Вы тут

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звяртаецца са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

Традыцыйна на мерапрыемства ў Авальную залу Дома ўрада запрошаны найвышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, найбуйнейшых прадпрыемстваў, вядучых ВНУ, банкаў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, сродкаў масавай інфармацыі.

Выступленне кіраўніка дзяржавы транслюецца ў прамым эфіры па тэлеканалах «Беларусь 1», «Беларусь 24» і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Тэлеверсія Паслання будзе паказана ў вячэрнім эфіры беларускіх тэлеканалаў.



12.01. "Галоўная мэта застаецца нязменнай - мы будуем дзяржаву для народа", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, цяпер на першы план выходзіць задача ўмацаваць эканоміку і прымножыць дабрабыт грамадзян. Свет не стаў прасцей, ён стаў цікавей, даў роўныя магчымасці і шанцы. Умець скарыстацца імі - пытанне будучыні краіны, яе незалежнасці і паспяховасці, сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Якой будзе Беларусь заўтра - залежыць ад кожнага з нас! Пры гэтым трэба памятаць, што квітнеючай можа быць толькі тая краіна, дзе існуе баланс адказнасці дзяржавы і грамадства за выкананне сваіх абавязкаў. Дзе кожны клапоціцца не толькі пра сябе, але і пра Радзіму. Дзе любыя выклікі і пагрозы не расколваюць грамадства, а аб'ядноўваюць, дапамагаючы выстаяць у сучасным свеце", - заявіў ён.

"Калі мы будзем працаваць годна, па сумленні, то сумеснымі намаганнямі зможам дамагчыся пастаўленых мэтаў і зрабіць жыццё беларускага народа лепш. І мы зробім гэта, таму што ведаем, куды ідзем і чаго хочам", - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.



11.59. "Сусветная супольнасць пабачыла здольнасць Мінска рэалізаваць значныя праекты. Павышэнне ролі Беларусі ў рэгіянальнай і міжнароднай палітыцы - гэта агульная стратэгічная задача, якую павінны вырашаць разам МЗС і іншыя зацікаўленыя міністэрствы, ведамствы і прадпрыемствы", - заявіў кіраўнік дзяржавы.


11.51. "Нафта - першапрычына санкцый у дачыненні да найбуйнейшых краін - экспарцёраў гэтай сыравіны: Расіі, Ірана, Венесуэлы. Але для уплывовых сусветных гульцоў сёння ўжо важна не толькі кантраляваць яе здабычу і пастаўку. Нафта становіцца эфектыўным інструментам маніпуляцый і аказання ціску на ваганні попыту і прапановы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, няўстойлівасць, якая такім чынам ствараецца на сусветных рынках, уплывае на любую краіну і эканоміку. "Гэта не дазваляе дзяржавам, якія залежаць ад чорнага золата, фармаваць доўгатэрміновыя стратэгіі і перспектывы развіцця. І Беларусь тут не выключэнне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.



11.48. "Саюзны праект з Расіяй не страціў свайго значэння. Па прычыне выключна складанай міжнароднай абстаноўкі (мабыць, самай складанай за апошнія дзесяцігоддзі) каштоўнасць нашага партнёрства мнагакратна ўзрастае. Разам з тым інтэграцыйны патэнцыял узаемадзеяння выкарыстоўваецца не ў поўнай меры і не заўсёды эфектыўна. Пытанні допуску нашых тавараў на расійскі рынак ўжо нагналі аскому! Два дзясяткі гадоў паўтараем аб фарміраванні агульнага рынку, а праблемы то ў адной, то ў іншай сферы - харчаванне ці энергарэсурсы - узнікаюць, як па графіку. Зараз дадаліся яшчэ міграцыйныя і памежныя пытанні", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.


11.42. Пра канфлікт у Сірыі: стабілізаваць сітуацыю ў гэтай краіне проста не даюць

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў аснове ўсіх сучасных канфліктаў - барацьба за рэсурсы, кантроль за іх гандлёвымі патокамі і ў канчатковым рахунку дамінаванне на сусветных рынках. "Калі добра пашукаць, капнуць глыбей, рана ці позна вы выявіце ўсё тую ж нафту, - сказаў ён. - Асабліва гэта відаць па блізкаўсходнім рэгіёне, і ў прыватнасці па Сірыі. Стабілізаваць сітуацыю ў гэтай змучанай сямігадовым канфліктам краіне сірыйскім уладам проста не даюць. У ход ідуць усе магчымыя сродкі: пачынаючы ад падтрымкі ўзброенай апазіцыі, істэрыі ў СМІ і заканчваючы прамымі ракетнымі абстрэламі".


