Вы тут

Ганна Грышкевіч: Займаемся тым, што любім!


Гэты сезон для валейбольнай «Мінчанкі» стаў сапраўды трыумфальным.

Выступаючы ў Кубку ЕКВ, беларускі клуб упершыню дайшоў да фіналу, пераадолеўшы такія моцныя еўрапейскія дружыны, як французскі «Без'е», расійскую «Уралачку» і нямецкі «Штутгарт». Удвая радасна за «Мінчанку» як мінімум з-за двух фактаў: сярэдні ўзрост каманды — 24 гады, у складзе няма ні адной легіянеркі. А значыць, у нашага валейбола ёсць будучыня.

Сёння мы сустрэліся з адным з лідараў каманды Ганнай Грышкевіч, каб падвесці вынікі спартыўнага года, зазірнуць у наступны сезон і пагаварыць аб магчымасці змены грамадзянства.


— Ганна, чакалі, што з камандай у гэтым сезоне даб'яцеся такіх поспехаў?

— Перад намі з самага пачатку стаяла задача выйсці ў паўфінал Кубка ЕКВ, мы ішлі да гэтай мэты, працавалі. І вось вынік.

— Як гулялася супраць найлепшых клубаў Еўропы?

— Спачатку быў мандраж, але дзякуючы падтрымцы вопытных дзяўчат спраўляліся. Яны падказвалі, што рабіць на пляцоўцы, і мы рабілі сваю справу. Разумелі, што ў гульнях з такімі камандамі, як «Эджзаджыбашы» нам ёсць чаму павучыцца, атрымаць каласальны вопыт, таму гуляць трэба было ў сваё задавальненне.

— Як спалася перад фіналам?

— Калі шчыра, нават не спалася. Прысутнічала хваляванне, бо трэба было паказаць прыгожы валейбол балельшчыкам, якіх у нас з'явілася вялікая колькасць за гэты год.

— Ці чакалі, што валейбол можа сабраць такую колькасць людзей? На паўфінале і фінале трыбуны СК «Уручча» былі запоўнены на 100 %, людзі прыходзілі за гадзіну да гульні.

— Не, не чакалі. У гульні са «Штутгартам» толькі бліжэй да канца матча заўважыла, што на трыбунах столькі народу, таму што па ходзе гульні не звяртала ўвагі на тое, што адбываецца навокал. Вельмі прыемна гуляць, ведаючы, што за цябе хварэюць і перажываюць, мы адчувалі падтрымку. Калі ў пачатку сезона пасля гульні па фота ці аўтограф падыходзілі 1—2 чалавекі, то да канца іх стала значна больш, і гэта не стварала напружання, а, наадварот, матывавала працаваць усё больш і больш, паказваць найлепшы вынік. Я думаю, мы не пакінулі абыякавым да валейбола кожнага другога беларуса. Мы заслужылі такой увагі.

— Прыхільнікаў у вас дадалося?

— Вядома, да дома нават прыносілі кветкі, не як дзяўчыне, а як гульцу. У нас, дарэчы, ёсць адзін вельмі адданы балельшчык, які практычна пасля кожнай гульні дорыць усім дзяўчатам невялікія падаруначкі. Такая ўвага мне падабаецца, прыемна і карысна мець зносіны з людзьмі. Некаторыя пішуць у сацыяльных сетках, хтосьці нават знаходзіць дзесьці нумар тэлефона, прапануюць сустрэцца, хочуць пазнаёміцца.

— Некаторыя мужчыны для гэтага і ходзяць на валейбол, бо там прыгожыя даўганогія дзяўчаты ў кароткіх шорціках.

— Гэта матывуе нас працаваць над сабой не толькі ў плане валейбола, таму большасць дзяўчат выходзіць на пляцоўку з макіяжам. Хоць у «Мінчанцы» ўсе дзяўчаты дагледжаныя, прыемна глядзець на іх нават без макіяжу. Кажуць, калі ідзе валейбалістка, гэта адразу відаць — выпрастаныя плечы, выправа, галава наперад.

— Не крыўдна, што папулярнасць да гэтага віду спорту прыйшла толькі цяпер?

