Вы тут

Праўда і міфы пра нязваных насельнікаў арганізма


Ці ведаеце вы, што штамп «Яйцы глістоў не выяўлены» на бланку аналізу зусім не азначае, што іх няма? Але праходзіць спецыяльныя абследаванні па іх пошуку зусім не трэба. Тым больш, не варта ісці на повадзе рэкламы ў інтэрнэце і набываць спецыяльныя біялагічныя дабаўкі — яны ў барацьбе з гельмінтамі цалкам бяссільныя, гэтак жа, як цыбуля і часнок. Увогуле сама гэта тэма, здаецца, адна з тых, якая абрасла вялікай колькасцю бязглуздых небыліц, у якія многія з нас вераць. Пра міфы і рэальнасць, якая не такая ўжо і страшная, расказала ўрач-інфекцыяніст 31-й гарадской паліклінікі г. Мінска Марына Салаўёва.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ.

— Марына Аляксандраўна, даводзілася сустракаць паведамленні пра 90 % заражаных людзей...

— Такая лічба — вялікі міф, яна не адпавядае рэчаіснасці. У нейкай ступені гэта можа быць актуальным у адносінах да дзяцей, якія наведваюць дзіцячыя арганізаваныя калектывы — дзіцячыя садкі, школы. І там у асноўным распаўсюджаныя такія віды гельмінтаў, як энтэрабіёз, ці папросту вастрыцы. Гэта кантактная форма гельмінтаў, якія перадаюцца праз поціск рукі, забруджаныя прадметы — дываны, лялькі. Што датычыць дарослых, то заражана каля 5 %. І паразіты, як правіла, тыя ж вастрыцы ці аскарыды.

— Як мы павінны сябе паводзіць у пытаннях прафілактыкі? Урачы, у тым ліку і педыятры, не заўсёды раяць прымаць прэпараты...

— Усё залежыць ад некалькіх фактараў: ці ёсць дома хатнія жывёлы, ці выязджаеце за горад, на дачу ці ў вёску, ці наведвае дзіця дзіцячыя ўстановы. Калі сям'я жыве ў звычайнай добраўпарадкаванай кватэры ў горадзе, не мае дачнага ўчастка, працуе ў офісных умовах, дзеці дарослыя, то можна не праводзіць прафілактыку. Але калі ёсць хатнія жывёлы, якія выходзяць гуляць на вуліцу, калі дзіця наведвае дзіцячы садок ці летам адпраўляецца да бабулі ў вёску, то 2 разы на год — вясной і восенню — трэба праводзіць дэгельмінтызацыю.

— Ці ёсць аналіз на наяўнасць гельмінтаў?

— Так, але найчасцей ён нічога не паказвае. Ёсць розныя метады даследавання, у тым ліку крыві з вены. Аналіз калу ў 95 % выпадкаў нічога не выяўляе. Бо занадта многае павінна супасці: у прыватнасці, каб сярод глістоў былі самкі, якія паспелі адкласці яйкі... Гэта ўсё вельмі складана, таму рэкамендаваць здаваць аналіз я не стала б. Прасцей, калі ёсць фактары рызыкі, набыць прэпарат, як правіла, гэта таблетка, якая прымаецца аднаразова.

— Наколькі яны бяспечныя?

— Што датычыцца прафілактычнага прыёму — ад 1 да 3 таблетак — то гэта цалкам бяспечныя прэпараты. Важна ўлічваць дазіроўку: для дзяцей яна адна, для дарослых — іншая. Сур'ёзных супрацьпаказанняў такія прэпараты не маюць. І робяцца небяспечнымі толькі тады, калі іх прымаць пастаянна — яны ўплываюць на крывятварэнне. Калі іх ужываць, напрыклад, тыдзень, то можа крытычна знізіцца ўзровень лейкацытаў і іншых элементаў крыві. З-за чаго можна парушыць функцыі селязёнкі, печані і імуннай сістэмы.

