Вы тут

Не ссылка, а ганаровае дажыванне


Як ужо абрыдла рэклама, дзе гандляр пральным парашком увесь час гаворыць пра ссылку рэчаў на лецішча. Рэчы адпраўляюцца ў ссылку, калі іх закідваюць у антрэсолі, складваюць на гарышчы альбо ў падсобныя памяшканні, калі гаворка ідзе пра мэблю. Пераезд рэчаў на лецішча, з майго пункту гледжання, азначае іх далейшае жыццё.


Вось прыязджаеш пасля зімы і сустракаешся з імі, нібы са сваякамі, старымі знаёмымі. Бо з гэтымі рэчамі звязаны кавалак жыцця, успаміны, уражанні. Куды, скажыце, можна было б дзець яшчэ добрую мэблю, калі яе мяняеш у гарадской кватэры? Выкінуць шкада, асабліва калі яна прыстойна выглядае, верай і праўдай служыла шмат гадоў. Раней жа яе рабілі не так як зараз. Цяперашнія ўзоры хутчэй можна параўнаць з аднаразовымі, нават мэблю — калі яна не эксклюзіўная дубовая, коштам з аднапакаёвую хрушчоўку. Астатняе, добра, калі дзесяць гадоў прастаіць, але гэта да слова...

Вось і наш гарнітур — канапа і два крэслы са стракатай абшыўкай — пераехаў у вясковы дом, які пяць гадоў таму купілі пад лецішча. Праўда, абшыўку мы змянілі на шэрую, і мэбля цяпер выглядае нібы новая. І паслужыць яшчэ, трэба думаць, нямала. Але лецішча каштоўнае не толькі тым, што забірае з кватэры вялікія рэчы. Колькі дробязяў перавандравала сюды неяк непрыкметна! Дома яны ўжо былі б, хутчэй за ўсё, выкінутыя, альбо адпраўлены ў самую сапраўдную ссылку ў кладоўку.

Ну вось, напрыклад, драўляныя гномы, якіх я пасяліла ў буфеце. Дзеці іх чамусьці не любілі, бо гэта быў іх першы досвед на занятках разьбы па дрэве. І відаць, у сімпатычных фігурках было больш работы кіраўніка, чым яго выхаванцаў, таму і не лічылі іх сваім набыткам. А мне гномы падабаліся, і я выратавала іх ад неаднаразовых спроб выкідвання. А вось мяккая цацка «Курыная сямейка», якую дачка зрабіла ў адным са сваіх гурткоў, нават нейкім дыпломам была адзначана на школьнай выставе. Певень, курыца і чацвёра куранят на падстаўцы цяпер стаяць на стале ў маім пакоі і нагадваюць пра яе школьныя гады.

У сваім любімым невялічкім пакоі я даўно прымацавала карціну цудоўнай брэсцкай мастачкі Тамары Паўлючук «Адам і Ева. Спакушэнне». У гэтай рабоце не тое каб, ... але ж ёсць нейкі намёк на эротыку, і пакуль дзеці былі малыя, я нават крыху саромелася вешаць яе ў нашай невялікай кватэры. Потым пераязджалі ў новую, рамонт, адным словам, неяк трапіла гэтая работа сюды, і тут яна вельмі добра глядзіцца. А я, зірнуўшы на яе, заўсёды прыгадваю Тамару Іванаўну, надзвычай таленавітага і добрага чалавека. Яна стварыла незабыўны цыкл чарнобыльскіх работ, а яшчэ па-асабліваму падавала тэму мацярынства. Мастачка захварэла і сышла ў іншы свет без пары. Але жывуць яе работы, і многія людзі яе ўспамінаюць.

Адну сцяну каля печкі я адвяла на розныя сувеніры, што выпадае прывозіць з дажынак, фестываляў накшталт «Мотальскіх прысмакаў». Там заўсёды прапануюць свае вырабы рамеснікі, народныя майстры, бывае, спадабаецца рэч, тады яе купляеш. А, здараецца, у падарунак атрымаеш. Як гэтую забаўную керамічную «Камянецкую вежу». Удзельнікі школьнага гуртка ажывілі яе, зрабілі з вачыма і ўсмешлівым тварам. Названую вежу падарылі не мне, а... нашаму былому губернатару. Кожная з мастацкіх школ, вядома, хацела пакінуць сувенір кіраўніку вобласці. А ён потым стаў раздаваць іх нам — журналістам. Цяпер глянеш, усміхнешся. Як і на ігольніцу-сардэчка, што вісіць побач з вежай. Тое сардэчка падаравалі мне ў адным клубе трэцяга ўзросту да дня святога Валянціна. Асабіста я ніколі гэтае свята святам не лічыла і не адзначала яго. А цяпер вось думаю, можа, калі пайду на пенсію, таксама пачну Валянціна святкаваць. Так што няхай яшчэ павісіць.

У сенцах цяпер прыстроены стол-кніга. Ведаеце, такія зручныя раскладныя сталы прадавалі ў 1980—90-х гадах. У невялікіх кватэрах гэта быў найлепшы спосаб прыняць гасцей, адзначыць сямейнае свята. Расклаў стол на дзве паловы — і да дваццаці чалавек можна пасадзіць. А потым склаў і ён займае зусім мала месца, у любы куток памесціцца. А яшчэ я мару набыць на дачу маленькі круглы столік, гэткі часопісна-чайны ў стылі 80-х гадоў, бо да яго вельмі прыгожы абрус прывезла з Волагды. Муж гаворыць, што гэта яскравы прыклад жаночай логікі: набыць абрус, да якога падбіраць стол. Хай сабе логіка і жаночая, але калі на гэты стол прыляцяць белыя пялёсткі яблынь, во як учора, калі падзьмуў вецер, нахлынуць самыя светлыя ўражанні-ўспаміны і на душы палагаднее.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».