Вы тут

«Беларусь — гэта кавалак пірага»


Паслу Вялікабрытаніі працаваць у нас «выдатна і бяспечна».

Учора ў Мінску адбылася сустрэча прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі з Фіёнай ГІБ — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Вялікабрытаніі ў нашай краіне. З якімі складанасцямі яна сутыкнулася за час працы ў Беларусі, калі ў Мінск прыедзе Борыс Джонсан і што думаюць у брытанскім пасольстве пра адмену смяротнага пакарання — на гэтыя і іншыя пытанні адказала дыпламат.


Што адбываецца з «брэксітам»?

Па словах Фіёны Гіб, перамовы па гэтым пытанні працягваюцца, яшчэ неабходна вырашыць вялікае кола пытанняў. Дзве галоўныя высновы з нагоды выхаду Вялікабрытаніі з Еўрапейскага саюза такія: па-першае, Вялікабрытанія пакідае не Еўропу, а ЕС. Па-другое, Вялікабрытанія працягне выконваць адну з асноўных роляў на міжнароднай арэне.

«Мы сапраўды з'яўляемся глабальным гульцом, пастаянным членам Савета Бяспекі, Вялікай сямёркі, і мы сапраўды зробім тое, што неабходна, каб паспяхова завяршыць гэты працэс», — дадала пасол. Яна таксама нагадала, што сам народ прагаласаваў за выхад з Еўрасаюза, але на цяперашні момант важна зрабіць так, каб працэс скончыўся на карысць усіх жыхароў краіны.

Дарэчы, на пытанне аб тым, ці паўплывае «брэксіт» на адносіны Беларусі і Вялікабрытаніі, Фіёна Гіб адказала адмоўна. «А калі і паўплывае, то толькі ў лепшы бок», — дадала яна.

У працяг тэмы беларуска-брытанскіх адносін у Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла спыталі, ці магчымы візіт міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Борыса Джонсана ў Беларусь. «Не думаю, што гэта адбудзецца сёлета. Ва ўсякім выпадку, такіх планаў у нашым парадку дня няма», — дадала яна.

Акрамя таго, Вялікабрытанія пакуль не плануе адкрываць візавы цэнтр у Мінску.

За прыход інвестараў з Туманнага Альбіёна

Фіёна Гіб таксама распавяла, што пасольства Вялікабрытаніі зацікаўлена ў больш актыўным прыходзе брытанскіх інвестараў у Беларусь.

«Нават калі гаворка не ідзе пра інвестыцыі, паколькі інвеставанне — гэта сур'ёзны крок для брытанскіх кампаній, над якім неабходна добра думаць, ужо нядрэнна, калі развіваюцца гандлёва-эканамічныя кантакты паміж кампаніямі дзвюх дзяржаў», — адзначыла яна.

Фіёна Гіб дадала, што іх пасольства невялікае, таму ў ім няма адмысловага аддзела, які б супрацоўнічаў са спецыяльным дэпартаментам па прамысловасці і гандлі. «Тым не менш мы аказваем усялякую падтрымку брытанскім кампаніям, якія дэманструюць зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Беларуссю, разглядаюць магчымае інвеставанне ў Беларусь», — сказала Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол.

Дарэчы, патэнцыял узаемнага супрацоўніцтва ёсць у такіх сферах, як будаўніцтва і лесаперапрацоўка. Акрамя гэтага, дыпламат звярнула ўвагу на тое, што Беларусі трэба больш актыўна прасоўваць свае эканамічныя інтарэсы ў Вялікабрытаніі, рэкламаваць сябе, а таксама выходзіць на міжнародныя рынкі.

Ці «пераедзе» Брытанскі савет з Расіі ў Беларусь?

Нагадаем, у сувязі з міжнародным скандалам па справе Скрыпаля акрамя высылкі брытанскіх дыпламатаў з Расіі быў закрыты і Брытанскі савет — арганізацыя, закліканая развіваць супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, культуры і мастацтва паміж Вялікабрытаніяй і іншымі краінамі.

«Я з задавальненнем бы аднавіла работу гэтай арганізацыі ў Беларусі, аднак гэта паўаўтаномная структура, за яе прымае рашэнні не міністэрства замежных спраў, сам савет павінен прыняць такое рашэнне», — адзначыла Фіёна Гіб.

Яна таксама дадала, што зараз вядуцца перамовы з кіеўскім офісам Брытанскага савета і абмяркоўваецца з'яўленне ў Мінску ўстановы па вывучэнні англійскай мовы пад эгідай гэтай арганізацыі.

Калі грамадскасць ідзе за ўладай

Гаворачы пра адмену смяротнага пакарання, дыпламат адзначыла, што ў гэтым пытанні нельга перш за ўсё абапірацца на грамадскую думку, бо яна, як правіла, падтрымлівае пункт гледжання ўрада. «У Вялікабрытаніі смяротнае пакаранне было адменена яшчэ ў 1960-я гады, аднак па выніках апытання грамадскасць нарэшце пагадзілася з тым, што неабходна было яго адмяніць, усяго дзесяць гадоў таму, — падкрэсліла Фіёна Гіб. — У прынцыпе, цяпер назіраецца скарачэнне колькасці людзей, якія падтрымліваюць смяротнае пакаранне, і паралельна адбываецца павелічэнне тых, хто выступае супраць. Гэта ўжо з'яўляецца нядрэнным вынікам. У любым выпадку, паўтаруся, грамадская думка не павінна быць асноватворным фактарам тут».

Фіёна Гіб нагадала, што Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, у якой на практыцы выконваецца такая мера пакарання. «Адмена смяротнага пакарання з'яўляецца вельмі важнай часткай парадку абмеркавання правоў чалавека, — лічыць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол. — І мы ўсяляк садзейнічаем таму, каб урад прыняў мараторый на смяротнае пакаранне як першы крок да яго адмены».

Беларусь = бяспека

На пытанне аб тым, з якімі складанасцямі сутыкнулася Фіёна Гіб на сваёй пасадзе ў Беларусі, яна не змагла адказаць, але пры гэтым растлумачыла сваю пазіцыю.

«Да Беларусі я працавала ў такіх краінах, як Емен, Ірак, Самалі, — нагадала дыпламат. — І тут — гэта кавалак пірага! Што датычыцца фізічнага адчування ад работы, то перш за ўсё тут выдатна і бяспечна. Што да працоўных абавязкаў, то мы сутыкаемся з пэўнымі цяжкасцямі і выклікамі, але наогул можна зрабіць выснову, што ваша краіна, няхай і павольна, рухаецца ў правільным напрамку».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.