Вы тут

Колькі вадкасці нам патрэбна


Мала хто ведае, што ў знакамітага выслоўя Іn vіno verіtas (ісціна ў віне) ёсць працяг іn aqua sanіtas (здароўе ў вадзе). У якіх выпадках вада дапамагае, а ў якіх перашкаджае падтрымліваць здароўе на плаве?


Рэкамендацыя пра восем шклянак вады ў дзень качуе з аднаго глянцавага часопісу ў другі ўжо шмат гадоў. Але з тых, хто падпісваецца пад такой парадай, ніхто, здаецца, не ведае, адкуль яна ўвогуле ўзялася. А даў яе ажно ў 1945 годзе Даследчы савет пры нацыянальнай Акадэміі навук ЗША. Вось толькі савет напісаў, што гэта «прымальнае штодзённае ўжыванне вады для большасці дарослых». Мелася на ўвазе, што ў гэтыя два літры ўваходзяць супы, гарбата, кава, сокі, садавіна і гародніна — увогуле ўсё тое, што чалавек з'ядае і выпівае за дзень.

Але нехта падлічыў, што два літры — гэта восем шклянак, і перакруціў прафесійную параду. А калі ж выпіваць восем шклянак вады ў дзень, акрамя ежы і іншых напояў, то будзеш атрымліваць удвая больш вадкасці, чым раілі амерыканскія даследчыкі.

Колькі ж насамрэч трэба піць, каб арганізму не стварыць навадненне і не замучыць яго засухай? У нашым целе шмат вадкасці: напрыклад, косці на 1/5 складаюцца з вады, а мозг — на 72 %. Але ўсё роўна восем шклянак — гэта перабор. З захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы і нырак вялікая колькасць ужытай вадкасці можа прывесці да ацёку лёгкіх і нырачнай недастатковасці.

Але не піць, чакаючы, пакуль перасохне ў роце, таксама не трэба. Калі перасохлі вусны і чэшуцца вочы, арганізм абязводжаны. Гэта значыць, што цела страціла больш за 2 % вадкасці і пачаў мяняцца салявы баланс крыві, на што рэагуе наш мозг. Рэцэптары пры змяненні ўзроўню солі б'юць трывогу, і арганізм уключае энергазберагальны рэжым: змяншаецца потавыдзяленне, слінавыдзяленне і мочаспусканне. Але дастаткова зрабіць глыток, і рэцэптары адключаюцца.

Вядома, што не ўсе напоі наталяюць смагу. Кава, гарбата, газіраваныя напоі выводзяць вадкасць з арганізма, узмацняючы жаданне папіць. А вось у наталенні смагі тэмпература вады не адыгрывае ніякай ролі, хоць і здаецца, што халодная вада з гэтым спраўляецца лепш. Не дапамагае ледзяная вада і ахвотным пахудзець: на яе саграванне арганізм расходуе ўсяго з дзясятак калорый, якія на нашай вазе ніяк не адбіваюцца. А вось калі тлустую ежу запіваць ледзяной вадой, у страўніку гэты тлушч не ператраўляецца, а прасоўваецца ў кішэчнік, выклікаючы яго расстройства. У гэты час мозг не атрымлівае сігналу, што чалавек насыціўся, і ён працягвае есці і есці. На гэтым, дарэчы, і трымаюцца ўсе фаст-фуды — калі ў камбінаваных абедах па выгаднай цане змяшчаюцца толькі напоі з ільдом.

Якую ваду лепш піць: кіпячоную, пакупную ці фільтраваную? Самы эканамічны варыянт — кіпячэнне: мікробы паміраюць, хлор выпарваецца, лішнія солі асядаюць на дне чайніка. Але калі соляў у вадзе і так няшмат, то налягаць на кіпячоную ваду нельга. А купляць ваду бессэнсоўна, калі дома стаіць фільтр. Толькі калі гэта не фільтр з сістэмай зваротнага осмасу — яны робяць ваду амаль дыстыляванай, гэта значыць пазбаўляюць яе любых прымесяў. А такая вада з'яўляецца найлепшым растваральнікам і, згодна з даследаваннямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, вымывае кальцый і солі з арганізма, прыводзячы да праблем з суставамі, сэрцам, абвастрэння язвы, малакроўя.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Здароўе — у вадзе

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.