Вы тут

У Гродзенскім раёне фермер вырошчвае «чырвоных» свінак


Малады фермер Аляксей Тодрык працягвае сямейную справу, якую яшчэ ў 90-я гады пачаў яго бацька Бернард Станіслававіч. У той час фермерскі рух толькі пачаў развівацца і гэты кірунак здаваўся адным з перспектыўных. Бо калі гэта беларус адмаўляўся ад скваркі? Таму і сын Аляксей пасля аграрнага ўніверсітэта бацькаву справу не толькі падтрымаў, але вывеў на новы ўзровень, стаў займацца племянной свінагадоўляй. Зараз у фермерскай гаспадарцы Аляксея Тодрыка 100 свінаматак самай папулярнай у свеце мясной пароды Дзюрок.


«Правільная» сяўба і кармы «па навуцы»

Аляксей у гэтыя дні ўвесь час у полі. Як вядома, веснавы дзень год корміць, але і тут важна вытрымаць тэрмін. На былых тарфяніках глеба лёгкая, зерне можа загінуць ад мароза, таму сеюць пшаніцу пасля таго, як сады адцвітуць. Неяк народную прыкмету праігнаравалі — і пасевы прапалі, прыйшлося ўсё поле перасейваць. Пасля гэтага тэрміны сяўбы не апярэджваюць.

За пшаніцай настане чарга кукурузы, потым пачнецца сяўба соі. Гэтую культуру ў гаспадарцы пачалі вырошчваць нядаўна. Раней завозілі з Бразіліі, Украіны, Расіі. А некалькі гадоў таму ўпершыню пасеялі на ўласным полі — атрымалі 12 ц/га. Гэта дазволіла забяспечыць амаль трэцюю частку патрэбы ў каштоўным бялковым корме. Пасля таго як купілі экструдар для апрацоўкі зерня, з'явілася магчымасць атрымаць тлушчавую сою, а кармавая база стала значна таннейшай.

Дарэчы, кармы тут фарміруюцца «па навуцы». Уся рэцэптура, да апошняй амінакіслаты, распрацоўваецца пад канкрэтную пароду сумесна з вучонымі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта — па мінералах, вітамінах і ферментах. Правільны разлік садзейнічае добраму прыросту, а гэта і ёсць эфектыўнасць работы, бо доля кармоў складае 70 % сабекошту прадукцыі.

Тварам да сваіх

У гаспадарцы зрабілі стаўку на Дзюрок. Гэта парода чырвоных свіней выведзена ў ЗША шляхам селекцыі ў ХІХ стагоддзі. Зараз экзатычны від распаўсюджваецца і ў нашай краіне. Фермер Аляксей Тодрык — адзін з нямногіх, хто заняўся развядзеннем чырвоных свінак. Пад свой праект атрымаў 160 га зямлі ды старыя будынкі былой птушкафермы. Іх знеслі, а на гэтым месцы пабудавалі новы рэпрадуктар на 100 свінаматак. Ад кожнай можна атрымаць да 20 парасят у год. Каб забяспечыць шырокі попыт з боку племянных гаспадарак, фермера ўключылі ў дзяржаўную праграму «Аграбізнес-2020».

— У краіне ўводзяцца новыя свінакомплексы, ім патрэбны пародзістыя свінаматкі, — тлумачыць Аляксей. — За мяжой кошт адной дасягае 700—1000 еўра, для таварнай фермы гэта немэтазгодна. Мы прадаём у некалькі разоў танней. Нядаўна ўкамплектавалі два свінакомплексы ў Карэліцкім і Бераставіцкім раёнах. Ёсць заяўкі з іншых рэгіёнаў краіны.

З Тодрыкам актыўна супрацоўнічаюць беларускія племпрадпрыемствы. Яшчэ нядаўна яны былі нацэлены на закупку жывёл з-за мяжы. Але зараз, дзякуючы дзяржаўнай палітыцы, гэтыя закупкі вельмі абмежаваны, бо валюта на іх не выдзяляецца. Затое ёсць магчымасць развіваць племянную справу на месцах.

— Калі дзяржаўным племпрадпрыемствам перасталі выдзяляць валюту, яны пачалі лічыць грошы і павярнуліся тварам да сваіх вытворцаў, — заўважае Аляксей. — Гэта добры стымул для фермераў.

