Вы тут

Вынаходствы са спісанай тэхнікі


«Казуля», «вамбат», «грызлі», «вожык», «калібры»... Не, гэта не жыхары заапарка, а экспанаты, сабраныя гуртком вынаходнікаў-рацыяналізатараў Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Што для іншых спісаная тэхніка, для хлопцаў — каштоўны матэрыял. З металалому яны збіраюць унікальныя прылады, якія могуць палегчыць працу на прысядзібным участку і ў гаражы.


Май­стар вы­твор­ча­га на­ву­чан­ня Ар­цём Кры­ва­пуст рас­каз­вае пра са­мы па­спя­хо­вы экс­па­нат — мі­ні-эк­ска­ва­тар «Грыз­лі».

Майстар вытворчага навучання Арцём КРЫВАПУСТ вядзе гурток восьмы год. Сам ён родам з Брэсцкай вобласці. Адвучыўся ў Івацэвіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці, потым у Пінскім дзяржаўным індустрыяльна-педагагічным каледжы і трапіў у Смілавічы па размеркаванні. Тут і застаўся. Арцём расказвае, што ў гурток штогод просіцца шмат ахвотных, але трапляюць толькі тыя, хто настроены сур'ёзна:

— Цяпер займаецца 12 навучэнцаў. Больш стараюся не браць, каб паспяваць кожнаму ўдзяліць час, сачыць за бяспекай — усё ж такі хлопцы працуюць з «балгаркай», зварачным апаратам. На занятках усе задзейнічаны: не цікава ж прыходзіць проста пасядзець.

Малады чалавек падкрэслівае: яны робяць не проста экспанаты, а рабочыя мадэлі. Кожная з іх — гэта вынік калектыўных высілкаў усяго гуртка. Як толькі прылада гатовая, запісваюць відэа, каб паказаць яе ў дзеянні.

— Калі ў галаву прыходзіць нейкая ідэя, я гляджу ў інтэрнэце, ці ёсць што-небудзь падобнае. Можа, няма сэнсу прыдумляць? Часам спрабую ўдасканаліць тое, што ўжо існуе, — кажа Арцём.

Ён паказвае нам вынаходкі. Вось, напрыклад, апошняя распрацоўка — пад'ёмнік «Геркулес». Спатрэбіцца ў гаражы ці на СТА. Заязджаеш пярэднімі ці заднімі коламі машыны на спецыяльныя падстаўкі, з дапамогай электраперфаратара прыводзіш механізм у дзеянне, і ён адрывае патрэбную частку аўтамабіля ад зямлі. Калі ласка, можна рамантаваць.

Яшчэ адна прыдумка ліцэйскіх «кулібіных» — рэкуператар паветра «Калібры». Гэта вентылятар і абагравальнік адначасова. Прылада не толькі падае ў дом свежае паветра, але і награвае яго праз перадачу цяпла ад таго паветра, якое выводзіцца з дома. За кошт гэтага памяшканне не ахалоджваецца і эканоміцца энергія.

Ёсць тут і адмысловая рыдлёўка для выкарчоўвання. Майстар вытворчага навучання папярэджвае: яна крыху цяжкаватая, але гэта пробны варыянт, можна зрабіць лягчэйшы. Прылада будзе карыснай для выкопвання бульбы ці перасадкі кветак. Уваткнуў пад куст і адным націскам нагі (нагінацца не трэба, бо палатно рыдлёўкі рухомае і дзейнічае па прынцыпе рычага) перакуліў зямлю.

Адзін з наведвальнікаў гуртка, трэцякурснік Кірыл СЦЯПУРА, прызнаецца, што яшчэ з дзяцінства захапляецца тэхнікай. «Памятаю, як з татам трактар збіраў», — дзеліцца хлопец. На рэспубліканскім аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі ён прадстаўляў пілавальную стойку-захоп «Пірання». У чым яе перавагі? Калі кладзеш кароткае бервяно на козлы і пачынаеш пілаваць яго па цэнтры, яно стараецца «скласціся» і заціскае пілу, псуе яе. «Пірання» ж моцна трымае зубцамі дрэва толькі з аднаго боку, таму такой праблемы няма. Можна нават падставіць каляску, каб палены адразу падалі туды. Пры дапамозе гэтай устаноўкі лёгка пілаваць нават крывыя бярвёны. А яшчэ прылада замацоўвае іх на зручнай вышыні так,
што падчас работы рукі менш напружваюцца і спіна не баліць. На выраб «Піранні» пайшло месяцы тры: шмат часу занялі разлікі (трэба ж было зрабіць так, каб даўгое дрэва не перакульвала ўстаноўку). У выніку вынаходка заняла на конкурсе другое месца.

— Калі мой бацька ўбачыў стойку-захоп, сказаў: «Чаму ў мяне такой дома няма?» — усміхаецца Арцём Крывапуст.

Сам ён на леташнім рэспубліканскім аглядзе прэзентаваў акучнік-палольнік «Вожык», які таксама атрымаў «серабро». Калі прылада круціцца, то за раз выконвае чатыры аперацыі: фарміруе баразну, акучвае, знішчае пустазелле і перамолвае вялікія камякі зямлі (робіць глебу «пухкай»). Акучнік можна чапляць да мотаблока. А калі зрабіць такіх тры ці чатыры, то і да трактара, і адразу апрацоўваць некалькі радоў агародніны.

У хо­ле лі­цэя вы­стаў­ле­ны най­леп­шыя ра­бо­ты гурт­ка.

Але, бадай, самы паспяховы экспанат — міні-экскаватар «Грызлі». Яго можна выкарыстоўваць на прыватным падворку, напрыклад, каб выкапаць траншэю пад электрычныя кабелі. У адрозненні ад вялікага экскаватара, ён не разбурыць клумбы і не папсуе сцежкі. Збіралі гэту машыну з таго, што знайшлі: сядзенне — з КамАЗа, колы — з сеялкі, гідрацыліндры — са спісанай сельскагаспадарчай тэхнікі. Спецыяльна набывалі толькі рухавік і размеркавальнік. Распрацоўку прапаноўвалі выкупіць за сем тысяч долараў! Але ў ліцэі вырашылі яе не прадаваць.

Дарэчы, чаму большасць вынаходак названая ў гонар жывёл? Аказваецца, для таго, каб экспанаты лепш запаміналіся. У журы на конкурсах сядзіць шмат жанчын, і «Пірання» ім западзе ў душу куды больш, чым літарная абрэвіятура СЗП (стойка-захоп пілавальная).

У калекцыі рацыяналізатараў ёсць і арт-аб'екты. Напрыклад, копія Эйфелевай вежы з пластыку. Каб выразаць дэталі для яе, прыдумалі нават спецыяльны станок. Побач стаяць сабака і певень. Гэтыя экспанаты сёлета і летась перамаглі на Рэспубліканскім конкурсе «ТэхнаЁлка» ў намінацыі «Сімвал года». А вынаходнікі ўжо думаюць над арт-аб'ектам да Года свінні — не хочацца ўпускаць пальму першынства.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Мінск — Смілавічы — Мінск

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Што «Піранні» па зубцах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».