Вы тут

Востры, абструктыўны ці хранічны


Нясцерпны балючы кашаль, які быццам бы разрывае цябе знутры, — вось галоўны сімптом запалення слізістай бронхаў, ці папросту бранхіту. Яго несвоечасовае лячэнне можа перавесці востры працэс у хранічны. А ад хранічнага бранхіту да астмы рукой падаць. Вось чаму так важна своечасова і правільна яго лячыць. Як гэта рабіць, расказала загадчык 2-га тэрапеўтычнага аддзялення 31-й гарадской паліклінікі г. Мінска Наталля ФІЛОНАВА.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

— Наталля Вячаславаўна, здаецца, што асаблівасцю сёлетняга халоднага сезона была інфекцыя, якая выклікала ў тым ліку і бранхіт з кашлем, які доўга не праходзіў...

— Так, была ўспышка такой інфекцыі. Яна не выключна вірусная, а наслойвалася на бактэрыяльную. І часта хваробу суправаджаў бранхіт з характэрным болем за грудзінай, прыступападобным кашлем, макротай, якая цяжка адыходзіла, высокай тэмпературай. Як вядома, вірусная і бактэрыяльная інфекцыі лечацца па-рознаму: для першай прызначаюцца супрацьвірусныя прэпараты, для другой — антыбіётыкі. Таму з гэтай інфекцыяй даводзілася прызначаць і супрацьвірусныя прэпараты, і антыбіётыкі. Сапраўды было шмат бранхітаў з зацяжным кашлем, хворыя месяцамі не маглі ад яго пазбавіцца.

— Што рабіць, калі кашаль не праходзіць на працягу месяца-двух?

— Адразу, як толькі захварэлі, трэба звяртацца да тэрапеўта, які прызначыць лячэнне, у тым ліку курс антыбіётыкаў, адхарквальныя сродкі. Таксама дадаецца фізіятэрапеўтычнае лячэнне: ёдныя, шчолачныя інгаляцыі, УВЧ-тэрапія на бронхі. Калі гэта не дапамагло, прызначаецца другі курс антыбіётыкаў. Калі і ён аказваецца неэфектыўны, прызначаецца ін'екцыйны курс антыбіётыкаў. Пацыента накіроўваем на спіраграму, якая даследуе функцыю знешняга дыхання, правярае праходнасць бронхаў. У зацяжных выпадках, калі тэрапеўт на амбулаторным этапе справіцца не можа, накіроўваем хворага на кансультацыю да вузкага спецыяліста — пульманолага. Але часцей за ўсё тэрапеўту ўдаецца справіцца са складанай сітуацыяй.

— Ці можна пазбегнуць бранхіту?

— Хвароба, як правіла, пачынаецца з пяршэння, болю ў горле ў першыя дні. Таму горла трэба паласкаць кожныя 3—4 гадзіны, каб інфекцыя не апусцілася ніжэй, у бронхі. Сухі кашаль — гэта прыкмета трахеіту, калі ён павільгатнеў — інфекцыя апусцілася ў бронхі. Таму з першага дня, калі не з першых гадзін недамагання трэба прымаць супрацьвірусныя прэпараты. Калі ж першапачаткова хвароба пачалася з кашлю, у пацыента жорсткае дыханне, праслухоўваюцца хрыпы ў лёгкіх, то мы адразу прызначаем антыбіётыкі без супрацьвіруснага лячэння.

— Што такое абструктыўны бранхіт?

— Абструктыўны бранхіт — гэта закаркоўка, спазм бронхаў, калі слізь, макрота не можа выйсці наверх і накопліваецца ў бронхах. Хворы адчувае боль за грудзінай, недахоп паветра, у яго цяжкае, са свістам дыханне, макрота не адыходзіць. Тут крыху іншы падыход да лячэння: прызначаюцца прэпараты, якія дапамагаюць зняць спазм бронхаў, разрэдзіць макроту і вывесці яе з арганізма.

— Напэўна, у такіх выпадках асабліва небяспечна займацца самалячэннем і звяртацца ў аптэку, каб выдалі «што-небудзь ад кашлю»...

— Так, бо ёсць прэпараты, якія разрэджваюць макроту, а ёсць тыя, якія падаўляюць кашлевы сіндром. І тут патрэбныя менавіта першыя. Лекі, што прыгнятаюць кашлевы цэнтр галаўнога мозга, могуць выклікаць невялікае імгненнае аблягчэнне, але запаленчы працэс у бронхах застанецца і павялічыцца. А пры бранхіце вельмі важна, каб макрота адыходзіла і не накоплівалася. Яе застой, асабліва ў людзей з хранічным бранхітам, пагражае развіццём хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх, або могуць развівацца абсцэсы, запаленчыя мяшэчкі ў бронхах.

