Вы тут

Рэпартаж з вёскі Катылы Пружанскага раёна


Уся ўлада ў Катылах зараз у вясны. Аблітыя белым квеценем слівы і вішні, здаецца, ніколечкі не горшыя за знакамітую японскую сакуру. Заліваюцца вясновым спевам птушкі. І толькі звычайных вясковых гукаў для гэтай пары малавата. Не чуваць галасоў свойскай жывёлы. У гэтай вёсачцы, што захавалася паміж лясамі, засталося пяць сталых жыхароў. Іншыя падцягнуцца ў пару летніх водпускаў ды канікул.


Жаночая гісторыя

Гаспадары аднаго з утульных дагледжаных дамоў завіхаліся на агародзе. Вера Данілаўна і Аляксандр Мікалаевіч аказаліся рады пагаварыць. Не так часта ў іх бываюць госці, толькі дзеці па выхадных прыязджаюць. Вера Катыла — цёзка па прозвішчы сваёй вёскі — не карэнная жыхарка, яна прыйшла ў дом да мужа пасля вяселля ў 1961 годзе. «Была вялікая вёска, — згадвае жанчына, — свая брыгада калгасная, ферма побач, многія там працавалі. А ў кожнага на падворак вечарам з пашы вярталася па дзве-тры каровы, свіней гадавалі, птаства. Людзі руплівыя, стараліся капейку з падсобнай гаспадаркі мець».

— Мы з мужам таксама працавалі ў калгасе, сваю добрую гаспадарку мелі, гадавалі дваіх дзяцей. Так пражылі 17 гадоў, але потым ён трагічна загінуў. Засталася з дзецьмі-школьнікамі і пажылой свякроўю. Дзяцей старалася вывучыць. Хоць мне некаторыя раілі не адпускаць у горад, маўляў, гаспадарка ўласная пойдзе пад адхон. Я не слухала, разважала па-свойму, бо сваю маці некалі паслухала — засталася без спецыяльнасці. Сына пасля васьмі класаў адправіла ў Пружаны ў тэхнікум, потым такім жа чынам вывучыла дачку. Думаю, што дзеці мне цяпер удзячныя. Яны заўсёды мелі добрую работу, карыстаюцца павагай у калектывах, не лайдакі, адным словам. Атрыманыя спецыяльнасці дапамаглі тую працу займець, — працягвае наша гераіня. — А да мяне ўвесь час сваталіся мужчыны з наваколля. Але кожны хацеў забраць да сябе, адзін нават з Камянца прыязджаў. Ды я разважала так: нікуды не пайду са свайго дому. Калі жыццё новае сямейнае не складзецца, хто ты там? А ў сваёй хаце я заўсёды гаспадыня, нават калі прымак прыйдзе. Так і казала кожнаму патэнцыйнаму кавалеру. Пасля чаго ў іх энтузіязму ўбаўлялася і яны з'язджалі.

Прайшло некалькі гадоў, пахавала Вера Данілаўна свякроўку, дзеці падраслі... Неяк да суседкі прыехаў капаць бульбу далёкі сваяк з Віцебскай вобласці. Па-суседску і пазнаёміліся. Адным словам, застаўся ён тут... Так яны з Аляксандрам Мікалаевічам ужо 36 гадоў разам. Ён уладкаваўся на работу трактарыстам, працаваў шмат гадоў ў калгасе, тут і на пенсію выйшаў.

— О, як выйшаў на пенсію, я нібы замуж выйшла...

— А што, хіба было дрэнна, калі працаваў? — перапыняю аповед маёй суразмоўніцы.

— Ведаеце, што такое трактарыст на вёсцы? Гэта вечныя просьбы аб дапамозе. Таму заараць, гэтаму забаранаваць, бульбу пасадзіць, выкапаць. Усе разлічваюцца бутэлькай. Калі не самога клічуць, то сябрукоў, а яны дзеляцца адзін з адным. Гэтыя яго таварышы, ахвотнікі да выпіўкі, так мне ўеліся ў косці, каб вы ведалі. І я не змоўчвала, задавала часам перцу свайму чалавеку. Карацей, усякага было, а як на пенсію выйшаў — мір і спакой у доме ўсталяваліся. Разам па хатняй гаспадарцы ўпраўляемся, разам агарод даглядаем, — паказвае на свае градкі гаспадыня. — Людзей у нас, бачыце, амаль не засталося. Летам дачнікі прыязджаюць.

