Летась па выніках Рэспубліканскага конкурсу «Горад культуры» ў намінацыі «Найлепшы горад раённага падпарадкавання» пераможцам прызнаны Светлагорск. У Год малой радзімы тут таксама ажыццяўляецца маштабная работа па добраўпарадкаванні не толькі райцэнтра, але і сельскіх населеных пунктаў.
Старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый АЛЕЙНІКАЎ адзначае, што сёлета важна не дапусціць зніжэння дасягнутых вынікаў і ў аграпрамысловым комплексе, а таксама стварыць спрыяльныя ўмовы для адкрыцця новых прадпрыемстваў.
— У нас атрымалася летась захаваць станоўчую дынаміку самых важных кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і забяспечыць выкананне прагнозных паказчыкаў па экспарце тавараў, вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, па ўводзе ў дзеянне жылых дамоў. У 2017-м з'явіліся 26 новых арганізацый, у тым ліку 11 — у вытворчай сферы. Зарэгістравана 236 індывідуальных прадпрымальнікаў. На суму больш за 400 млн рублёў выраблена прамысловай прадукцыі. Аб'ёмы прамысловай вытворчасці ў фактычных цэнах павялічыліся на 11 %.
— Якія інвестыцыйныя праекты рэалізоўваюцца прамысловымі прадпрыемствамі раёна?
— У адкрытым акцыянерным таварыстве «Светлагорскхімвалакно» ўжо створана больш за сорак новых працоўных месцаў. Там уведзена ў эксплуатацыю ўстаноўка па рэгенерацыі адходаў ацэтону, пашырана вытворчасць мяккіх разавых кантэйнераў тыпу «біг-бег», у стадыі рэалізацыі праект «Пашырэнне вытворчасці нятканых матэрыялаў будаўнічага прызначэння». У адкрытым акцыянерным таварыстве «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат» завяршаецца рэалізацыя праекта «Будаўніцтва завода па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы» магутнасцю 400 тысяч тон у год. Увогуле ж летась за кошт стварэння новай вытворчасці з'явілася 67 новых працоўных месцаў. Прадпрыемствы раёна выходзяць на новыя рынкі. Дзевяць краін у 2017 годзе сталі партнёрамі па знешнеэканамічнай дзейнасці. У іх ліку Азербайджан, Сербія, Кіпр, Македонія. У параўнанні з 2016 годам у раёне павялічыўся экспарт турыстычных, будаўнічых, дзелавых паслуг, а таксама паслуг аховы здароўя.
— Якія тэндэнцыі назіраюцца ў сельскай гаспадарцы?
— На ўзроўні больш чым 105 % тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі ў грамадскім сектары, вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. У гаспадарках Светлагоршчыны праведзена значная работа па абнаўленні тэхнічнай базы і рэканструкцыі жывёлагадоўчых аб'ектаў. Летась працаўнікамі вёскі выраблена 55 тысяч тон малака, вырашчана амаль 16 тысяч тон прадукцыі раслінаводства.
— Якім чынам жыхары горада і раёна адчуваюць тыя змены, якія адбываюцца ў вытворчым сектары?
— У эксплуатацыю ўведзена 45 індывідуальных жылых дамоў. Пабудавана 17 тысяч квадратных метраў жылля ў шматкватэрных дамах. Больш як восемдзесят сем'яў адсвяткавалі ўваходзіны. Добраўпарадкаваны дарогі і гарадскія вуліцы, пастаянна ажыццяўляецца капітальны рамонт жыллёвага фонду. Адкрыліся 23 новыя крамы. Палепшылася якасць аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву ўстановамі аховы здароўя раёна.
— Дзмітрый Вадзімавіч, раскажыце пра дасягненні маладых жыхароў Светлагоршчыны.
— За мінулы год у скарбонцы перамог нашых школьнікаў і навучэнцаў — 82 дыпломы абласной і рэспубліканскай алімпіяд. 90 дыпломаў яны атрымалі ў інтэрнэт-віктарынах, інтэрнэт-алімпіядах, інтэлектуальных конкурсах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. 615 прызавых месцаў заваявалі нашы спартсмены ў спаборніцтвах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. У аснове ўсіх дасягненняў — вынік добрасумленнай працы і высокай ступені адказнасці за даручаную справу кожнага, хто памножыў поспехі раёна. Нас усіх аб'ядноўвае тое, што сваю плённую працу, веды і энергію мы накіроўваем на ўмацаванне прэстыжу Светлагорскага раёна.
Светлагорскі раён займае плошчу амаль 190 тысяч га. У райцэнтры жыве каля 69 тысяч чалавек, у сельскай мясцовасці – 16 тысяч.
У раёне працуюць 44 арганізацыі аховы здароўя, 65 устаноў адукацыі, пяць спецыялізаваных навучальна-спартыўных устаноў. У Светлагорскім раёне культывуецца 15 алімпійскіх відаў спорту.
На тэрыторыі раёна дзейнічаюць 63 арганізацый культуры. У іх ліку пяць дзіцячых школ мастацтваў, раённы гісторыка-краязнаўчы музей, мастацкая галерэя...
Турыстычная інфраструктура раёна прадстаўлена 46 помнікамі гісторыі, археалогіі, архітэктуры і культуры, занесенымі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.