Яркае сонца і блакітнае неба над галавой без намёку на хмары — такім надвор'ем сустракала мінчан і гасцей сталіцы плошча Перамогі. На гэтае памятнае месца ў гонар подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны людзі пачалі прыходзіць яшчэ за некалькі гадзін да пачатку. Нягледзячы на немалую колькасць ахвотных, грамадзяне з разуменнем і поўным спакоем пераадолелі рамкі бяспекі, каб далучыцца да мноства тых, хто вырашыў ушанаваць памяць герояў, якія аддалі свае жыцці за вельмі дарагі мір.
Першым да манумента Перамогі ўсклаў вянок Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кветкі прынеслі і сыны кіраўніка дзяржавы. Былі таксама ўскладзены вянкі ад рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Нацыянальнага сходу Беларусі, судоў, Савета бяспекі і Узброеных Сіл, праваахоўных органаў, маладзёжных і грамадскіх аб'яднанняў, Выканаўчага камітэта СНД, прадстаўнікоў замежнага дыпламатычнага корпуса, Беларускай праваслаўнай і Рымска-каталіцкай цэркваў. Пасля беларускі лідар звярнуўся да прысутных з прамовай.
Нас папракнуць няма ў чым
Пасля заканчэння афіцыйнай цырымоніі Прэзідэнт пагутарыў з ветэранамі, жыхарамі і гасцямі сталіцы. У гутарцы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка расказаў, што да яго звярнуліся з пытаннем: чаму забаранілі шэсце з партрэтамі родных? «Дык вось запомніце: у Беларусі ніколі і ніхто святое не забараняў і забараняць не будзе». Ён нагадаў, што некалькі гадоў таму ў Дзень Перамогі існавала практыка арганізоўваць шэсце, калі яго ўдзельнікі разам з ветэранамі, трымаючы ў руках партрэты, ішлі па праспекце да плошчы Перамогі. «Праўда, потым па ўсім свеце гэты так званы бессмяротны полк прайшоў. Гэта было даўно ў нас. Але ветэраны папрасілі: мы, кажуць, ісці не можам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у гэтай сітуацыі ветэранам спачатку прапаноўвалі правезці іх на аўтамабілях, каб ім было прасцей прымаць удзел у шэсці, аднак яны адмовіліся і папрасілі зрабіць фармат больш зручным для іх, і памятныя мерапрыемствы сталі праводзіць выключна на плошчы Перамогі.
Аднак кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі народ просіць зноў прайсці з партрэтамі, сцягамі, то ў наступным годзе ўсё будзе арганізавана. «Толькі не трэба гэта палітызаваць і заяўляць пра тое, што мы ледзь не штосьці забараняем, — адзначыў беларускі лідар. — У Беларусі гэтага ніколі не было і не будзе. Кожны мае права ўшанаваць памяць сваіх герояў, прайсціся там, дзе ён лічыць патрэбным, з партрэтам і ўскласці кветкі. Гэта вялікае, гэта святое, так будзе заўсёды ў Беларусі».
На пытанне аб тым, як захаваць памяць пра вайну, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што пакуль мы будзем ствараць фільмы, пісаць кнігі, чытаць вершы і прозу пра тыя страшныя падзеі, пакуль мы ў дзіцячых садках будзем спяваць ваенныя песні, пакуль у навучальных праграмах школ і вышэйшых навучальных устаноў гэтая тэма будзе асветлена сумленна і адкрыта, то да таго часу мы памяць не страцім. «Нас ужо цяжка ў нечым папракнуць: традыцыйна дзявятага мая ў нас шэсце, ускладанне вянкоў. Дзень Незалежнасці — зноў жа, парад, ускладанне вянкоў, урачысты сход. Гэта ўжо ў крыві нашых беларусаў, — сказаў Прэзідэнт. — І пакуль мы гэтую палітыку будзем працягваць, Вялікая Айчынная вайна, ды і ўсе нашы войны, якія пракаціліся цераз Беларусь, застануцца ў нас у памяці. Ды і забыцца мы не можам».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што ўсе кровапралітныя войны — 1812 года, Першая і Другая сусветныя — не былі патрэбныя беларускаму народу, але па выніках загінула вялікая колькасць людзей. Беларускі лідар падкрэсліў, што гэтая памяць занадта глыбокая, каб яе страціць. «Я думаю, гэта немагчыма пры любой уладзе», — дадаў ён.
