Вы тут

Які век адмераны мінскім водакалонкам?


У дзяцінстве калонка, размешчаная непадалёк ад бабулінага прыватнага дома, здавалася сапраўдным цудам. Гэта ж цэлая прыгода: можна набраць вядро вады за лічаныя імгненні, памыць побач машыну, у спякотнае надвор'е ўмыцца самому і нават папіць проста з краніка ледзяной вады... А што можа быць весялей, чым апырскаць адно аднаго і прыйсці дадому абсалютна мокрымі, але шчаслівымі? У дарослым жыцці водаразборная калонка ўжо не бачыцца сімвалам весялосці і бесклапотнасці. Клопатаў якраз хоць адбаўляй: адсутнасць водаправода ў доме наўрад ці будзе асацыявацца з прыгодамі, а ўнушальныя рахункі за карыстанне калонкай — дзякуючы тым самым юным веселунам — могуць прымусіць не тое што ўсміхнуцца, а выпусціць скупую слязу. Мы паспрабавалі высветліць, як змагацца з агульным доступам да калонак і ці доўга яшчэ можна будзе бачыць іх на вуліцах Мінска?


Дарэчы, на дзяцей, якія дарма льюць чыстую ваду, хутчэй за ўсё, нагаворваць не варта. Значная частка з іх нават не падазрае, для чаго патрэбныя гэтыя мудрагелістыя ўстаноўкі. Усё ж калонку інакш як прывітаннем з мінулага стагоддзя не назавеш, бо сталічныя дамы, у якіх няма водаправода, вялікая рэдкасць. Ды і тыя наўрад ці належаць руплівым гаспадарам — часцей за ўсё не ў самых камфортных умовах жывуць праблемныя сем'і і адзінокія пажылыя людзі, у якіх не застаецца ні сіл, ні сродкаў, каб змяніць сітуацыю. Яшчэ адзін варыянт — тыя мінчане, над якімі ледзь не дзясяткамі гадоў вісела пагроза зносу раёна, вось і не праводзілі ў дом камунікацыі. Зараз горад пачаў больш выразна адказваць на пытанні пра планы па зносе. Ды ўвогуле Мінск паступова адыходзіць ад старой прыватнай забудовы, асабліва бліжэй да цэнтра. Але яшчэ многія вулачкі навяваюць думкі не пра велічную сталіцу, а пра зусім іншыя мясціны. Якраз туды, пакуль ёсць такая магчымасць, мы і адправіліся.

Нягледзячы на тое, што адлік часу да заканчэння існавання многіх дамоў у Сельгаспасёлку ідзе на месяцы, атмасфера тут спакойная: то тут, то там, дзе не вельмі высокія агароджы, відаць, як людзі наводзяць у сябе ў дварах парадак пасля зімы. Праўда, пагутарыць згаджаюцца далёка не ўсе. А хто і гатовы, нічога добрага на гэту тэму сказаць не можа. «З маіх суседзяў толькі Іванавіч ваду ў калонцы набірае. Дык, у яго ні кацяняці, ні дзіцяці, а толькі напаўразбураны дом бацькоўскі. Усе грошы спускае на адно, — робіць характэрны жэст Таццяна Пятроўна, якую мы сустракаем па дарозе з крамы. — Ды ён асабліва не пакутуе: ні памыцца, ні прыбрацца, ні бялізну перамыць — нічога не трэба. А я нават думаць не хачу, як бы я без водаправода спраўлялася. У юнацтве па два велізарныя вядры з калодзежа прыносіла, цяпер мне гэта не пад сілу».

Дзеля цікавасці вырашаем падысці да нашай галоўнай «гераіні» — калонкі. Праўда, скарыстацца ёй дакладна не атрымаецца: няма неабходнай ручкі. Дарэчы, як адзначаюць на прадпрыемстве «Вадазбыт» (УП «Мінскводаканал»), менавіта водаразборныя ручкі — самы дзейсны спосаб пачаць выкарыстоўваць калонкі рацыянальна. Спецыяльныя ручкі выдаюць толькі жыхарам навакольных дамоў, якім пітная вада неабходная для побыту. Але, як аказалася, народныя «ўмельцы» без асаблівых цяжкасцяў могуць вырабіць патрэбны рычаг. І ўсё ж такі для гэтага трэба пастарацца, а таму любы сустрэчны не стане праліваць ваду дарэмна. Наогул, галоўная праблема не ў тым, што адкрыць калонку можа кожны, а ў тым, як ён гэтую ваду будзе выкарыстоўваць. Папіць — калі ласка, а вось мыць машыну ці паліваць агарод пітной вадой — усё ж недазваляльная раскоша.

На пачатак гэтага года ў Мінску налічвалася 620 калонак. Пры гэтым за апошнія пяць гадоў іх колькасць зменшылася амаль у два разы. Прынцып, па якім калонку дэмантуюць або адключаюць, просты: у радыусе 100 метраў ад яе не павінна застацца дамоў без водаправода. Але нават калі гэта ўмова выканана, дэмантаваць калонку адразу ж ніхто не будзе. Для пачатку яе адключаць на тры месяцы, каб праверыць, ці не будзе скаргаў ад мясцовых жыхароў. Так што аб тым, што калонкі знікнуць бясследна ў найбліжэйшы час, гаворка пакуль не ідзе. Усё ж падключэнне водаправода — справа добраахвотная. І многія людзі, у якіх яго няма, не занадта з-за гэтага пакутуюць: маўляў, што тут складанага? Прынесці вядро вады — мінімальная зарадка. Зараз у сталіцы адкрыта каля 1800 асабовых рахункаў на карыстанне водакалонкамі.

Дарэчы, спецыяльныя здымныя ручкі — не адзіны спосаб блакавання калонкі. Некаторыя па-старому навешваюць на яе замок, іншыя — карыстаюцца адпаведнай электроннай картай. (Праўда, у Беларусі гэтую тэхналогію не выкарыстоўваюць, калі цікава паглядзець, як яна працуе, трэба ехаць у Расію, напрыклад у Іркуцк або Волагду.)

Па вуліцах Сельгаспасёлка мы гулялі каля дзвюх гадзін. І ці то нам не пашанцавала, ці то так сітуацыя склалася — нам не трапіўся ні адзін чалавек, які набіраў бы ваду з калонкі. Так і стаяць яны самотна, моўчкі нагадваючы аб эпохах, якія незваротна сыходзяць...

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: На сваёй хвалі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».