— Вядома, да гэтага часу засмучае, што на той жа чэмпіянат Беларусі ў нас не прыходзіць такая колькасць людзей, як на ЕКВ, але гэта і зразумела, бо ў «Мінчанкі» там няма канкурэнцыі. За сезон мы можам прайграць пару партый. Я лічу, трэба падымаць узровень нашага роднага чэмпіянату, каб балельшчыкі пацягнуліся не толькі на еўракубкавыя матчы. Калі цікавыя гульні будуць рэгулярна, аматараў валейбола стане яшчэ больш.

— У вас саміх цікавасць да мясцовага чэмпіянату не страцілася?

— Разумелі на 90 % імавернасці, што мы будзем чэмпіёнамі краіны, але трэнер яшчэ ў пачатку сезона даў устаноўку — гуляць за свой гонар, паказваць добры ўзровень, каб потым ні ў кога не было падставы сказаць, што каманда, якая ўдзельнічае ў Лізе чэмпіёнаў, паказвае дрэнны валейбол.

— У наступным сезоне «Мінчанка» будзе ўдзельнічаць у чэмпіянаце Расіі?

— Горад пайшоў нам насустрач, знайшлі грошы, фінансавае пытанне вырашана. 99 %, што будзем удзельнічаць, засталося толькі атрымаць афіцыйнае пацвярджэнне з Расіі. Тое, чаго хацеў наш галоўны трэнер і ўвесь клуб два гады, адбылося цяпер.

— Што гэта будзе для каманды, для вас асабіста, для балельшчыкаў?

— У расійскай лізе ўжо няма слабых камандаў, таму для нас гэта будзе велізарны вопыт. Значна павялічыцца колькасць гульняў, улічваючы тое, што мы будзем удзельнічаць і ў кубку ЕКВ і ў Лізе чэмпіёнаў, плюс фінал чэмпіянату Беларусі. Усе гульні будуць важныя.

Думаю, мы збяром яшчэ больш балельшчыкаў, бо да нас будуць прыязджаць такія легендарныя каманды, як «Дынама-Казань», «Дынама-Масква», «Уралачка». Мы і так прывозілі ў Мінск топавы валейбол, зараз яго будзе ўсё больш і больш. Спадзяюся, гэты від спорту ў Беларусі адродзіцца і да яго з'явіцца вялікая цікавасць.

— Якія шанцы ў «Мінчанкі» ў расійскай лізе?

— Я лічу, мы можам прэтэндаваць на тройку лідараў. У нас кожны гулец ставіцца да сваёй справы са стапрацэнтнай самааддачай. За кошт каманднай працы, каманднага духу, нашай сям'і, да якой, магчыма, дадасца яшчэ пару моцных гульцоў, мы зможам паказаць вельмі добры валейбол і паказытаць нервы расійскай суперлізе.

— Два гады таму вы падпісалі кантракт з клубам адразу на пяць гадоў, не шкадуеце?

— Па ходзе сезона была вялікая колькасць прапаноў, гэта зразумела, бо мы гуляем на віду, агенты сочаць, але ў мяне кантракт з «Мінчанкай» яшчэ на тры гады.

Шчыра скажу, першыя часы шкадавала, думала, тут не будзе ніякага развіцця, а аказалася, што я расту ў сваім клубе з кожным годам усё больш і больш. Ёсць такія дасведчаныя гульцы, як Вольга Пальчэўская і Аксана Кавальчук, за якімі хочацца цягнуцца, якія дапамагаюць ва ўсім. Таму я разумею, што ў Беларусі сёння ў мяне ёсць магчымасць развівацца і паказваць топавы валейбол, удзячная за гэта трэнерам і дзяўчатам. Да таго ж тут родныя людзі, таму не асабліва хочацца з'язджаць.

— У вас была магчымасць памяняць грамадзянства...

— У 15 гадоў мне прапанавалі гэта першы раз. Людзі, якія хацелі перавабіць у Расію, казалі пра такія перспектывы, што кружылася галава. І не схаваю, калі ты ў такім узросце, складана адрозніць хлусню ад праўды, таму я хацела з'ехаць у Расію. Тады мяне спыніў Віктар Фёдаравіч Ганчароў, цяперашні галоўны трэнер «Мінчанкі», якому я вельмі ўдзячная. Тут, магчыма, я адна такая, а ў Расіі нас магло быць тысячы, і прабіцца значна складаней. Я не шкадую, што зрабіла такі выбар, хачу захаваць сваю любоў да радзімы і прадстаўляць менавіта Беларусь на высокіх спаборніцтвах.