Выпадковы сусед

Некалькі гадоў назад па суседстве купілі дом. Аказалася, жанчына з горада хацела такім чынам уратаваць сына ад наркатычнай і алкагольнай залежнасці. Тут ужо гаспадар расказвае:

— І першапачаткова, здавалася, за розум узяўся. В'етнамскіх свінак пачаў разводзіць, працаваў ад зары да зары. Харошы хлопец, добрая душа. Мог і суседзям дапамагчы, толькі папрасі. Але нядоўга пратрымаўся. Як зап'е, тыя свінні пішчаць галодныя. Мы іх, бывала, кармілі, бо шкада, жывёліна жывая пакутуе. Потым ён і ў манастыр падаваўся працаваць, і адтуль яго папрасілі. Нічога не выйшла з задумкі маці аб рэабілітацыі на прыродзе і ўласнай гаспадарцы. З'ехаў зноў у горад.

— Вось якое гора для людзей гэтыя п'янка ды наркотыкі, на свае вочы бачылі, не дай бог нікому, — уздыхае Вера Данілаўна.

Скіт і ваколіца

А ў манастыры, які згадалі гаспадары, многім дапамагаюць. Крыху больш за дзесяць гадоў таму жыццё ваколіцы перамянілася. Побач з хутарам Вяжное, літаральна за некалькі кіламетраў ад Катылоў, з'явіўся скіт Свята-Раства-Багародзіцкага жаночага праваслаўнага манастыра, які размяшчаецца ў Брэсцкай крэпасці. Для развіцця манастырскай гаспадаркі спатрэбілася зямля, а ў горадзе, тым больш на тэрыторыі такога аб'екта, надзел атрымаць, зразумела, немагчыма. Таму лагічна, што другая частка манастыра перамясцілася на край Белавежскай пушчы, на хутар, вядомы ў наваколлі крыніцай з гаючай вадой і Свята-Мікалаеўскай царквой, помнікам драўлянага дойлідства ХVІІІ стагоддзя. Тут зараз вядзецца маштабнае будаўніцтва, кажуць, што гэты скіт абяцае стаць самым вялікім у Беларусі. І адметны ён не толькі будоўляй, але і клопатам пра жыхароў акругі.

Вера Данілаўна расказвае, што адну састарэлую жыхарку гэтых мясцін насельніцы скіта дагледзелі да смерці. Старая дажывала свой век у цяпле і чысціні, адчуваючы дабрыню навакольных і пастаянны клопат. Вось і яны аддаюць частку сваіх сотак скіту, а скіт у знак удзячнасці дапамагае і пасадзіць бульбу, і выкапаць. «Цяпер у нас манастыр замест калгаса, — заўважае Аляксандр Мікалаевіч. — Калгас наш былы далучылі да іншага, за дзясяткі кіламетраў, а па-сутнасці выйшла, што скасавалі. Дык вось, манастыр сваім трактарам дапамагае нам бульбу і пасадзіць, і выкапаць».

Ваенная трагедыя

— Добрыя, чулыя сёстры пасяліліся ў скіце, — працягвае Вера Данілаўна. — Неяк распытвалі мяне пра тое, што было ў ваенныя гады. Я не тутэйшая, з суседняга раёна, 1942 года нараджэння... А вось пра гора нашай сям'і ведаю ад свекрыві. У самым пачатку вайны немцы наступалі, нейкая часць праходзіла па дарозе акурат каля нашай хаты. І трэба ж было такому здарыцца, што ў тую хвіліну майму 30-гадоваму свёкру закарцела ўзяць касу ў рукі, хацеў, відаць, сена пакасіць. А косы ў яго былі дагледжаныя, а дзень сонечны. Лязо мільганула-зазіхацела на сонцы, а немец, відаць, прыняў той сонечны зайчык за зброю, можа, за прыцэл, ды выпусціў аўтаматную чаргу. І свёкар, і яго сястра-дзяўчына ўпалі мёртвымі, а сын яго сямігадовы, мой муж, значыць, атрымаў кулю ў нагу. І маёй свекрыві, маладой жанчыне, трэба было дваіх хаваць, а сына ратаваць, везці недзе, шукаць дактароў. Вось такое гэта гора — вайна, дзе загінуць можна выпадкова, як той пясчынцы...

Вера Данілаўна паказвае тое месца, дзе знайшлі сваю смерць маладыя брат з сястрою, гэта літаральна за дзесяць метраў ад сцяны хаты. Крыху воддаль растуць маладыя садовыя дрэўцы, павылазілі шматгадовыя кветкі. «Люблю ў зямлі корпацца, — кажа гаспадыня. — Як толькі вясна наступае, бяруся за грады, а зямля мяне лечыць».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.