11.38. Кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў некаторыя СМІ за нагнятанне абстаноўкі ў свеце

Ён сказаў, што адсочвае працу СМІ, у тым ліку расійскіх. Прэзідэнт раскрытыкаваў паводзіны некаторых так званых гаворачых галоў. "Яны ўжо закасалі рукавы, гатовыя ўзяць мінімум кулямёты, гранатамёты, ваяваць ва ўсім свеце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


11.36. Барацьба з карупцыяй у Беларусі была і будзе самай рашучай і празрыстай

"Самым згубным чынам на стан эканомікі, ды і не толькі гэтай сферы, уплывае карупцыя. Хабарніцтва здольна падарваць аснову любой дзяржавы. Менавіта яно стварае глебу для росту ценявой эканомікі і падрывае давер людзей да дзяржавы. У нашай краіне не павінна быць месца карупцыі. Барацьба з ёй на ўсіх узроўнях была і будзе самай рашучай і празрыстай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што беларускія СМІ рэгулярна паведамляюць аб гучных арыштах і пакараннях службовых асоб за такія злачынствы. "У простага чалавека нават можа скласціся ўражанне, быццам усе вакол жулікі і зладзеі. Вядома ж, гэта не так. У сістэме кіравання шмат сумленных, прыстойных людзей. Такіх - абсалютная большасць, інакш проста немагчыма было б працаваць. І тое, што нашы грамадзяне бачаць на тэлеэкранах, чытаюць на старонках газет, толькі паказвае адкрытасць улады ў пытаннях барацьбы з гэтым злом. Людзі павінны разумець, што ніякія сітуацыі не замоўчваюцца і незакранаемых няма і не будзе", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Апошнія кадравыя перамены - яркі прыклад таго, сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Я ў мінулым годзе папярэджваў кіраўнікоў, што калі на іх падведамных прадпрыемствах, у арганізацыях, установах будуць зафіксаваны выпадкі карупцыі, то яны пазбавяцца сваіх пасад. Але, відаць, не ўсе зразумелі з першага разу. Таму нядаўна давялося расстацца і з міністрам спорту і турызму, і з міністрам лясной гаспадаркі. У аднаго дырэктар браў хабары з прыватнікаў, якія хацелі арандаваць месцы (для гандлю. - Заўвага БЕЛТА). Другі наогул не заўважыў, як прадавалі высакаякасны лес па цане апілак. Глядзіце, такіх выпадкаў быць не павінна", - падкрэсліў Прэзідэнт.


11.33. Лукашэнка даручыў Саўміну і Нацбанку ўнесці прапановы па эфектыўным функцыянаванні фінансавага рынку

"Даручаю ўраду, Нацыянальнаму банку ў самыя кароткія тэрміны ўнесці пакет сістэмных прапаноў па фарміраванні і эфектыўным функцыянаванні фінансавага рынку. Папярэджваю, што за гэтыя дакументы вы будзеце несці поўную адказнасць, і ўсе гэтыя прапановы павінны быць састыкаванымі з усёй нашай эканамічнай і фінансавай палітыкай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Такі напрамак, як развіццё фінансавага рынку, не выкарыстоўваецца ў поўнай меры. "Калі ўключыць у эканоміку ўсе яго сегменты: страхавы рынак, рынак каштоўных папер, інвестыцыйныя фонды, мікрафінансавыя, лізінгавыя арганізацыі, - ён стане рэальнай і паўнацэннай крыніцай інвестыцыйных грошай у эканоміцы", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, асаблівасць цяперашняй сустрэчы ў тым, што яна праходзіць у ключавы год выканання пяцігадовай праграмы развіцця краіны. "Распрацаваны і прыняты планы, сістэмныя дакументы, стратэгіі, канцэпцыі. Аднак калі разабрацца, як рэалізуюцца тыя ці іншыя задачы, то можна ўбачыць, што падыход вельмі выбіральны. Справаздачы зроблены ідэальна - не падкапаешся: выканана 95 працэнтаў запланаваных мерапрыемстваў. Але самае галоўнае якраз і тоіцца ў астатніх 5 працэнтах", - заявіў кіраўнік дзяржавы.


11.27. "Канстытуцыя Беларусі не будзе мяняцца пад якую-небудзь асобу", - сказаў Прэзідэнт.


11.19. Зарплата павінна напрамую залежаць ад эфектыўнасці арганізацыі вытворчасці

"Зарплата павінна напрамую залежаць ад эфектыўнасці арганізацыі вытворчасці. Гэта няпростая задача. Павінны быць задзейнічаны ўсе магчымыя механізмы для стварэння ў рэальным сектары ўмоў, у якіх здольны і працавіты чалавек знойдзе сабе прымяненне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.



