Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Лісты ад чытачоў газеты «Звязда».


Гісторыя салдацкай каскі

Усё далей у мінулае адыходзяць гады Вялікай Айчыннай вайны, але ж для нас і, спадзяюся, для будучых пакаленняў гэта не проста гісторыя.

У лесе непадалёк ад вёскі Карніца, дзе праходзіла маё дзяцінства, ёсць адзінокая магіла. У кнізе «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць» яна згадваецца так: «...Воін (прозвішча не ўстаноўлена) загінуў у баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1941 г. У 1965 г. на магіле пастаўлены абеліск».

У ваколіцах Карніцы яго ведалі ўсе: сюды ў Дзень Перамогі прыходзілі ветэраны і жыхары навакольных вёсак, каб аддаць даніну павагі і памяці. Да таго ж лес абапал быў багаты на грыбы, і калі ў некага пыталі, дзе іх назбіралі, людзі адказвалі: «Каля «байца».

Гісторыю яго магілы мне расказала мая родная цётка Вольга Сяргееўна Васілеўская. Па яе словах, летам 1941-га, выходзячы з акружэння, у няроўным баі з немцамі загінула група чырвонаармейцаў. Мясцовыя пастухі пахавалі іх у дзвюх магілах: адна была брацкая, на другой яны палажылі салдацкую каску, у сярэдзіне якой было напісана: «Хлеб Пётр». (Пазней астанкі трынаццаці чырвонаармейцаў былі перапахаваныя на могілках суседняй вёскі Бараціна, а магіла з каскай так і засталася.)

Мяне зацікавіў лёс салдата з такім незвычайным прозвішчам, якое запомнілася маёй, тады шаснаццацігадовай, цётцы. Я звяртаўся да ветэранаў вайны, пісаў у рэдакцыі газет. І якое ж было здзіўленне, калі аднойчы — разам з сям'ёй, на «Жыгулях» — з Растова да мяне прыехаў Уладзімір Пятровіч Хлеб. Ён доўга шукаў хоць якія-небудзь звесткі пра свайго бацьку і тут...

Госць сустрэўся тады з жыхарамі Карніцы, пабываў на магіле, наведаў ваенкамат, моцна пашкадаваў, што не захавалася каска... Здавалася б, можна паставіць кропку? Бянтэжыла хіба адно: Уладзімір Пятровіч, апроч маленькай бацькавай фатаграфіі, меў паведамленне, дзе было напісана, што Хлеб Пятро Рыгоравіч знік без вестак у... 1942-м.

Больш за год мы працягвалі ўжо сумесны пошук. У выніку стала вядома, што «радавы Хлеб Пятро Рыгоравіч, 1905 года нараджэння, выхадзец з Чарнігаўскай вобласці... памёр у нямецкім палоне 14 сакавіка 1942 года». Хто ваяваў і загінуў у 1941-м каля вёскі Карніца, як туды трапіла салдацкая каска з надпісам «Хлеб Пётр», па-ранейшаму застаецца таямніцай.

...Праходзіць, пралятае час і многае мяняе. Даўно няма ўжо Карніцкай пачатковай школы, вучні якой даглядалі магілу, няма ў гэтай вёсцы жыхароў ды і яе самой няма.

Толькі помнік застаўся стаяць у ганаровай варце. Ён знаходзіцца пад патранажам Хваставіцкага сельсавета.

Валерый Васілеўскі, г. п. Глуск


Прыстанак, дзе заўсёды прымуць

Лядзенскі мужчынскі манастыр знаходзіцца ў вёсцы Малыя Ляды Смалявіцкага раёна, і ўзнік ён па боскім наканаванні: у 1730 годзе яго заснаваў мінскі ваявода Завіша ў знак падзякі за вылячэнне жонкі.

Маё першае паломніцтва ў гэты манастыр адбылося гадоў 25 таму, але светлыя дні знаходжання там і клопат аб кожным чалавеку ў памяці дагэтуль, як і шчырае жаданне жыць па-новаму.

