Вы тут

Cтала вядома прозвішча яшчэ аднаго героя Вялікай Айчыннай вайны


Вось тут, на ўскрайку лесу, каля невялікай вёсачкі Ходараў Слаўгарадскага раёна абарвалася жыццё 25-гадовага Івана Гусева з Горкаўскай вобласці, камандзіра аддзялення, санінструктара 2-га батальёна 387-га стралковага палка. Яго імя значылася ў спісе зніклых без вестак 77 гадоў. І толькі дзякуючы пошукавікам — удзельнікам краязнаўчай пошукавай экспедыцыі «Дняпроўскі рубеж 2018», якія з 23 да 28 красавіка працавалі на месцы былых баёў у Слаўгарадскім раёне, ён, нарэшце, вярнуўся з вайны. Даведацца пра яго дапамог знойдзены пры ім медаль «За баявыя заслугі», які, як высветлілася пазней, герой атрымаў 28 красавіка 1940 года за подзвігі на фінскай вайне.


— Аператыўна ўстанавіць даныя ўладальніка медаля дапамог эксперт упраўлення па ўвекавечанні памяці загінулых абаронцаў Айчыны Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Дударонак, — адзначыў старшыня абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру», ваенны пісьменнік Мікалай Барысенка. — Цяпер мы сумесна з расійскімі калегамі шукаем сваякоў Гусева, каб паведаміць, што іх родны чалавек не прапаў без вестак, а па-геройску загінуў, прарываючыся з варожага акружэння.

Пошукавыя дзеянні ў Слаўгарадскім раёне вяліся вопытнымі спецыялістамі клуба «Віккру» і 52-га пошукавага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Ім дапамагалі студэнты, навучэнцы каледжаў, гісторыкі, музейныя работнікі, выкладчыкі навучальных устаноў Магілёва і Слаўгарада. Тутэйшая зямля шчодра палітая крывёю абаронцаў. У ваколіцах Слаўгарада ў ліпені 1941-га загінулі і прапалі без вестак не менш за шэсць тысяч чырвонаармейцаў і камандзіраў 20-га стралковага і 25-га механізаванага карпусоў. На тэрыторыі Васькавіцкага і Гіжэнскага сельскіх Саветаў, дзе працавалі ўдзельнікі пошукавай экспедыцыі, атрымалася знайсці некалькі невядомых раней адзіночных пахаванняў, дзе знаходзіліся астанкі васьмі салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі. Пры іх былі спадарожныя прадметы, амуніцыя часоў пачатку Вялікай Айчыннай вайны — процівагазы, спарахнелы магазін ад вінтоўкі СВТ-40, шкляныя пляшкі... Па знойдзеных астанках камандзіра Чырвонай Арміі ўстанавіць, хто ён, на жаль, немагчыма. Але ёсць надзея адшукаць нешта пра ўдзельніка тых крывавых баёў. За 10 метраў ад пахавання Івана Гусева знойдзена яшчэ адно, дзе сярод іншых прадметаў знаходзілася лыжка з надрапаным на ёй прозвішчам Стульчанкоў. Асноўныя работы на гэтым рубяжы часова прыпынены, але, як запэўніў Мікалай Барысенка, разведвальныя аперацыі тут працягваюцца. Найбольш актыўна ў пошукавых дзеяннях прымалі ўдзел «віккраўцы» Ягор Шчанаў, Павел Кончыкаў, Сяргей Якубовіч, Аляксандр Халееў. Яны ж працягваюць і далей адпрацоўваць гэтае месца.

— Ёсць звесткі, што тут застаўся ляжаць генерал Сцяпан Яромін, камандзір 20-га стралковага корпуса, — кажа Мікалай Барысенка. — Тут жа павінны знаходзіцца і сейфы з дакументамі карпуснога штаба. Мы не губляем надзеі адшукаць гэтыя матэрыялы. І тады ў нас будзе магчымасць назваць імёны яшчэ большай колькасці герояў, якія тут загінулі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота прадстаўлена клубам «Віккру»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».