11.18. Аляксандр Лукашэнка, каментуючы сёння ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу магчымыя змены ў Канстытуцыі, заявіў, што Беларусі зараз не да рэферэндумаў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пытанне магчымай карэкціроўкі Канстытуцыі пастаянна абмяркоўваецца ў СМІ. "Прычым даходзяць да таго, што некаторыя заяўляюць, быццам не сёння, дык заўтра Прэзідэнт прызначыць рэферэндум па змене нормаў Асноўнага Закона, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я ніколі не дзейнічаў несумленна ў дачыненні да нашых людзей. І ніколі на гэта не пайду. Я ведаю, адкуль я прыйшоў і як я перамог на прэзідэнцкіх выбарах. Я абяцаю: ніколі не парушу сваю клятву, чаго б мне гэта ні каштавала. Бо будзе як учора ў Арменіі".

"З народам гуляцца нельга", - працягнуў кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што ў выпадку правядзення рэферэндуму, пра яго будзе загадзя, па законе, сказана. "Асабіста я пакуль ні аб якім рэферэндуме нават не думаў, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Нам зараз не да рэферэндумаў. Нам трэба ў гэтай бурнай, хаатычнай, бязладнай, небяспечнай сітуацыі ў свеце выстаяць".


11.13. "Мы працягнем строіць лічбавую эканоміку. Ураду даручана ўнесці прапановы па стварэнні моцнага і эфектыўнага міністэрства ў гэтай сферы. Тут неабходны ўдумлівы падыход. Трэба грунтоўна вывучыць і падлічыць усе аспекты і нюансы работы новай структуры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Год таму быў узяты курс на пабудову IT-краіны. "За гэты час прыкметна актывізавалася работа Парка высокіх тэхналогій. Экспарт вырас на 25 працэнтаў, упершыню ў гісторыі парка перасягнуў $1 млрд", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прайшло ўсяго чатыры месяцы з даты падпісання дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі". "Самі айцішнікі назвалі яго рэвалюцыйным. Па некаторых заканадаўчых пазіцыях мы сталі ў адзін рад з самымі перадавымі краінамі. І ўжо сёння відаць, што зрабілі абсалютна правільна, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Удумайцеся ў гэтыя лічбы. У папярэднія гады ў парк у сярэднім уступала адна кампанія ў месяц. А за першыя тры месяцы бягучага года пасля прынятых намі рашэнняў - больш за 50. Гэта новыя рабочыя месцы (пры тым якія рабочыя месцы!), прыток валюты ў краіну і дадатковыя плацяжы ў бюджэт". 


11.05. Лукашэнка даручыў штогод павялічваць долю выдаткаў на сацыяльныя патрэбы

На думку Прэзідэнта, недастаткова эфектыўнае кіраванне эканомікай з боку ўрада напрамую ўплывае на бюджэтную палітыку. Прычым гэта характэрна для апошніх пятнаццаці гадоў працы Савета Міністраў. "Патрабую ад урада штогод павялічваць долю расходаў, што накіроўваюцца на сацыяльныя патрэбы. Менавіта так мы можам стымуляваць нараджальнасць, дапамагаць шматдзетным сем'ям, пажылым людзям - усім тым, хто рэальна мае патрэбу ва ўвазе дзяржавы", - сказаў беларускі лідар.


11.03. "Наша задача - быць адкрытымі для лепшага. Мэта - расці хутчэй, чым іншыя, і такім чынам скарачаць адставанне ад развітых краін. У гэтым залог якасных змяненняў, якія нам патрэбны і якія дадуць магчымасць павышаць узровень дабрабыту грамадзян Беларусі адносна іншага свету", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, гэта тэма была галоўнай на пасяджэнні ўрада, дзе былі разгледжаны вынікі 2017 года. "Мы не рабілі ніякай тайны, мае строгія ацэнкі і прынцыповыя вывады даведзены да грамадства", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што той час, калі дзяржавы і народы маглі жыць і развівацца, не азіраючыся на іншых, незваротна мінуў. Татальная ўзаемазалежнасць сучаснага свету - гэта ўжо не проста прыгожая фраза. "Свет складваецца ў адзіны глабальны арганізм. Інтэрнэт стаў яго нервовай сістэмай, міжнародныя фінансы, банкі - крывяноснай. Аблічча сусветнай эканомікі ўсё ў большай ступені вызначаюць не нацыянальныя дзяржавы, а гіганцкія транснацыянальныя карпарацыі. Іх камерцыйныя інтарэсы дамінуюць над палітыкай або дамоўленасцямі. Яны ж і правакуюць эканамічныя і нават ваенныя канфлікты. Гэта суровая рэальнасць нашага часу", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што незалежнасць дзяржавы і яе аўтарытэт, спакой у грамадстве, якасная адукацыя, высокая культура і дасягненні ў спорце ў першую чаргу залежаць ад паспяховасці эканомікі. "Мы як ніхто іншы пацвярджаем гэта правіла. Свой поспех - у адрозненне ад іншых краін, багатых на прыродныя рэсурсы, - мы ствараем толькі працай і інтэлектам свайго народа. І ў гэтым наша перавага. Для правільнага выбару дзеянняў унутры краіны мы павінны правільна разумець развіццё сучаснага свету. А яно вызначаецца трыма ключавымі фактарамі: узрыўным ростам новых тэхналогій, уздымам рынкаў, што сталі на шлях развіцця, і татальнай глабалізацыяй усіх сусветных працэсаў", - адзначыў беларускі лідар.