Цяпер браты Лядзенскага манастыра падпарадкоўваюцца ігумену айцу Лаўру. Жыццё яго скіраванае на духоўнае ўдасканаленне, назапашванне вопыту, служэнне блізкім і Богу. Манах завочна вучыцца ў Жыровіцкай семінарыі. Ён цярпліва прымае абяздоленых сясцёр і братоў, пакрыўджаных несправядлівым светам. А іх, трэба сказаць, нямала, прычым розных узростаў.

Стаю побач з паслушнікам Алегам. Ён расказвае, што некалі меў і сям'ю, і працу, але дома пачаўся разлад, і жонка з пасынкам выставілі яго на вуліцу. Нейкі час Алег жыў у пад'ездзе, потым — пад адкрытым небам, на здымнай кватэры. Па прафесіі ён радыёмеханік. Тут, у манастыры, з надзеяй на ласку Усявышняга, працуе аператарам ацяпляльнага абсталявання, жыве сярод людзей з лёсамі, у нечым падобнымі да ягонага...

— Пасля смерці бацькоў, — расказвае брат Аляксандр з Брэстчыны, — мяне забралі да сябе дзядуля з бабуляй. Я скончыў школу, працаваў, паверыў у Бога і пасяліўся ў Лаўрышаўскім манастыры. Потым паехаў у Мінск, зняў пакой, уладкаваўся на работу, але плацілі там вельмі мала, і я звольніўся.

У Лядзенскім манастыры Аляксандр працуе на кухні: чысціць гародніну, пячэ хлеб, просвіры, накрывае на сталы і марыць аб шчаслівым сямейным жыцці.

На тэрыторыі абіцелі ёсць свая пякарня, свая пасека, швейная майстэрня, ферма. Нядаўна адкрылася манастырская чайная, дзе паломнікі могуць пачаставацца піражкамі з духмянай гарбатай ці кавай. У хуткім часе ў манастыры плануюць асвоіць вэнджанне рыбы, прыгатаванне рыбных кансерваў па-дамашняму.

...Задаволены насельнікі абіцелі і сваімі ўмовамі жыцця: для іх — двух- і чатырохмесныя келлі, душавыя кабінкі, адзенне, абутак, бялізна... За прытулак і ежу яны не плацяць: нясуць розныя паслушэнствы, сумяшчаюць працу з малітвамі.

Сэнс служэння праваслаўных братоў для многіх па-ранейшаму застаецца загадкай. Але Бог ведае сэрцы людзей і звяртаецца да іх са словамі: «Прыйдзіце да Мяне, я супакою вас».

Бывае, на жаль, што чалавек заблудзіцца, разгубіцца сярод мітусні і людскога непаразумення, стане шукаць дарогу... На шчасце — яна блізка: ёсць на зямлі хрысціянскія прыстанкі, дзе жыве міласэрнасць і дзе заўсёды прымуць тых, хто «распусціў маёмасць сваю», але раскаяўся: адзенуць, абуюць, накормяць і будуць шчыра прасіць Усявышняга аб дабрабыце.

Святлана Няронская, г. Мінск


Той мост не гэты...

У маштабах Беларусі новы мост цераз рэчку Дрыса, можа, і не падзея, а вось для нашай вёскі Янкавічы ды іншых жыхароў Расоншчыны — яшчэ і якая!

Канкрэтны выпадак: мінулым летам у вёску Булгакі везлі будматэрыялы. Машына даехала да моста. Перад ім кіроўца ўбачыў абмежавальны знак (пяць тон) і далей не паехаў: можна сказаць, разгрузіўся пад знакам. Далей сілікатабетонныя блокі прыйшлося перавозіць на мотаблоку...

І гэта, вядома ж, толькі адзін выпадак, бо на тым беразе ракі — жывёлагадоўчая ферма, сельгасугоддзі, землі лясной гаспадаркі, людзі. Яны не адрэзаны больш ад «вялікай зямлі».

...Трэба сказаць, што на маёй памяці гэта чацвёрты мост. Ранейшыя насцілы былі драўляныя і вельмі хутка ламаліся. Таму новае жалезабетоннае збудаванне тут вельмі дарэчы.

Аляксандр Матошка, в. Янкавічы, Расонскі раён

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.