— Якія памылкі звычайна робяць пацыенты з бранхітам?

— Несвоечасовы пачатак лячэння — асноўная прычына бранхіту. Некаторыя пацыенты прыходзяць на прыём пасля таго, як імкнуліся справіцца з захворваннем самастойна, прычым дастаткова доўгі час, — на працягу дзён дзесяці. У выніку яно толькі ўзмацнілася. Яшчэ адна памылка — ігнараваць рэкамендацыі ўрача. Здараецца, што з трахеітам прызначаем антыбіётыкі, але пацыент вырашае пачакаць, калі «пройдзе само». І наступны раз звяртаецца ў яшчэ горшым стане — з квітнеючым бранхітам. Увогуле ж важна не дапускаць пераахаладжэнняў, яны спрыяюць развіццю бранхіту. Часта на бранхіты пакутуюць людзі, якія працуюць у халодных умовах — у вытворчых цэхах з нізкай тэмпературай.

— Востры бранхіт можа перайсці ў хранічны?

— Можа, але дыягназ «хранічны бранхіт» не ставіцца адразу. Пацыент як мінімум тры разы на год павінен звяртацца з абвастрэннем вострага бранхіту. Тады ёсць падставы паставіць дыягназ «хранічны бранхіт». Ён узнікае ў тым ліку і ў шкодных умовах працы, абвастрае сітуацыю курэнне, халоднае надвор'е, перыядычныя пераахаладжэнні. Калі гэтыя фактары накладваюцца на аслаблены імунітэт, цалкам верагодна атрымаць хранічны бранхіт. Але ўсё ж найчасцей востры бранхіт пацыент паспяхова вылечвае і забывае пра яго.

— Як бранхіт адрозніць ад бранхіяльнай астмы?

— Па спіраграме. І дыягназ «бранхіяльная астма» ставіць пульманолаг. Але адрозненні ёсць і ў клінічнай карціне. У астматыкаў прысутнічае астматычны кампанент: раптоўна з'яўляецца пачуццё недахопу паветра, па начах яны могуць спаць толькі з прыўзнятым узгалоўем. Ёсць у іх яшчэ адна асаблівасць — дыстанцыйныя хрыпы, якія чуюцца на адлегласці, у той час як у хворага на бранхіт яны выслухоўваюцца толькі праз фанендаскоп.

— Ці ёсць народныя сродкі, травы, якія дапамагаюць справіцца з бранхітам?

— Можна двойчы на дзень прымаць грудны збор «Пульмаран», гэта добры дадатак да асноўнага лячэння. Таксама можна заварваць чабор, зверабой. А ўвогуле ў грудным зборы «Пульмаран» утрымліваецца ўсе неабходныя кампаненты. Інгаляцыі з дыяксідзінам добра разрэджваюць макроту, часта прызначаюцца яшчэ ёдныя ці шчолачныя інгаляцыі. З абструктыўным бранхітам прызначаем інгаляцыі з берадуалам.

Пытанне ў тэму

Што больш інфарматыўна для выяўлення хвароб органаў грудной клеткі: флюараграфія або рэнтген лёгкіх? І якая працэдура менш шкодная для арганізма? Таццяна Аляксееўна, г. Кобрын.

— Больш інфарматыўным, безумоўна, з'яўляецца рэнтген. Але і прамянёвая нагрузка на арганізм падчас гэтага даследавання большая. Першапачаткова пераважную большасць пацыентаў накіроўваюць на флюараграфію. Там выяўляюцца і бранхіты, у тым ліку прыкметы хранічнага запалення, і пнеўманіі, і туберкулёз, і нават анказахворванні. Прычым з бранхітамі і пнеўманіямі робіцца не толькі прамая праекцыя, але і бакавая. У выпадку зацяжной хваробы ці хранічнага бранхіту пацыента накіроўваюць на рэнтген.

Многія просяць накіраваць на такі від даследавання, як камп'ютарная тамаграфія (КТ). Але мала хто ведае, што КТ органаў грудной клеткі роўная па дозе апраменьвання пяцідзесяці флюараграфіям. Для магніта-рэзананснай тамаграфіі (МРТ) таксама ёсць шэраг супрацьпаказанняў. Важна памятаць, што ўсе гэтыя даследаванні нясуць пэўную нагрузку на арганізм і самастойна прызначаць іх сабе не варта, а праходзіць трэба толькі па рэкамендацыі ўрача-тэрапеўта ці вузкага спецыяліста.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.