Таксама ў размове з прэсай прагучала пытанне, наколькі адпавядае сучасным рэаліям бюджэт дзяржавы на ваенную сферу. «Першае: я не магу мілітарызаваць эканоміку, гэта вельмі дорага потым абыходзіцца. Мілітарызацыя эканомікі — гэта не проста фраза, тэзіс — гэта заводы, фабрыкі і людзі з ваенным мысленнем, якія вырабляюць ваенную прадукцыю. Што будзем рабіць тады, калі яна будзе не патрэбна?» — у адказ запытаўся Прэзідэнт.
Таксама беларускі лідар адзначыў, што сёння людзі жывуць пад мірным небам і хацелася б, каб яны жылі годна, таму краіна не можа кідаць велізарныя грошы на ўтрыманне ўзброеных сіл. Дарэчы, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на тое, што наша дактрына — абсалютна абарончая, яе сутнасць — нанясенне праціўніку (калі хтосьці рызыкне ваяваць з нашай краінай) непрымальнай шкоды. «Гэта значыць, калі ты дзесьці ў штабе нейкай дзяржавы задумаў зладзіць вайну супраць Беларусі, ты павінен разумець, што ты атрымаеш вельмі сур'ёзны адказ, які для цябе будзе непрымальны, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Табе мала не падасца. На гэта грошай у нас хапае. Мы трацім столькі, каб выканаць вось гэтую задачу. І потым, грошы — гэта вялікая справа, але не галоўная. Перамагае заўсёды народ, а тэхнікі і зброі для таго, каб абараніць нашу краіну, у нас дастаткова».
З братамі адносіны не мяняем
Літаральна на днях адбылася інаўгурацыя прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, і адно з пытанняў, адрасаваных беларускаму лідару, датычылася вектара будучага развіцця адносін Беларусі і Расіі, характару супрацоўніцтва. Прэзідэнт анансаваў сустрэчу з Уладзімірам Пуціным у сярэдзіне мая, дамоўленасць ужо ёсць, а ў чэрвені плануецца правесці пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. «Думаю, дзесьці ў трэцяй дэкадзе дату вызначым, але гэта пасяджэнне ў Мінску ўжо лічыцца ў нашых графіках», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што да характару ўзаемаадносін дзвюх дзяржаў, то беларускі лідар падкрэсліў, што брацкая палітыка Беларусі ў адносінах да Расіі не зменіцца. «Вы ведаеце яе, прынцыпы гэтай палітыкі — ідэйныя, маральныя, духоўныя. гэта нашы родныя браты, і мы не збіраемся сварыцца з імі, — дадаў ён. — Калі Расія вырашыць пайсці далей, мы гатовыя паглыбляць наша супрацоўніцтва. Мы за кааперацыю ў эканоміцы, адзіны рынак, за тое, каб у нас не было гэтых дурных рознагалоссяў — малочных, мясных, цукровых войнаў і іншага».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсё залежыць ад таго, наколькі Расія сёння гатовая, улічваючы беларускія інтарэсы, прытрымлівацца курсу інтэграцыі. «Сёння нашы адносіны не пазбаўлены прагматычнай асновы. І Расія бачыць у супрацоўніцтве з Беларуссю пэўны прагматызм, тое ж самае і мы. Але замыкацца і спыняцца на гэтым узроўні або на супрацоўніцтве толькі з Расіяй, я ўжо казаў, няправільна. Мы праводзім тую ж палітыку, што і Расія, — дыверсіфікуем нашы адносіны, перш за ўсё эканамічныя», — сказаў Прэзідэнт.
