Вы тут

Гістарычны фэст сабраў у Гродне прадстаўнікоў Беларусі і Польшчы


Гэта ўжо трэці фэст, удзельнікі якога збіраюцца каля сцен каралеўскага замка на «Дні Стафана Баторыя». Прадстаўнікі ваенна-гістарычных клубаў дэманстравалі старажытнае адзенне, даспехі, зброю, паядынкі і бітвы, частавалі напоем па шляхецкім рэцэпце.


Тут можна было ўбачыць адразу некалькі эпох XVІ—XVІІІ стагоддзяў. Напрыклад, гістарычны клуб «Газдава» з Бабруйска паказаў рэканструкцыю
ХVІІ стагоддзя. Ваенныя касцюмы тых часоў нагадваюць мушкецёраў, а гэта, між іншым, прататып старажытнага вайскоўца, чалавека не беднага саслоўя. Толькі прадстаўнік шляхецкага роду мог дазволіць сабе такі багаты касцюм. Дарэчы, і зараз ён каштаваў яго ўладальніку каля трох тысяч еўра. Кіраўнік клуба Мікалай Сілкоў паведаміў, што ў склад даспехаў уваходзіць місюрка (тып шлема з кальчугі), наручнікі, кіраса (бронекамізэлька) і гусарскі камплект адзення чырвонага колеру. Агульная вага ўсяго рыштунку — 15—20 кілаграмаў. Між тым, калі яго размеркаваць па целе, ён не здаецца такім цяжкім, кажа кіраўнік клуба. Праўда, пасля таго, як даспехі зняты, першае адчуванне, што хутка паляціш. Важным дадаткам да касцюма з'яўляецца зброя. У той час гэта былі шаблі, у сучасных гусараў яны нявострыя ў мэтах бяспекі. Сваё майстэрства ўдзельнікі клуба прадэманстравалі падчас паядынкаў.

Вайсковае падраздзяленне, якое ў ХVІІ стагоддзі называлі «рэгімент», увасобілі на фэсце паслядоўнікі Януша Радзівіла. Гэта фігура, па словах кіраўніка клуба Фёдара Станіслаўскага, неадназначная. Адны лічаць Януша Радзівіла здраднікам, другія — прыхільнікам незалежнасці нашай дзяржавы. Клуб узяўся ліквідаваць белыя плямы гісторыі. Яны ездзяць на фестывалі па Еўропе. З задавальненнем прынялі ўдзел у Гродзенскім фэсце. Клуб «Рэгімент Януша Радзівіла» знаходзіцца ў Мінску, але вядомы і за межамі краіны. Члены клуба ўдзельнічалі ў здымках фільма «Начны дазор», рэкламных роліках, музычных кліпах, у прыватнасці з Валерыем Кіпелавым.

Трэці год запар у Гродна прыязджаюць ваенна-гістарычныя клубы з Польшчы. Штуршком для гэтага стаў бязвізавы рэжым. Кіраўнік рэканструктарскага клуба «Гусар» і арганізатар з польскага боку Барташ Седляр вельмі задаволены прыёмам і дапамогай Гродзенскага гісторыка-архітэктурнага музея, на тэрыторыі якога і быў разбіты старажытны ваенны лагер. Тут былі шацёр, вогнішча з кацялком, нават драўляныя сталы з драўляным посудам. Мушкецёры бавілі час за фехтаваннем, вялі гутарку за сталом, а іх дамы сэрца маглі пачаставаць напоем па шляхецкім рэцэпце.

— У нас шмат рыцарскіх фармацый, — кажа Барташ Седляр, — і ў кожнай — свае касцюмы, бо ў той час не было спецыяльнай ваеннай формы, ваявалі ў сваіх даспехах. У пяхоты пераважаў блакітны колер, рыцары на канях аддавалі перавагу чырвонаму альбо барвоваму адзенню. Толькі шляхта магла насіць уласную зброю, звычайна гэта былі шаблі. Кожны рыцар насіў шапку з мехам і накідку са скуры драпежнага звера.

У Барташа, напрыклад, з плеч звісала вялікая воўчая скура. Усе галаўныя ўборы ўдзельнікаў клуба былі аздоблены пёрамі. Пры кожным гусары — зброя. Дарэчы, арганізацыю па перавозцы гэтых атрыбутаў праз мяжу ўзяў на сябе Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

— Зброя, хоць і касцюмная, згодна з заканадаўствам, з'яўляецца зброяй і патрабуе асаблівага рэжыму захавання. Такі рэжым мы забяспечваем. Здабылі дазвол, захоўваем шаблі ў сваім сховішчы для зброі — такія правілы, — паведаміў дырэктар музея Юрый Кітурка.

Невыпадкова фэст прысвяцілі Стафану Баторыю. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі жыў на дзве сталіцы — Кракаў і Гродна. Але пасля ваенных паходаў часцей вяртаўся ў Гродна, дзе арганізаваў перабудову Старога замка Вітаўта ў сваю рэзідэнцыю. Тут прайшлі яго апошнія дні, тут ён і быў пахаваны, але праз некаторы час перавезены ў Кракаў, дзе знаходзіцца склеп каралеўскіх асоб. А гродзенскі замак з тых часоў амаль поўнасцю згубіў сваю велічнасць. І нарэшце ў мінулым годзе тут пачалося яго аднаўленне.

— Зараз у замку вядуцца рэстаўрацыйныя работы, ён набудзе выгляд часоў Стафана Баторыя, — паведаміў Юрый Кітурка. — Гэта быў час архітэктурнага росквіту Старога замка. Усе наступныя перабудовы датычыліся звычайнага рамонту пасля разбурэнняў у ходзе ваенных дзеянняў у XVІІ—XVІІІ стагоддзях.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Шляхта, Радзівілы і Стафан Баторый

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».