— Калі перанесціся трохі ў мінулае, як пачынаўся для вас валейбол?

— Мне было гадоў 11—12, на школьны ўрок у клас зайшоў трэнер, папрасіў усіх дзяўчынак устаць. Убачыў, што я высокая, прапанаваў схадзіць на трэніроўку па валейболе, я схадзіла, стала цікава. Але каб зразумець, што такое валейбол, пайшла на гульню нацыянальнай зборнай, якая праходзіла як раз у гэтыя дні. Мне вельмі спадабалася, з таго моманту пачала ўзмоцнена і старанна займацца спортам.

Неўзабаве з'явіліся праблемы з каленямі, я хутка расла, а звязкі не паспявалі. Урачы ў нас перастрахоўшчыкі, рэкамендавалі не займацца спортам, але мне вельмі падабаўся валейбол. Перагаварылі з трэнерам, вырашылі, што гэты перыяд трэба проста ператрываць. Так і выйшла, цяпер усё нармальна. Калі любіш па-сапраўднаму сваю справу, то шмат чаго не заўважаеш і ўсё можаш пераадолець.

— Прагрэс у вас пайшоў хутка?

— Праз тры гады ўжо прапанавалі перайсці ў «Мінчанку», я тады доўга думала, бо многія казалі, што старэйшыя дзяўчаты там мяне з'ядуць, што я буду сядзець на лаўцы. У той жа час разумела: у мяне няма канкурэнцыі ў дзіцяча-юнацкай школе, а развівацца далей хацелася, вырашылі з бацькамі рызыкнуць. Сапраўды, у нас з гульцамі «Мінчанкі» была вялікая розніца ва ўзросце і ва ўзроўні гульні, я калі прыйшла нават не ведала, як да іх звяртацца на «ты» ці на «вы». Было складана, але разам з гэтым вельмі цікава, за кошт таго, што дзяўчаты былі на галаву вышэй за мяне, пачала з вялікай хуткасцю расці. І ў камандзе да мяне выдатна ставіліся. Праз паўгода з дубля перайшла ў асноўную каманду, а яшчэ праз 6 месяцаў гуляла ў асноўным складзе.

— Чым даводзіцца ахвяраваць дзеля спорту?

— Вядома, здароўем, яго ў нас дакладна не дадаецца, ну і сваім асабістым часам. Але я ні пра што не шкадую, бо такую колькасць эмоцый, якую атрымліваю я ад гульняў, трэніровак, сваёй каманды, атрымліваюць не многія людзі ў жыцці. Ні за што не прамяняла б тое, што ў мяне ёсць на тусоўкі. Я займаюся тым, што люблю.

Сапраўды, часам ты павінен прымаць нейкія важныя рашэнні, выбіраць паміж асабістым жыццём і спортам, але калі трапляецца малады чалавек, які разумее (гэта ў асноўным спартсмены), то ўсё становіцца нашмат прасцей. Што датычыцца сям'і, нараджэння дзяцей, то нашы старэйшыя дзяўчаты Оля Пальчэўская і Аксана Кавальчук сваім прыкладам паказваюць — гэта выдатна можна сумяшчаць з валейболам.

— У жыцці і на пляцоўцы вы розная?

— Так, на пляцоўцы я вельмі сур'ёзная, у жыцці мяне такой убачыць вельмі складана, практычна немагчыма. Падчас гульні ў мяне з'яўляецца засяроджанасць, спартыўная злосць, часта мяне нават не пазнаюць.

— Ёсць якасці, якія яшчэ хацелася б набыць?

— Калі казаць пра гульню ў тэхнічным плане, то ў кожным элеменце яшчэ ёсць у чым дадаваць. Хацелася б набыць эмацыянальную стабільнасць, калі старэйшыя гульцы зрабілі памылку, на ёй асабліва не зацыкліваюцца як, напрыклад, я. Доўга перажываю дрэнныя матчы, а яны глядзяць на гэта ўжо крыху па-іншаму.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.