Такое меркаванне выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл ОРДА падчас ІІ Міжнароднага форуму «Прафсаюзы і «зялёныя» працоўныя месцы», які праходзіў у Мінску. Удзельнікамі мерапрыемства сталі дэлегаты з 38 краін.
— Апошнія 150 гадоў сусветная эканоміка развівалася за кошт бескантрольнага спажывання прыродных рэсурсаў, і мы сёння бачым, што яны вычэрпваюцца. Гэта прыводзіць да змен у клімаце, зніжэння сацыяльна-эканамічнай абароненасці мільёнаў людзей. Некаторыя галіны на мяжы знікнення — рыбалоўства, лесанарыхтоўка, перапрацоўка рэсурсаў. Будучыня за зялёнай эканомікай, якая скіравана на эфектыўнае выкарыстанне прыродных багаццяў. Яна дае магчымасці для стварэння новых працоўных месцаў у энергетыцы, сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, — заўважыў Міхаіл Орда.
Сённяшнія змены адзначаюць, што многім работнікам давядзецца перакваліфікавацца. «Мы павінны забяспечыць лёгкі пераход у новыя сферы эканомікі, — кажа старшыня ФПБ. — І практыка паказвае, што гэта магчыма. Адзін з прыкладаў — Кітай, дзе за кароткі перыяд з галіны лесанарыхтоўкі было вызвалена больш за мільён чалавек. Большасць з іх удалося перанавучыць, уладкаваць на падобныя спецыяльнасці».
Намеснік міністра працы і сацабароны Ігар СТАРАВОЙТАЎ заўважыў, што «зялёныя» працоўныя месцы павінны характарызавацца не толькі экалагічнай бяспекай, але і прадукцыйнай занятасцю, адэкватнай аплатай, гарантыяй захавання рэжыму працоўнага часу і належнай сацыяльнай абаронай.
На форуме абмяркоўвалася таксама праблема вытворчага траўматызму. Па звестках Міжнароднай арганізацыі працы, штогод з-за неналежных умоў на рабоце ў свеце гіне больш за два мільёны чалавек. У нашай краіне ў вырашэнні гэтай праблемы ўдалося дасягнуць станоўчага выніку.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Абарона вачэй і модны аксесуар.
Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.