Вы тут

Узвядзенне мемарыяла «Урочышча Пяскі» так і не скончана


Ці можам мы быць спакойныя, пакуль нашы дзяды і прадзеды, якія абаранялі ў Вялікую Айчынную беларускую зямлю, дагэтуль належным чынам не пахаваныя? Адным з такіх месцаў памяці з'яўляецца «Урочышча Пяскі», што на ўскраіне Полацка. Газета «Звязда» з 2013 года інфармацыйна суправаджае ідэю стварэння мемарыяла на тэрыторыі гэтага масавага пахавання савецкіх воінаў, вязняў фашысцкага перасыльнага лагера «ДУЛАГ-125», мірных жыхароў. У полацкіх пясках засталіся астанкі, па розных звестках, ад 40 да 150 тысяч чалавек, якія дагэтуль належным чынам не пахаваныя. Да гэтага часу штогод вецер і дажджы агольваюць людскія косткі... Шмат сіл і сродкаў усёй краіны было аддадзена для таго, каб давесці будаўніцтва да ладу. Але з-за інфляцыі і несумленных падрадчыкаў узвядзенне так і не скончана.


Удзельнікі канферэнцыі «Роля рэлігій у захаванні міру» ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.

І ўсё ж такі за апошнія гады было зроблена нямала. Ужо з 2016 года стаіць капліца. Узведзена Сцяна памяці з прозвішчамі тых загінулых, якіх пашчасціла ідэнтыфікаваць, а таксама сімваламі розных канфесій і рэлігій — праваслаўя, каталіцызму, іўдаізму, ісламу, бо сярод пахаваных ёсць прадстаўнікі кожнай з іх. Наперадзе — будаўніцтва ўваходнага партала ў выглядзе крыжа, абеліска загінулым воінам, а таксама ўзвядзенне агароджы па перыметры мемарыяла. Ужо была пакладзена плітка на месцах пахавання, каб іх болей не размывала, але матэрыял, з якога яна выраблена, аказаўся няякасны. Пра гэты выпадак напрыканцы мінулага года пісала газета «СБ — Беларусь сегодня».

У будаўніцтва, якое пачалося ў 2012 годзе, было ўкладзена больш за 400 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў, спонсарскай дапамогі і ахвяраванняў, сабраных Беларускім фондам міру. Аб'ект планавалі здаць на працягу шасці месяцаў. Аднак зараз ён гатовы менш чым на палову. Да таго ж работнікі Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці, якія праводзілі там праверку, высветлілі, што пры ўзвядзенні мемарыяла завышаўся кошт работ, выкарыстоўваліся няякасныя матэрыялы. Напрыклад, плітка на ўжо гатовай Сцяне памяці дэфармавалася настолькі, што ледзь не абвалілася на зямлю.

Генеральны падрадчык па аб'екце прыцягнуў да субпадраду іншую арганізацыю. Але атэстатаў адпаведнасці ў яе не было. Менавіта субпадрадчык у 2016-м набываў плітку і іншыя будматэрыялы без узгаднення з заказчыкам, які не кантраляваў работы, што праводзіліся на аб'екце. Гэта — адна з прычын, па якой Сцяна памяці ледзь не абвалілася яшчэ да адкрыцця мемарыяла.

Дарожкі з тратуарнай пліткі на мемарыяле таксама выкананы неналежным чынам. У асобных месцах плітка вышэй бардзюрнага каменя. Яе колер павінен быць цёмны, але пасля зімоўкі на паверхні выступілі бялявыя разводы ад солі. Ёсць адбітыя куткі і «ракавіны» — паглыбленні, якія ператварыліся ў пясок. Самыя разбураныя ўчасткі ўжо дэмантавалі.

