Вы тут

У Нясвіжы за экалогію змагаюцца рублём


У старым парку Радзівілаў шпакі даюць канцэрт. Тут ім утульна жывецца. «Домікі для птушак дзеці майструюць кожны год. Яны з задавальненнем удзельнічаюць у конкурсе на найлепшую шпакоўню «Сустракаем птушыных сяброў». Бачыце — кожная з іх непаўторная, ёсць нават у выглядзе жолуда», — расказвае начальнік Нясвіжскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый ГРЫНКЕВІЧ.


— Работа з дзецьмі — адзін з нашых прыярытэтаў. Сёння можна з упэўненасцю казаць, што ў раёне створана сістэма па экалагічным выхаванні, — працягвае размову Юрый Іванавіч. — Першага чэрвеня ўжо у 16-ы раз мы правядзём раённы экалагічны форум. Гэта не разавае мерапрыемства, а падвядзенне вынікаў працы за год. Дзеці, якія прымалі актыўны ўдзел у самых розных экалагічных праектах, атрымаюць падзякі і падарункі. Зразумела, што гэта наша сумесная праца з раённым аддзелам адукацыі і пры падтрымцы райвыканкама. Мы выхоўваем ужо другое пакаленне людзей з экалагічна дружалюбнымі паводзінамі. Навучэнцы, якія атрымалі падарункі на нашым першым форуме, ужо самі бацькі, і цяпер іх дзеці атрымліваюць узнагароды, а сярод нашых юных актывістаў ёсць нават выхаванцы дзіцячых садкоў.

— Нясвіж заўсёды быў прыгожым, утульным горадам. Пэўна, менталітэт у нясвіжцаў такі — чыста там, дзе не смецяць...

— Так, людзі любяць свой горад і не шкадуюць сіл на яго добраўпарадкаванне. Правялі раённы суботнік, папрацавалі і на рэспубліканскім. Але скажу так: чыста яшчэ і там, дзе створаны для гэтага ўмовы. Пакуль што толькі для цэнтральных, так бы мовіць, турыстычных вуліц закупілі сучасныя кантэйнеры для смецця. Таксама жыхары гэтых вуліц атрымалі па тры спецыяльныя пакеты, у якія яны складваюць макулатуру, пластык і шкло. Калі пакеты запоўнены, людзі тэлефануюць і замаўляюць машыну. Вядзецца ўлік, і ў выніку чалавек атрымлівае зніжку па аплаце камунальных паслуг у памеры кошту здадзеных ім другасных матэрыяльных рэсурсаў. У кожнай вёсцы раёна таксама наладжаны раздзельны збор і планавы вываз смецця. А за здачу другасных матэрыяльных рэсурсаў вясковыя жыхары атрымліваюць кампенсацыю: сыравіну збіраюць кіроўцы, у якіх ёсць вагі, наяўныя грошы. Я лічу, што гэта добрая практыка.

— Пачынаецца дачны сезон. Юрый Іванавіч, ці шмат праблем ствараюць дачнікі? Некаторыя з іх выкідаюць у тым ліку буйнагабарытнае смецце і ў полі, і ў лесе...

— Дачных таварыстваў у нас усяго 12, з іх перарэгістраваны восем. Таварыствы невялікія, з імі асаблівых праблем няма. Іншая справа, што ў вёсках шмат дамоў гараджане атрымалі ў спадчыну ці набылі пад лецішчы. Вось тут мы павінны дайсці да кожнага і пераканаць заключыць дамову на вываз смецця на дачны сезон. Калі чалавек плаціць, то і карыстаецца паслугай. Са сметнікамі ў лесе змагаемся разам з лясніцтвам. Дамовіліся так: калі я ўбачу сметнік у лесе — штрафуем леснікоў; калі яны знайшлі, хто выкінуў смецце, запрашаем чалавека ў інспекцыю, тлумачым, што ён парушыў, і прапануем два варыянты: максімальны штраф для фізічных асоб — 20 базавых велічынь або мінімальны (1 БВ) і ачыстка дзялянкі лесу. Пагалоска пра гэтыя меры хутка пайшла па раёне, і колькасць сметнікаў у лясах зменшылася. Шчыра кажучы, выпісаць штраф — невялікая навука, а вось стварыць умовы, каб быў належны парадак, складаней.

Фота Аксаны ГРОХ.

— Вы ўжо 20 гадоў працуеце ў інспекцыі. Якія змены ў адносінах людзей да прыроды заўважылі?

— На самым пачатку даводзілася сутыкацца і з тым, што, напрыклад, старшыня калгаса рабіў нешта пад прымусам — маўляў, экалогія патрабуе. Цяпер іншы падыход, з'явілася разуменне, што мы не апошнія на гэтай зямлі, за намі — дзеці ды ўнукі. У раёне шмат зроблена і робіцца, каб не шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Зразумела, добра, што раён паспяховы, прадпрыемствы маюць сродкі і жаданне набываць сучаснае абсталяванне. Так, напрыклад, пабудаваны завод дзіцячага харчавання. Там аўтаматычная сістэма кантролю ачышчальных збудаванняў, і ў выпадку нейкага збою проста спыніцца работа. На буйных прадпрыемствах — АК «Сноў», ТАА «Лань-Нясвіж» — устаноўлены біягазавыя комплексы, дзякуючы якім жывёлагадоўчыя адходы ператвараюцца ў электра- і цеплаэнергію, ды і з фінансавага боку гэта выгадна.

Але ёсць і праблемныя пытанні. У нас добрая пітная вада, дзейнічаюць станцыі абезжалезвання, але як толькі вада трапляе ў старыя трубы, найбольш такіх у сельскай мясцовасці, яе якасць пагаршаецца. Цяпер разам з навукоўцамі займаемся вадаёмамі, каб яны не зацвіталі ў летні перыяд. Гэта даволі складаныя пытанні, якія патрабуюць і вялікіх матэрыяльных выдаткаў. Але я ўпэўнены, што яны будуць вырашаны, бо наша інспекцыя, усе раённыя ўлады і жыхары шмат робяць для таго, каб наш край быў прыгожы, бяспечны і зялёны.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Юрый Грынкевіч: «Мы не апошнія на гэтай зямлі»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.