паставіць? Толькі за выслугу гадоў?

Лідарскія якасці можна развіць. А ў кагосьці гэтыя задаткі ёсць ад прыроды. Такія людзі часцей дабіваюцца павышэння, бо прывыклі быць лідарамі. Яны і ў школе праяўлялі актыўнасць, і ва ўніверсітэце.

— На гутарках кандыдатаў часта пытаюць: «Кім вы бачыце сябе праз пяць гадоў?». А калі не ведаеш адказу?

— Тады чалавек не вельмі разумее, куды яму рухацца. Я назіраю пастаянна прыкладна адну і тую ж карціну: маладыя людзі, скончыўшы ВНУ, перастаюць развівацца і навучацца. Вазьміце 27-гадовых і спытайце, якую кніжку па сваёй прафесіі яны прачыталі ў гэтым годзе. І я ўпэўнены, што многія не адкажуць. Важна самаадукоўвацца. Інтэрнэт існуе не толькі для коцікаў — там столькі інфармацыі, даступныя лекцыі і курсы найлепшых замежных універсітэтаў.

— Пры якім кіраўніку камфортна працаваць?

— Ні пры якім. Не бывае ідэальных кіраўнікоў. Гэта міф, заснаваны на ідэальным вобразе бацькоў. Усе мараць аб такім начальніку, як мама: ты робіш тое, што хочаш, а ён усё даруе. Мне прасцей дзяліць кіраўнікоў на адэкватных і не. Адэкватны — гэта здольны да дыялогу. А з тымі, хто не ўмее чуць, складана працаваць. Увогуле, хочаце ідэальнае начальства — самі станавіцеся прадпрымальнікам.

— Лагічна. Але нямногія рашаюцца пачаць свой бізнес. Чаму?

— Справа ў менталітэце. Гэта іншая філасофія. Прадпрымальнік — той чалавек, які цалкам бярэ адказнасць за сваё жыццё. Ён разумее, што ўвесь дабрабыт залежыць толькі ад яго. А наёмны супрацоўнік пагаджаецца з тым, што ён не гаспадар свайго лёсу, яму зручна перакласці частку адказнасці на плечы работадаўцы.

— Што вылучае паспяховага чалавека?

— Нам прасцей за ўсё вымяраць дасягненні ў грашах, але гэта няправільна. Тады паспяховымі людзьмі павінны лічыцца наркабароны, а не навукоўцы, якія патрацілі дзесяць гадоў, каб зрабіць важнае адкрыццё. Поспех вымяраецца грамадскім прызнаннем. Таму маладыя людзі так ахвочыя да лайкаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».