— Калі ёсць хатнія жывёлы, ім таксама трэба праводзіць прафілактыку?

— Так, двойчы на год, прычым прэпараты не абавязкова набываць у ветэрынарнай аптэцы, можна карыстацца тымі ж прэпаратамі, што набылі для сябе.

— Па якіх прыкметах можна западозрыць наяўнасць гельмінтаў?

— Дзеці страчваюць апетыт, у іх зніжаецца вага цела, прычым значна — да 5 кілаграмаў за месяц, і самая распаўсюджаная скарга — сверб у анальным праходзе, які адчуваецца раніцай. У дарослых, як правіла, пэўных скаргаў няма.

— Чым небяспечнае жыццё з паразітамі?

— Вастрыцы бяспечныя. Аскарыды — таксама. Па сваім цыкле развіцця яны не могуць жыць у арганізме больш за месяц. Небяспечныя тыя гельмінты, якія паразітуюць ва ўнутраных органах: печані, лёгкіх, селязёнцы, нырках. Напрыклад, трыхінэлы ці эхінакокі. Яны ўтвараюць кісты на органах, могуць нават паражаць галаўны мозг. Але гэта сустракаецца вельмі рэдка. І заражэнне, як правіла, звязана з ужываннем сырога мяса ці рыбы, такіх страў, як, напрыклад, карпача, мясны тартар, сушы. На наяўнасць такіх паразітаў я раіла б абследавацца.

— Гэта значыць, што заразіўшыся аскарыдамі ці вастрыцамі, можна нават і не падазраваць пра гэта, і з часам яны знікнуць самі?

— Менавіта так. Доўга жывуць толькі тыя паразіты, якія ўтвараюць кісты: яны ў іх зарубцоўваюцца, на органе атрымліваецца капсула, і там яны жывуць і размнажаюцца. Але ў маёй практыцы быў толькі адзін выпадак эхінакакозу на лёгкім. Захворванне ніяк сябе не праяўляе: западозрыць яго можна толькі зрабіўшы спецыяльны аналіз крыві, рэнтген ці ультрагукавую дыягностыку.

— Але як даведацца, дзе менавіта шукаць: на лёгкіх, у печані?

— Ёсць стандартны набор даследаванняў: ультрагукавая дыягностыка, рэнтген. Калі там нейкія змяненні выяўляюць, пацыента накіроўваюць на даследаванне на паразітарныя інфекцыі.

— Існуе меркаванне, што цыбуля, часнок, перац, іншыя вострыя прыправы садзейнічаюць вывядзенню паразітаў?

— Гэта не так. На цыкл іх развіцця раслінныя прэпараты ніяк не ўплываюць. Зараз шмат рэкламы ў інтэрнэце наконт гельмінтаў. Шукаеш нейкую інфармацыю, і на самых розных сайтах усплываюць банеры з фотаздымкамі вялізных чарвякоў у страўніку. А пад імі рэклама розных біялагічна актыўных дабавак. Там у складзе толькі раслінныя кампаненты, а яны супраць гельмінтаў бяссільныя. Катэгарычна не рэкамендую весціся на рэкламу і набываць гэтыя дабаўкі.

— Ну калі раслінныя, то хаця б не нашкодзяць?

— Могуць нашкодзіць. Печань моцна пакутуе ад такіх прэпаратаў — аж да таксічнага гепатыту. Таму ўсю рэкламную інфармацыю пра глістоў у інтэрнэце лепш не чытаць. Усё не так страшна, як там апісваецца. Цяпер у нас вялікая колькасць пацыентаў, якія нешта пачыталі ў інтэрнэце, паглядзелі нейкія перадачы па тэлебачанні, і просяць іх даследаваць. Скардзяцца на тое, што пахудзелі, адчуваюць слабасць. Але тут трэба шукаць больш сур'ёзныя прычыны, не губляючы час на паразітаў, бо можа прагрэсіраваць іншае куды больш цяжкае захворванне, у тым ліку анкалогія.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Асцярожна: паразіты!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.