Казаць праўду — гэта самае галоўнае
Галоўныя дзеючыя асобы гэтага важнага свята — гэта, вядома, ветэраны — людзі, якія на свае вочы бачылі жахі вайны і здабывалі Перамогу. Па стане здароўя няшмат герояў дабралася ўчора да плошчы Перамогі.
Людміла Аляксандраўна ЖДАНОВІЧ у маі 1945 года знаходзілася ў размяшчэнні 183-га Чырванасцяжнага зенітна-артылерыйскага палка пад Львовам. «Я была радысткай у штабе палка, таму я ведала, што прыкладна сёмага мая трошкі казалі пра Перамогу, — успамінае жанчына. — Што я адчула, калі яе абвясцілі? Такое шчасце, такая радасць, што вы!»
Палкоўнік Браніслаў Віктаравіч КАРПЕНКА ў Дзень Перамогі знаходзіўся ў Германіі ў складзе асобнага знішчальна-супрацьтанкавага дывізіёна аднаго са злучэнняў Другога Беларускага фронту. «Калі дыктар зачытаў аб'яву аб капітуляцыі, я падумаў — я жывы! Усе хапалі адзін аднаго, цалавалі, хтосьці плакаў, хтосьці кідаў пілоткі, хтосьці страляў у паветра — у кожнага была свае эмоцыі ў той момант», — успамінае ветэран.
Браніслаў Віктаравіч папрасіў абавязкова напісаць, што гэта свята — але са слязамі на вачах. Радасць ад Перамогі — гэта толькі адзін бок, мужчына часта ўспамінае загінулых таварышаў, камандзіра роты, медсястру. «Што моладзі трэба ведаць пра вайну? Праўду, вядома. І яшчэ: наш савецкі салдат перамог толькі таму, што любіў сваю Радзіму, ішоў, куды трэба, і страшна ненавідзеў нашых ворагаў. Трэба ведаць гісторыю — і больш нічога».
Міхаіл Сямёнавіч ШАШКОЎ нарадзіўся ў той самы дзень, які пазней будзе ведаць кожны беларус, — 22 чэрвеня, але 1926 года. Дзявятага мая 1945-га мужчына апынуўся ў шпіталі ў Камянец-Падольскім, пазней ён скончыў афіцэрскія курсы, атрымаў званне — і адправіўся ў Венгрыю, пасля — у Германію, а потым і ў Львоў. «Эмоцыі ў Дзень Перамогі перадаць немагчыма. Радасны народ, столькі ўсмешак, але ў той жа час — шмат слёз», — апошнія словы ветэран прамаўляе з асаблівым пачуццём.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля КАЧАНАВА падзялілася сваім успрыманнем Дня Перамогі:
— Гэта вялікае свята, але гэта і памяць аб трагедыі, якую прынесла тая вайна практычна для кожнай беларускай сям'і. Гэта цяжка ўспомніць, і сёння, калі я віншавала бацькоў з гэтым святам, мае мама і бацька кажуць, што гэты дзень для іх вельмі цяжкі. Радасны ад таго, што адбылася Перамога шмат гадоў таму, але цяжкі, таму што з новай хваляй нахлынуць тыя ўспаміны, якія не даюць спакою шмат гадоў. Маладому пакаленню пра вайну трэба ведаць праўду. Я часта сустракаюся з моладдзю і бачу, што яна вельмі выразна разумее і ўспрымае гэта заўсёды з такой горыччу і болем, таму што такая трагедыя павінна быць у памяці ўсіх. І наша задача, асноўны кірунак у жыцці і працы — перадаць наступным усё тое, што нашы бацькі нам пакінулі ў спадчыну: мір, свабоду і веданне той цаны, якую прыйшлося заплаціць нашаму народу, каб жыць пад мірным небам.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.