"Разам з тым, як ужо сказана, на міжнароднай арэне абвастраюцца канфрантацыя і недавер. А значыць, лёгкага часу не будзе. Санкцыйныя войны непазбежна рыкашэтам закрануць і нас. Ці то праз гандлёвы, ці то праз фінансавы канал мы гэта зведаем на сабе. Але не станем закрывацца ад свету. Ні адна краіна, нават са спіса вялікіх дзяржаў, не можа быць паспяховай, калі замкнецца ў сабе", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.


10.59. Саўміну даручана правесці пераатэстацыю ўсіх кіраўнікоў

"Савету Міністраў трэба правесці пераатэстацыю ўсіх кіраўнікоў. І, калі хтосьці не здольны эфектыўна працаваць, хай адразу сыходзіць у адстаўку. Тое ж тычыцца і міністраў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.



10.58. "Рашэнні апошніх двух гадоў аб скарачэнні бюджэтнага ўдзелу ў рэальным сектары прынятыя свядома. Бо да апекі дзяржавы многія настолькі прывыклі, што пры першых прыкметах праблем ідуць па дапамогу ў бюджэт. Гэта адносіцца ў роўнай ступені да дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў. Ад такой практыкі пара не сыходзіць, а ўцякаць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.


10.54. Унутраны патэнцыял дазваляе нашай эканоміцы расці незалежна ад кан'юнктуры цэн

"Наш унутраны патэнцыял дазваляе, каб эканоміка расла незалежна ад таго, колькі каштуе нафта і які яе аб'ём мы перапрацуем, якая кан'юнктура на калій або прадукты харчавання", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў і паслуг павінна быць такой, каб знешнія фактары ўплывалі на развіццё краіны мінімальна, падкрэсліў Прэзідэнт. "Гэта задача - пытанне не аднаго дня, хоць пра яе рашэнні мы кажам ужо з дзясятак гадоў. Патрэбны вынік, - патрабуе кіраўнік дзяржавы. - Сярэднетэрміновая мэтавая ўстаноўка даведзена да ўсіх. Нават у сродках масавай інфармацыі, хто хацеў, пра гэта ўжо выказаўся. Яна застанецца нязменнай - дасягненне да канца наступнай пяцігодкі ВУП не менш як $100 млрд".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што для такога рыўка неабходныя маштабныя рашэння. "Апераджальны рост - сістэмная задача, і кожны павінен бачыць сябе ў яе забеспячэнні. Для гэтага стратэгічныя крокі патрэбныя ва ўсіх сферах: інвестыцыйнай, падатковай, фінансавай, у галінах рэальнага сектара, у сферы паслуг, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Таксама звяртаюся да праваахоўнага блоку, судовай улады - вы павінны забяспечваць вяршэнства закона, але без шкоды эканамічнаму росту".


10.53. Негатыўныя тэндэнцыі апошніх гадоў у Беларусі пераадолены

"Шчыра кажучы, год назад мы былі настроены на больш сціплыя вынікі, чым атрымалі. Эфектыўнасць, з якой працавала краіна, і карпатлівая праца беларускага народа далі станоўчы вынік. Сумеснымі намаганнямі негатыўныя тэндэнцыі апошніх гадоў мы, быццам бы, пераадолелі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі, канстатаваў Прэзідэнт, нізкі ўзровень інфляцыі, аднаўляюцца аб'ёмы экспарту, паляпшаецца структура плацежнага балансу. "Грошай столькі, колькі мы зарабляем, і для вырашэння праблем друкаваны станок не ўключаем, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Бюджэтныя сродкі выдаткоўваюцца толькі па мэтавым праграмам і пад канкрэтныя задачы - гэта дазваляе мець узважаную курсавую палітыку. Па росце валавога ўнутранага прадукту выходзім з двухгадовай рэцэсіі".