Зараз пародзістых дзюркоў пачынаюць купляць у Тодрыка ўсе пяць племпрадпрыемстваў рэспублікі. Адтуль яны паступаюць на свінакомплексы. Сам фермер стабільна працуе з еўрапейскімі партнёрамі. За некалькі гадоў набылі 60 кабаноў у Даніі. Дарэчы, Аляксей імкнецца ўкараняць замежны вопыт, пераймае прыёмы работы, рацыён кармлення.

Важны фактар — новыя тэхналогіі. У Даніі, напрыклад, амаль адсутнічае ручная праца. Там на 700 свінаматак прыходзіцца адзін работнік. У Аляксея на ферме працуюць толькі заатэхнік і ветэрынарны ўрач. Дарэчы, ветурач тры гады праходзіла стажыроўку ў той жа Даніі і зараз карыстаецца гэтым вопытам на гродзенскай зямлі.

— Я бачыў, як працуюць дацкія фермеры, — кажа Тодрык, — яны эканомяць кожную капейку. І нават ва ўмовах дарагой працоўнай сілы і кошту на паліва атрымліваюць добры прыбытак.

З выгляду і беларускі, і еўрапейскі рэпрадуктары не адрозніваюцца адзін ад аднаго. Вось толькі трапіць туды чалавеку «з вуліцы» немагчыма — фермер непакоіцца, каб не занеслі небяспечны вірус АЧС.

Зона пад наглядам

У мэтах бяспекі забараняецца ўтрыманне свіней на ўласных падворках у межах пяцікіламетровай зоны ад рэпрадуктара.

— Так, людзі не могуць трымаць свіней паблізу нашага комплексу, — сцвярджае Аляксей Тодрык, — але прэтэнзій ніхто не выказвае. У навакольных вёсках жывуць у асноўным састарэлыя, ім свіней трымаць не пад сілу.

Дарэчы, непадалёку знаходзіцца буйны свінакомплекс мясцовай сельскай гаспадаркі. Таму за выкананнем каранцінных мер строга сочаць як ветэрынарныя службы, так і мясцовыя ўлады.

— Меры перасцярогі па АЧС у нас нават больш строгія, чым у Еўропе, — адзначае фермер. — Там няма двайной агароджы, як у нас, санітарных прапускнікоў для аўтамабіляў. Што датычыцца інфекцый, то разам з АЧС у Еўропе і Амерыцы заклапочаны эпідэмічнай дыярэяй парасят, ад якой таксама няма вакцыны. Страты ад гэтага захворвання маладняку ў свеце каласальныя. Так што меры перасцярогі ў нас поўнасцю апраўданыя.

Заўважылі, падтрымалі

Міністэрства сельскай гаспадаркі ўключыла свінакомплекс фермера ў спіс племянных. Згодна з праграмай, часткова даціраваўся кошт жывёл, каб гаспадаркі змаглі купіць пародзістых свінак па значна ніжэйшай цане. Выдаткавалі сродкі і на ўтрыманне свінаматак, і на іх закупку.

— Паколькі крэдытныя рэсурсы дарагія, без падтрымкі не абысціся, — кажа фермер, — зараз мы вельмі спадзяёмся на адну з апошніх праграм па развіцці аграбізнесу. У ёй прапісаны больш справядлівыя ўмовы для сельгасвытворцаў. Напрыклад, падтрымка не стратных гаспадарак, а тых, што прыносяць прыбытак.

У Аляксея ёсць бізнес-план па ўзбуйненні гаспадаркі. Гаворка ідзе аб будаўніцтве яшчэ аднаго рэпрадуктара на 250 галоў. Фермер пралічвае рызыкі і спадзяецца на спрыяльную эпідэміялагічную абстаноўку.

Віталь Дабрук, намеснік генеральнага дырэктара па племянной рабоце Гродзенскага племпрадпрыемства:

— Прадукцыя фермера запатрабавана і з'яўляецца імпартазамяшчальнай. Тым больш што закупкі за мяжой забаронены па ветэрынарных прычынах.

Два гады таму разам з фермерам пачалі сумесную работу ў галіне геномікі — па ўзорах адшчыпаў з вуха расшыфроўваем ДНК для вызначэння найлепшых свінаматак і найлепшага семені. Фермеру пастаўляем семя ад найлепшых кабаноў, з «патрэбнымі» генамі. У выніку можна спрагназаваць патомства з высокай прадукцыйнасцю.

Зараз ідзе аднаўленне свінаводчых комплексаў. Тыя, што маральна і фізічна састарэлі, ідуць пад знос. Ім на змену прыходзяць комплексы з новымі тэхналогіямі, у асноўным па галандскім тыпе. Тут будзе і якаснае пагалоўе.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дзюрок для аматараў скваркі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.