Вы тут

Маеш кватэру і не хочаш працаваць?


Рыхтуйся плаціць за «камуналку» па поўнай.

У наступным годзе павялічацца налічэнні за жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП) для іх плацельшчыкаў, калі яны не працуюць і жывуць адны. Па эканамічна абгрунтаваных тарыфах, якія прадугледжваюць 100-працэнтнае пакрыццё кошту затрат на аказанне паслуг ЖКГ, будуць налічваць грошы за гарачую ваду, газ і цяпло.


Плацельшчык беспрацоўны і працуючы

Плаціць па поўным тарыфе будуць працаздольныя грамадзяне, якія не занятыя ў эканоміцы па асабістым жаданні, з'яўляюцца плацельшчыкамі ЖКП і ўнесены ў спісы, зацверджаныя выканкамамі. Такія спісы, мяркуецца, створаць сёлета да 1 снежня. Налічваць павышаную камуналку за гарачую ваду пачнуць з 1 студзеня 2019-га, а за газ (пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў) і ацяпленне — з 1 кастрычніка 2019-га.

— Плацельшчыкамі ЖКП лічацца ўласнік, наймальнік ці арандатар жылога памяшкання, члены арганізацый-забудоўшчыкаў, чалавек, які заключыў дагавор далявога будаўніцтва, або лізінгаатрымальнік, — растлумачыла Жанна ПАПУЧЭЕВА, начальнік аддзела ўпраўлення эканомікі Міністэрства ЖКГ Беларусі.

Калі плацельшчык ЖКП — член сям'і працаздольнага чалавека, які не жадае працаваць, то камуналка будзе налічвацца як звычайна, без прымянення эканамічна абгрунтаваных тарыфаў, дадала яна. Такім чынам, на беспрацоўнага, які жыве ў кватэры, дзе плацельшчыкам з'яўляецца іншы чалавек, павышаныя тарыфы не распаўсюджваюцца.

Калі разам жывуць непрацуючы плацельшчык ЖКП і яшчэ адзін працаздольны беспрацоўны і яны ўнесеныя ў спісы, то на абодвух камуналка будзе налічвацца па поўных тарыфах.

Гігакалорыі падзеляць на колькасць жыльцоў

— Плата за гарачую ваду будзе налічвацца зыходзячы з кошту яе падагрэву. Ён разлічваецца з кошту тарыфу на цеплаэнергію для патрэб ацяплення і колькасці цеплаэнергіі, якая спатрэбілася на падагрэў вады, скарыстанай грамадзянамі, — акрэсліла спецыяліст.

Напрыклад, у жыллі, дзе зарэгістравана тры чалавекі, на падагрэў вады было затрачана 0,6 Гкал, а плацельшчык ЖКП — працаздольны беспрацоўны, які не знаходзіцца на ўліку ў службе занятасці. У такім выпадку колькасць энергіі (0,6 Гкал) дзеляць на колькасць жыльцоў (тры чалавекі). Атрымліваецца, 0,2 Гкал — колькасць энергіі, якая, як лічыцца, пайшла на падагрэў вады, ужытай беспрацоўным. Менавіта на такі аб'ём грошы будуць налічаны ў поўным аб'ёме. На астатнія 0,4 Гкал — па звычайным субсідаваным тарыфе. Плата за ваду ў двухпакаёвай кватэры плошчай 48 м2 з трыма жыхарамі, дзе ўласнік — беспрацоўны, такім чынам, павялічыцца на 5-6 рублёў (калі ваду будуць ужываць у межах устаноўленых нормаў).

Калі непрацуючы ўласнік кватэры жыве ў ёй адзін, то за ўсю гарачую ваду ён заплаціць па поўнай. Калі ў жыллі зарэгістравана тры чалавекі і плацельшчык ЖКП (уласнік) — член сям'і беспрацоўнага, то плата за камуналку будзе налічвацца як звычайна.

Плата за цяпло і газ з лічыльнікам і без

— Расход энергіі на ацяпленне залежыць ад плошчы жылля. І налічэнне платы за цеплазабеспячэнне ў памяшканні, якое абсталявана індывідуальным газавым ацяпляльным прыборам і дзе не ўстаноўлены прыбор уліку расходу газу, будзе рабіцца зыходзячы з колькасці газу, які быў выкарыстаны на ацяпленне памяшкання, што прыходзіцца на долю чалавека, які не працуе, — растлумачыла прадстаўніца Мінжылкамгаса.

Напрыклад, на ацяпленне двухпакаёўкі ў 48 м2 з трыма зарэгістраванымі, дзе плацельшчык — беспрацоўны, зрасходавана 1,2 Гкал. Пры налічэнні платы за ацяпленне колькасць энергіі (1,2 Гкал) падзеляць на колькасць жыльцоў (тры чалавекі). Атрымліваецца 0,4 Гкал на чалавека. Такім чынам, плату па поўным тарыфе налічаць за 0,4 Гкал, а на астатнія 0,8 Гкал — па звычайным. Кошт за ацяпленне такой кватэры ў гэтым выпадку падымецца на 15 рублёў, а калі беспрацоўны ўласнік жыве адзін, то — прыкладна на 60.

Калі памяшканне абсталявана газавым ацяпляльным прыборам і прыборам уліку расходу газу, то плату за ўжыты рэсурс налічаць зыходзячы з паказчыкаў лічыльніка. Гэтыя лічбы падзеляць на колькасць зарэгістраваных. Аб'ём, што прыйдзецца на беспрацоўнага, неабходна будзе аплачваць па эканамічна абгрунтаваным тарыфе.

Напрыклад, на абагрэў такога памяшкання, дзе зарэгістравана трое, зрасходавана 150 м3 газу. Гэтую колькасць (150 м3) падзеляць на жыхароў (тры чалавекі). Атрыманыя 50 м3 на чалавека для беспрацоўнага аплачваюцца на 100 %, астатнія 100 кубаметраў — па звычайным тарыфе. Уласнік, які не працуе і пражывае адзін, заплаціць па поўнай за ўсе 150 кубаметраў.

У кватэры з трыма жыхарамі, дзе плацельшчык ЖКП не працуе і не знаходзіцца на ўліку ў службе занятасці, аплата за газ павялічыцца прыкладна на 15—16 рублёў. У кватэры, дзе ўласнік не працуе і жыве адзін, кошт за газ падымецца амаль на 40 рублёў.

— У кожнага грамадзяніна, які сёння не заняты ў эканоміцы, ёсць рэальная магчымасць змяніць свой статус. У тым ліку і праз зварот у службу занятасці ці легалізавацца, калі чалавек заняты ў ценявой эканоміцы. Часу да пачатку дзеяння тарыфаў дастаткова, — падкрэсліў Алег ТОКУН, начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Ён дадаў, што асноўная мэта Дэкрэта № 1, падпісанага Прэзідэнтам 25 студзеня, — дапамагчы працаўладкавацца ўсім, хто хоча, а не ўзяць грошы з людзей.


Даведка «Звязды»

На беспрацоўных плацельшчыкаў ЖКП, якія зарэгістраваны ў службе занятасці, дзеянне Дэкрэта № 1 распаўсюджвацца не будзе. Нагадаем, што знаходзіцца на ўліку беспрацоўных можна не больш за 18 месяцаў. Калі за гэты час чалавек двойчы адмаўляецца ад прапанаванага месца працы або двойчы не пагаджаецца на курсы перакваліфікацыі, з уліку яго здымаюць. Зарэгістравацца зноў у якасці беспрацоўнага ён зможа толькі праз год.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.