10.49. Бяспека краіны - у адзінстве народа, моцнай унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што ў свеце зноў робіцца стаўка на сілу, у тым ліку і ваенную, як спосаб забеспячэння і прасоўвання сваіх інтарэсаў. "Гучаць галасы аб вяртанні халоднай вайны, нават больш - ледзяной. Гэта выбуханебяспечная сітуацыя. Яна з усёй відавочнасцю дэманструе, наколькі крохкім можа быць мір", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перад абліччам пагрозы цьмянеюць любыя дасягненні цывілізацыі, любыя матэрыяльныя даброты і амбіцыйныя асабістыя поспехі. "Таму разумеем: наша бяспека - у адзінстве народа, у моцнай унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы", - заявіў Прэзідэнт.


10.46. "Чалавецтва, на жаль, знаходзіцца на раздарожжы. Мы ўступілі ў эпоху нявызначанасці, непрадказальнасці і працяглай нестабільнасці. На планеце больш няма месца, дзе можна схавацца, адгарадзіцца і безудзельна назіраць за тым, што адбываецца. Бяспека стала пэўнай з'явай. Сёння асабліва востра адчуваецца, як лёгка яе страціць і якіх неймаверных намаганняў каштуе яе захаваць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Абвастраецца барацьба за месца ў сусветнай іерархіі. Стратэгічнае саперніцтва, канкурэнцыя паміж дзяржавамі сталі звычайнымі з'явамі. Усё гэта суправаджаецца ростам напружанасці і канфрантацыі, якія пачынаюць ужо проста зашкальваць".

"Мы бачым жорсткае лабіраванне, часам насаджэнне ўласнай эканамічнай і палітычнай выгады, непрыкрытую варожасць да апанентаў. Нацыянальны эгаізм, пагарджанне інтарэсамі сваіх партнёраў і нават саюзнікаў, эгацэнтрызм, парушэнне міжнародных норм становяцца неад'емнай часткай палітыкі вядучых сусветных ігракоў", - канстатаваў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, планету захліснулі гандлёвыя войны. "Злучаныя Штаты, кіруючыся жорсткім пратэкцыянізмам, змагаюцца з Кітаем. Адначасова разгарнулася маштабная санкцыйная вайна супраць Расіі. Дайшлі да таго, што па парадзе з-за акіяна Еўрасаюз абмяжоўвае ўласныя кампаніі, якія працуюць на нафтавым рынку з нашай усходняй суседкай, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Ды і ў нас далёка за прыкладамі хадзіць не трэба - вазьміце хаця б "малочныя" і "мясныя" баталіі, "цукровыя", якія праводзіць наш бліжэйшы партнёр, блакіруючы доступ натуральным беларускім прадуктам на свой рынак".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што фактычна ламаецца сусветная сістэма гандлю. У гэтых абставінах асабліва актуальны міралюбівая, збалансаваная знешняя палітыка ўсіх дзяржаў, якой прытрымліваецца і Беларусь, а таксама ініцыятывы краіны: пашырэнне ідэй сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе, партнёрства розных інтэграцыйных аб'яднанняў, абнаўленне агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі, супрацоўніцтва. "Для нашых саюзнікаў Беларусь з яе грамадска-палітычнай згодай, міжканфесійным мірам і беспраблемнай для суседзяў і іншых дзяржаў палітыкай уяўляе сабой асаблівую каштоўнасць", - упэўнены Прэзідэнт.

Ён заўважыў, што ўтрымліваць раўнавагу ўнутры краіны, калі ў многіх рэгіёнах свету неспакойна, цяпер асабліва важна. "Мы бачым, як лёгка нагнятаюць паніку і істэрыю растыражаваныя ў сетках і на інфармацыйных парталах паведамленні правакацыйнага характару. Менавіта так у дваццаць першым стагоддзі пачынаюцца рэвалюцыі ў іх "каляровай" версіі, якія сумна заканчваюцца для саміх жа ўдзельнікаў. Тым, хто разважае сёння на тэму: ці патрэбна нам армія, ці неабходна міліцыя, - раю з'ездзіць у краіны, якія зведалі "арабскую вясну", або нават у сэрца Еўропы, накрытае міграцыйнай хваляй. Пагутарыць там са звычайнымі людзьмі і даведацца, ці адчуваюць яны сябе дома абароненымі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па матэрыялах БЕЛТАtvr.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».