Асобнае пытанне — як кошт работ на мемарыяле аказаўся завышаным на 57 тысяч рублёў? Таццяна Хітрова, намеснік старшыні Полацкага міжраённага Камітэта дзяржкантролю, каментуе гэта так: «Калі будматэрыялы набываюць за кошт бюджэту, недапушчальна перавышаць надбаўку ў 10 %. У нашым выпадку закупкі вяліся праз пасярэднікаў з перавышэннем гэтага парога. Да таго ж капліцу, якая будзе ўсталяваная на мемарыяле, генпадрадчык умудрыўся падаць да аплаты двойчы».

У публікацыі адзначаецца, што вінаватых асоб знялі з пасад, а арганізацыі, якія неналежна выканалі работы, аштрафавалі. Але факт застаецца фактам — мемарыял недабудаваны, і грошай на заканчэнне работ на цяперашні момант усё яшчэ недастаткова. Тым не менш тыя, хто дагэтуль верыць, што мемарыял будзе дабудаваны, працягваюць шукаць спосабы сабраць сродкі такіх заўзятараў. Адзін з іх — Максім Місько, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, старшыня праўлення Беларускага фонду міру. У яго з'явілася ідэя ўдзелу Фонду міру ў атрыманні гранта Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у $25 000, каб аддаць атрыманыя сродкі на завяршэнне работ.

«У 2010 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, згодна з якой штогод кожны першы тыдзень лютага праводзіцца Сусветны тыдзень гарманічных міжканфесійных адносін паміж усімі рэлігіямі, веравызнаннямі і канфесіямі, — расказвае ён. — У Полацку будуецца мемарыял «Урочышча Пяскі», таму менавіта тут было вырашана правесці рэспубліканскую міратворчую канферэнцыю «Роля рэлігій у захаванні міру». Уся краіна збірае ахвяраванні на будаўніцтва мемарыяла, яно ўключана ў дзяржаўную праграму. Акрамя таго, усе канфесіі дапамаглі пералічыць грошы на будаўніцтва. Наша агульная задача зараз — дастойна, усім разам пахаваць загінулых тут людзей».

Важна, што неабыякавымі да наступстваў Вялікай Айчыннай вайны застаюцца і прадстаўнікі розных веравызнанняў Беларусі. Падчас свайго выступлення на канферэнцыі кіраўнік Фонду міру асобна звярнуўся да ролі канфесій у вырашэнні міждзяржаўных канфліктаў. «Сёння знешняя палітыка — гэта не толькі адносіны паміж дзяржавамі. Вялікую ролю адыгрываюць і грамадзянскія супольнасці, а значыць, і рэлігійныя. Больш за 80 % людзей у свеце належаць да пэўнай рэлігіі. Рэлігійныя супольнасці маюць значны ўплыў, — лічыць Максім Місько. — Рэлігіі могуць і павінны браць на сябе адказнасць у вырашэнні мноства канфліктаў. Выкарыстоўваць рэлігійны патэнцыял неабходна. І гэтаму доказ — праведзеная канферэнцыя».

Адна з задач Фонду міру — дапамагаць збіраць грошы, мабілізоўваць сродкі для міратворчых праектаў. Калі ў конкурсе на тое, хто лепей правядзе мерапрыемства ў Сусветны тыдзень, ідэя з міжканфесійнай канферэнцыяй пераможа, то $25 000 гранта, ці каля 50 000 рублёў, пойдуць на будаўніцтва мемарыяла. «За гэтыя грошы мы маглі б паставіць уваходны партал і давесці астатнія работы да ладу. На сёння амаль 150 000 рублёў ужо ёсць. Атрыманыя ад гранта грошы амаль цалкам пакрылі б неабходныя расходы», — тлумачыць Максім Місько. Але, як высветлілася пазней, у ААН у атрыманні гранта Беларускаму фонду міру адмовілі.

Так па праекце павінен выглядаць мемарыяльны комплекс.

