Вы тут

Чаму на сцэне опернага тэатра плача Парыж?


...А вы б хацелі пабываць у Парыжы пачатку мінулага стагоддзя? О, гэта быў горад магчымасцяў для розных творцаў, куды іх прыводзілі надзеі паказаць сваё мастацтва, знайсці аднадумцаў, якія таксама жывуць мастацтвам. І тыя, хто гатовы быў пацярпець за мастацтва, атрымалі сваю славу — своечасова, калі пашчасціла, ці ўжо пазней...


У атмасферу таго Парыжа, куды імкнуліся нашы Марк Шагал і Хаім Суцін, паглыбіцца проста — трэба ісці на спекталь у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі, дзе ў афішы ёсць опера «Багема» Джакама Пучыні ў пастаноўцы народнага артыста Расіі, лаўрэата расійскай тэатральнай прэміі «Залатая маска», прафесара Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва Аляксандра Цітэля. Яго пастаноўка здолела не проста ўвесці ў свет оперы Пучыні, яна перадала сапраўдны дух тагачаснай багемы. І нават больш — паказала Парыж, стварыла яго вобраз, які фактычна становіцца яшчэ адным, асобным — і нават бачным — дзейным персанажам спектакля, які жыве на сцэне, радуецца і нават пакутуе разам з героямі.

Яны асаблівыя: бедныя, з тонкай душой, рамантычныя, натхнёныя і багатыя на пачуцці. Паэт Рудольф, мастак Марсель, філосаф Кален і музыкант Шанар. Творчыя і вельмі рамантычныя асобы. А гэта цікава. Магчыма, у тым і прычына запатрабаванасці оперы «Багема» Джакама Пучыні: прадстаўлена трэцяя яе пастаноўка на сцэне нашага опернага тэатра. Дагэтуль «Багему» ставілі ў 1968-м і 2002 гадах. Яна кранае музыкай — вельмі лірычнай, што ўводзіць у свет пачуццяў галоўных герояў Рудольфа і Мімі. Таму, відаць, «Багема» — адна з найпапулярнейшых опер, якую любяць ва ўсім свеце. І сапраўды, дагэтуль здавалася, што як бы яе ні ставілі, усё адно слухаць яе прыемна.

Але вялікім культурным уражаннем стала магчымасць не проста слухаць яе ў новай пастаноўцы. Цяпер гэтую оперу прыемна яшчэ і разглядаць — кожны куточак сцэны, кожны сюжэт, на фоне якога разгортваюцца падзеі, кожную дэталь і кожнае імгненне хочацца ўхапіць ва ўсіх падрабязнасцях, імкнешся паспяваць за зменлівасцю і трансфармацыяй карцін на заднім плане... І разумееш: каб ацаніць увесь маштаб, прыгажосць, нават фантастычнасць гэтай пастаноўкі, на «Багему» трэба будзе хадзіць яшчэ і яшчэ, і будзе магчымасць кожны раз адкрываць у гэтым спектаклі нешта новае. Гэта ж цудоўна! Каб опера так вабіла і чапляла не толькі музыкай... Гэта той варыянт, калі сышлося ўсё: рэжысёрскае прачытанне, мастацкае адлюстраванне і спевы салістаў — аказваецца, усе нашы, усе працуюць выдатна, калі адчуваюць — дзеля чаго. І аркестр часам (здаецца!) адчувае, як дыхае спектакль, і ідзе ўслед за ім — тут менавіта гэта і трэба. Сышлося ўсё — і нарадзілася мастацтва на сцэне.

Для Аляксандра Цітэля праца над «Багемай» не першая. Ён узначальвае оперную трупу Маскоўскага музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, на сцэне якога ідзе гэты твор у яго ж пастаноўцы. Чым асаблівая беларуская версія?

Опера была створана Пучыні ў канцы ХІХ стагоддзя і расказвала пра жыццё маладых творцаў, што імкнуліся ў Парыж у надзеі рэалізавацца. Гэта бліжэй да часу імпрэсіяністаў. А ўжо на пачатку ХХ стагоддзя Парыж стаў нефармальным цэнтрам мастацтва Еўропы, дзе віравалі розныя мадэрнісцкія ідэі і плыні. Менавіта гэты часавы перыяд больш прывабіў рэжысёра: у спектаклі дзеянне адбываецца прыкладна ў 20-я гады мінулага стагоддзя.

