Вы тут

Праблему ўсыхання лясоў абмеркавалі ў Гомелі


Міжнародны семінар «Абарона хваёвых насаджэнняў ад шкоднікаў і хвароб лесу» адбыўся ў Гомелі. На працягу трох дзён навукоўцы і лесаводы з Беларусі, ЗША, Германіі, Італіі, Венгрыі, Расіі і Украіны абмяркоўвалі праблему ўсыхання хваёвых насаджэнняў, спосабы выяўлення ачагоў распаўсюджвання насякомых-шкоднікаў, а таксама меры барацьбы з імі. Арганізатарамі форуму выступілі Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО) і Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.


Мерапрыемствы такога ўзроўню ў нашай краіне адбыліся ўпершыню. Нагодай для гэтага паслужыла масавае ўсыханне хваёвых насаджэнняў па ўсім свеце.

— Гэтая праблема паўстала не сёння, не ўчора. Яшчэ ў 2015 годзе з прычыны засушлівага лета, недахопу вільгаці мы пачалі фіксаваць успышкі распаўсюджвання вяршыннага караеда. У 2016 годзе правялі першы аб'ём санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў — на поўдні Гомельскай вобласці. У 2017 годзе ўспышкі пачалі набываць больш масавы характар. І, на жаль, сёння няма спосабаў ранняга выяўлення ачагоў шкоднікаў, іх дыягностыкі, — сказаў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі
Аляксандр Кулік.

Яго пазіцыю падтрымала і спадарыня Шырома Саціяпала. Эксперт па лясной гаспадарцы ФАО прыляцела ў Беларусь ужо другі раз, і дала высокую ацэнку рабоце беларускіх лесаводаў.

— Праблема распаўсюджвання караеда актуальная не толькі для Еўропы, але і для ўсяго свету. Мы былі ў Беларусі ў лістападзе і засталіся вельмі ўражаныя той работай, якую вы праводзіце ў сябе на месцах. Зараз наша праца скіраваная на тое, каб даць Беларусі найлепшыя практыкі па распрацоўцы метадаў не толькі прадказання або ранняга выяўлення, але і маніторынгу. Гэта тое, чым зараз займаецца ФАО, — падкрэсліла эксперт.

Шырома Саціяпала таксама дадала, што кожны год ад розных хвароб і шкоднікаў у свеце церпіць каля 35 мільёнаў гектараў лесу, з іх палова — з-за жука-караеда. Успышкі ўсыхання назіраюцца ў розных краінах, праблема набыла глабальны маштаб, аднак найбольш моцна пакутуюць Беларусь, Украіна і Польшча.

Дарэчы, сваім вопытам барацьбы са шкоднікамі і хваробамі лесу падчас форуму змаглі падзяліцца прадстаўнікі розных краін. У прыватнасці, быў прэзентаваны вопыт Італіі, Баварыі, краін Цэнтральнай Амерыкі і ЗША. Інфармацыяй аб распаўсюджванні караедаў падзяліліся і нашы суседзі — эксперты з Расіі і Украіны.

У выніку спецыялісты сышліся ў меркаванні, што сёння адзіным надзейным спосабам барацьбы з масавым распаўсюджваннем шкоднікаў можа з'яўляцца толькі своечасовае правядзенне санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Гэтага прынцыпу прытрымліваюцца як у еўрапейскіх краінах, так і ў ЗША, дзе таксама назіраюцца значныя ачагі ўсыхання. Амерыканскія лесаводы прытрымліваюцца таксама прынцыпу стварэння так званых «буферных зон», якія, па назіраннях спецыялістаў, у далейшым дапамагаюць выратаваць значную частку ляснога фонду.

Чакаецца, што практыка правядзення падобных форумаў будзе падоўжана. Як і разгляд пытання аб выдзяленні нашай краіне міжнароднай тэхнічнай дапамогі, паведамляе прэс-служба Мінлясгаса.

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: Буфер для шкоднікаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».