Вы тут

У Мінску прайшоў ІІ Італа-беларускі форум па «зялёнай эканоміцы»


У сталіцы прайшоў ІІ Італа-беларускі форум па «зялёнай эканоміцы». Каля 200 удзельнікаў, у тым ліку прадстаўнікі амаль паўсотні італьянскіх кампаній, сабраліся разам, каб абмеркаваць новыя праекты. Вынікамі першага форуму, які прайшоў летась, стаў шэраг кантрактаў, а таксама заснаванне праз паўгода беларускага аддзялення асацыяцыі італьянскіх прадпрымальнікаў «Канфіндустрыя».


Сёлета на парадку дня стаялі не менш важныя задачы. Як паведаміў камерцыйны саветнік, намеснік пасла Італіі ў Мінску Паола ТАНІНІ, за мінулы год на трэць павялічыўся італьянскі экспарт у Беларусь, у нашай краіне зарэгістравана больш за сотню прадпрыемстваў з італьянскімі інвестыцыямі. Агульны аб'ём інвестыцый ацэньваецца ў дзясятках мільёнаў еўра. Гаворачы пра асноўную тэму форуму, «зялёную эканоміку», Паола Таніні падкрэсліў: «У Італіі багаты вопыт, якім яна можа падзяліцца з пункту погляду як тэхналогій, так і прадпрымальніцкай дзейнасці ў гэтай галіне. Папярэдні форум меў вялікі поспех».

У панядзелак, дарэчы, «Канфіндустрыя Беларусь» падпісала дамовы аб супрацоўніцтве з дзвюма свабоднымі эканамічнымі зонамі «Гомель-Ратон» і «Брэст». Яны прадугледжваюць спрашчэнне пэўных умоў заснавання прадпрыемства на тэрыторыі СЭЗ і будуць спрыяць развіццю бізнесу. На думку камерцыйнага саветніка, Беларусь займае добрае стратэгічнае становішча дзякуючы сваёй інтэграцыі ў ЕАЭС і станоўчым адносінам з Еўрасаюзам. Наконт беларуска-італьянскага ўзаемадзеяння намеснік пасла лічыць, што ў абодвух бакоў ёсць усе падставы для развіцця сумеснага канкурэнтаздольнага бізнесу, у тым ліку ў «зялёнай эканоміцы», энергетыцы і сельскай гаспадарцы. Гаворачы пра экалагічны бок, у прывітальным слове спікер нагадаў пра Парыжскае пагадненне па клімаце, якое задало кірункі для развіцця.

Начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязяў і эканамічнага развіцця адміністрацыі СЭЗ «Брэст» Аляксей ЛАЧЫМАЎ расказаў, што зараз гэта свабодная эканамічная зона развівае супрацоўніцтва з больш чым 20 краінамі. Італія ў прыярытэце. Для інвестараў з гэтай краіны ў СЭЗ выдзелена каля 26 га зямлі з усёй неабходнай інфраструктурай. На сёння ў «Брэсце» маюцца тры прадпрыемствы з італьянскім капіталам, прычым адно ўжо скончыла будоўлю ўласнага завода.

Старшыня БелГПП Уладзімір УЛАХОВІЧ нагадаў, што некалькі гадоў таму таваразварот паміж Беларуссю і Італіяй быў больш за $2 млрд (па выніках 2017-га — амаль $800 млн). Гэта краіна заўсёды была сярод ключавых партнёраў. Паміж краінамі існуе міжурадавая камісія, а БелГПП мае адносіны з рэгіянальнымі гандлёвымі палатамі Італіі. Дарэчы, у чэрвені адбудзецца першае пасяджэнне беларуска-італьянскага дзелавога савета ў Рыме.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Зялёны колер для італьянскага бізнесу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».