Мадэрнісцкія настроі ХХ стагоддзя, пошукі мастацкай свабоды і чалавечай шчырасці і праз сто гадоў прыцягальныя. Пастановачная група робіць рэверанс у бок Беларусі: на сцэне творы Шагала, Суціна, Малевіча...

Час тут відаць не толькі як антураж — сам кантэкст існавання мастацтва і творчага асяроддзя для гэтай оперы вельмі важны. Таму праз гэтую гульню з часам праступае яшчэ вобраз самой творчасці: яна ў адмысловых і неверагодных строях артыстаў у масавых сцэнах — вы нібыта назіраеце за вуліцамі Парыжа. Творчасць увасабляе і кожны з сяброў: іх род заняткаў рэжысёр акцэнтуе ці то аркушамі паперы альбо кнігай, пэндзлем ці музычным інструментам. Кожны з чацвёркі імкнецца выжыць у гэтым горадзе, не губляе аптымізму: іх паглынаюць мары пра будучую выстаўку. І, здаецца, мы гэтыя мары «бачым» на свае вочы — карціны на заднім плане трансфармуюцца, перацякаюць адна ў адну, перадаючы настрой герояў. Яны сугучныя і каханню, падкрэсліваючы рознасць яго праяў. Мімі змагаецца з хваробай, баіцца страціць каханага. Мюзэта наадварот — нібыта гуляе пачуццямі свайго сябра.

Аўтар сцэнаграфіі Юрый Усцінаў, мастак па касцюмах Ірына Акімава згодна з рэжысёрскай канцэпцыяй стварылі мінімалістычныя дэкарацыі, якія могуць «ажываць» (дзякуючы прыёму «кінетычнага жывапісу»). Побытавы фактар мінімалізаваны: прадстаўнікі парыжскай багемы жывуць у вялікім памяшканні, знятым для правядзення выстаўкі. І ўсё на гэта працуе. Пераказваць мастацкі складнік новай «Багемы» — няўдзячная справа. Бо гэта трэба бачыць — бы мы ідзём на цікавую выстаўку.

Наогул, у гэтым спектаклі творчасць ва ўсім: у дэталях, якія абазначаюць прастору, — ці гэта прыдуманая «чарачная» на заднім плане (які Парыж без кафэшак?), ці балкон для рамантычных прызнанняў у выглядзе туфліка на высокім абцасе, ці кранальны ложак для апошняга ўздыху галоўнай гераіні. Тут прадуманы кожны момант, кожная мізансцэна: як героі знаёмяцца і як размаўляюць, што ў іх на стале, нават калі на сцэне сметніца, то яе існаванне абгрунтаванае дзеяннямі персанажаў, а калі патрэбна, з'яўляецца прыбіральшчыца, а за ложкам Мімі, нібыта за катафалкам, ідуць верныя сябры...

«Не, немагчыма плакаць, бо чула оперу не адзін раз», — пераконвала я сябе ў зале. Стрымацца было складана. І стала зразумела, што значыць пачуццёвасць оперы: калі за некалькі гадзін спектакля перажыў палітру адчуванняў, кожнае з якіх было рэальным, бо нараджалася ў сэрцы, а ты сам з'яўляўся часткай гэтай чароўнай атмасферы, — і тады навошта стрымлівацца? І як магчыма не крычаць «брава» выдатнай Мімі ў выкананні маладой спявачкі Марты Данусевіч, якая шмат для каго можа стаць асабістым адкрыццём (выхаванка беларускай школы, дарэчы). І Рудольф Аляксандра Міхнюка ды Марсель Уладзіміра Громава былі такімі ж пераканаўчымі (не толькі ў спевах, але і ў акцёрскай ігры). І аркестр (дырыжор-пастаноўшчык — заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна) здолеў падкрэсліць ціхі момант развітання назаўсёды.

І карціны на сцяне перацяклі ў чорны квадрат, за якім, магчыма, нічога няма, акрамя самой містыкі мастацтва.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Невымоўная прыгажосць развітання

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.