Для Наталлі Гуйвік, старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, недабудаваны мемарыял — асабісты боль. Ужо шмат гадоў яна — ініцыятар належнага пахавання ва ўрочышчы. І станоўча ставіцца да таго, што з дапамогай далучыліся і прадстаўнікі веруючых супольнасцяў. «Ва «Урочышчы Пяскі» пахаваны савецкія воіны ўсіх канфесій. У 52-ю савецкую армію ўвайшлі байцы самых розных нацыянальнасцяў — башкіры, удмурты, рускія, татары. Яны амаль усе трапілі ў палон», — расказвае парламентарый.

Па словах дэпутата, ёсць ваенны пашпарт, які пацвярджае, што ў гэтым месцы пахавана больш за 38 тысяч ваеннапалонных, бо тут з-за пяскоў гэта рабіць было вельмі зручна. Ва ўрочышчы было знойдзена дзевяць ямін, з якіх дзве цалкам спалены: немцы спрабавалі знішчаць сведчанні сваіх злачынстваў, калі адыходзілі. Дакументальна вядома 102 прозвішчы загінулых, што і адлюстравана на Сцяне памяці. Побач з ёй ляжыць пліта, на якой выбіты чатыры рэлігійныя сімвалы. Прозвішчы даказваюць, што ў пясках пахаваны людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў.

Пакуль мы разам з удзельнікамі канферэнцыі дабіраліся да мемарыяла, Наталля Васілеўна не раз адзначыла, што калі работы будуць скончаны, то з'явіцца ўязная дарога са святлом і ўваходны партал, і абеліск, і плітка... «Інфляцыя пастаянна з'ядае грошы. Таму мы пайшлі на тое, каб паменшыць кошт мемарыяла: уваходны партал у выглядзе крыжа будзе выглядаць больш сціпла. Ужо 50 000 рублёў пайшло на будаўніцтва капліцы.
У 2010 годзе, калі мы пачалі ўзводзіць мемарыял, кошт праекта быў усяго мільярд недэнамінаваных рублёў. Здавалася, што мы ўсё даробім за год. У тым жа 2010-м мы сабралі вельмі вялікую суму дзякуючы рэспубліканскаму суботніку ў Полацку, і нават яшчэ жывыя сведкі тых падзей пералічвалі па мільёне недэнамінаваных рублёў. У 2011 годзе ўпаў рубель, і пачаліся праблемы. І таму так доўга спрабуюць прывесці ўрочышча ў належны стан», — тлумачыць Наталля Гуйвік.

Дэпутат заклікала ўсіх і асабліва палачан паўдзельнічаць у будаўніцтве мемарыяла. Тым больш што сёлета — Год малой радзімы. «Нам бы хацелася, каб на гэтым месцы моладзь праводзіла патрыятычныя мерапрыемствы: каб тут прымалі ў піянеры, у Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, праводзіліся ваенныя прысягі, малебны. Усё, што мы робім, — гэта дзеля міру на зямлі і дзеля будучыні нашай моладзі», — кажа парламентарый.

Нягледзячы на ўсе складанасці, збор сродкаў працягваецца. Грошы на стварэнне мемарыяла «Урочышча Пяскі» ў Полацку можна пералічыць на дабрачынны рахунак ІBАN № BY75BLBB31350300126737001003 (у беларускіх рублях) дырэкцыі ААТ «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласці, код (BІС) BLBBBY2Х, УНП 300126737, АКПА 05836097; рахунак ІBАN ІBАN № BY21BLBB31350300126737001005 (у расійскіх рублях) у дырэкцыі ААТ «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласці, код (BІС) BLBBBY2Х, Рэспубліка Беларусь, 210015, г. Віцебск, вул. Леніна, 22.

На сайце Беларускага фонду міру можна прасачыць за тым, колькі грошай паступіла на рахунак і як яны размяркоўваюцца.

Вераніка ПУСТАВІТ

Мінск — Полацк — Мінск

Загаловак у газеце: Гора, якое яднае

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.