Вы тут

Чаму малому бізнесу прыйшліся даспадобы былыя аб'екты авіяцыйнай базы?


На былой авіяцыйнай базе зараз гаспадараць фермеры ды прадпрымальнікі. І тут ёсць дзе разгарнуцца. У спадчыну ад вайскоўцаў Шчучыну дасталіся 334 аб'екты. За чвэрць стагоддзя ўцягнута ў гаспадарчы зварот 317. Але ўлады на гэтым не спыняюцца, пастаянна шукаючы магчымасць задзейнічаць увесь былы ваенны патэнцыял.


Штаб авіяпалка — пад гандлёвы цэнтр

Многія прадпрымальнікі пачыналі з набыцця аднаго аб'екта. Адкрывалі там вытворчасць, але паступова да асноўнай справы далучаліся новыя віды дзейнасці. З'явілася неабходнасць пашыраць плошчы.

Валерый Чупрына (на фота), былы ваенны лётчык, а зараз пенсіянер, якраз з ліку такіх прадпрымальнікаў. Зараз у яго некалькі будынкаў. Не так даўно выкупіў былы склад і кацельную. Цяпер мае штат больш за 30 чалавек.

Свой першы аб'ект былой ваеннай базы набыў для захоўвання палівальных шлангаў, якія вырабляюцца ў Шчучыне. Трэба сказаць, вельмі своечасова намацаў гэтую нішу і ўдала яе заняў. Зараз прадпрыемства «Рына-Пластык» вядома не толькі ў раёне, але і ва ўсёй рэспубліцы. Кампанія актыўна выкарыстоўвае інтэрнэт-пляцоўку і правільна арганізоўвае лагістыку. Гэта дае магчымасць развівацца.

Паступова да вытворчых плошчаў далучыліся гандлёвыя. У райвыканкаме прапанавалі для гэтых мэт былы штаб авіяпалка. І хоць цяпер аб ім нічога амаль не нагадвае, будынак усё ж такі захаваўся і працуе на карысць як яго ўладальніка, так і ўсяго горада.

— Вядома ж, будынак быў у жахлівым стане, калі мы яго выкупілі, — кажа Валерый, — было даволі складана аднавіць камунікацыі, прывесці ўсё ў належны стан. Але мне, як былому лётчыку, было важна захаваць былы штаб авіяцыі, з якім звязана частка майго жыцця.

Зараз на першым паверсе крама з вялікім асартыментам тавараў для саду-агарода, другі паверх — для адміністрацыі і персаналу. Пакуль тут пуста, бо толькі нядаўна завершаны капітальны рамонт.

У другой палове будынка гаспадар мяркуе арганізаваць невялічкі гатэль для авіятурыстаў. Тут ёсць два пакоі для адпачынку і ўтульная гасцёўня з печкай-камінам і сталовай. Яшчэ адно памяшканне будзе займаць трэнажорная зала.

— Мы плануем адкрыць яшчэ адзін від дзейнасці — турыстычны, — дзеліцца думкамі суразмоўнік, — тут паблізу ёсць узлётная паласа, якую можна задзейнічаць для лётных вандровак ці для прыёму турыстаў. Мы падтрымліваем яе ў лётнай прыгоднасці, ачышчаем, зрабілі водаадводы, сюды можна нармальна прызямліцца.

Валерый лічыць, што горад авіятараў мае вялікі патэнцыял для здзяйснення мар аб палётах усіх ахвотных. Дарэчы, у Шчучыне ёсць магчымасць у выхадныя дні праляцець на лёгкаматорным самалёце.

Мармуровы фантан у райцэнтры?

Прадпрыемства «Шчучын Граніт» можна назваць сямейным бізнесам. Яўген Куцель (на фота) прызнаўся: сур'езную справу распачаў дзякуючы сыну. Спадзяваўся, што той яго падтрымае і застанецца пасля вучобы ў родным горадзе. Так і здарылася. Сын Павел не стаў шукаць шчасця ў іншых мясцінах, а невялікая саматужная майстэрня перарасла ў значнае прадпрыемства.

— Гэты будынак выкупілі праз аўкцыён за адну базавую велічыню. Адрамантавалі і атынкавалі фасад, завезлі абсталяванне — паліравальныя і каменедрабільныя станкі. Нядаўна набылі яшчэ адзін, дзякуючы банкаўскаму крэдыту. Мясцовыя ўлады дапамаглі з электрасеткай. Працаваць можна, — робіць вывад Яўген Мечыслававіч.

Па словах яго сына, камерцыйнага дырэктара Паўла Куцеля, выбралі былы ангар-лабараторыю, які падыходзіў па інфраструктуры і знаходзіўся за межамі горада. Абавязковымі ўмовамі таргоў было стварэнне працоўных месцаў і прадпрымальніцкая дзейнасць. Уласнікі ўстаноўку выканалі: зараз тут працуюць 15 чалавек, прадпрыемства паступова развіваецца.

— Раён паставак вялікі, — адзначае Павел, — асабліва многа заказаў са сталіцы на выраб сталешніц, падаконнікаў. А мармур, граніт купляем паўсюдна, зараз, напрыклад, будзем заключаць дагаворы з Індыяй і Іспаніяй. Хочам зрабіць нешта памятнае і для свайго горада, можа фантан.

Ангары ў трэндзе

У горадзе авіятараў самымі адметнымі аб'ектамі з'яўляюцца, безумоўна, ангары, ці, як іх называюць тут, — арачнікі. Яны раскіданы па ваколіцы горада, і іх тут некалькі дзясяткаў. Як запэўнілі фермеры, у такіх памяшканнях вельмі добра захоўваць агародніну, бо пласт бетону і земляны насып дазваляюць трымаць стабільную тэмпературу амаль увесь год. Аб'ектамі карыстаюцца не толькі фермеры, але і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Прадпрымальнік Міхаіл Будзіловіч арандуе некалькі ангараў. Пасля таго як упэўніўся, што выгадней набыць ва ўласнасць, чым плаціць арэнду, прыняў удзел у таргах і набыў аб'ект за 6 тыс. рублёў. Паралельна пачаў афармляць рэгістрацыю фермерскай гаспадаркі.

— Калі мы толькі пачалі браць у арэнду арачнікі, яны былі амаль не запатрабаваны, зараз інтарэс да іх значна ўзрос, таму і выкупілі адзін, — тлумачыць пазіцыю Міхаіл. — Гэта ўласнасць, якая не прападзе, бо ўласнік заўсёды глядзіць у перспектыву. Ангары будуць мець попыт, асабліва ў сезон збору ўраджаю.

Міхаіл, які па адукацыі аграном, хоча заняцца вырошчваннем збожжавых і бульбы, а таксама іх продажам. У раёне яму выдзелілі 60 гектараў зямлі. Праблемы са сховішчам вырашаны.

— Паколькі ангары ў добрым стане, работы па добраўпарадкаванні былі не такія стратныя,-— канстатуе суразмоўнік. — Канешне, прыйшлося дзесьці падрамантаваць — уцяпліць сцены, устанавіць новыя дзверы. Зімой, калі спатрэбіцца, можам карыстацца цеплавой пушкай, а летам ніякага халадзільніка не трэба. Такім чынам гародніна можа захоўвацца ўвесь год.

Ангары пакрысе набываюць гаспадароў, паведамілі ў аддзеле эканомікі Шчучынскага райвыканкама. Не так даўно чатыры з іх узяла ў арэнду фірма з Гродна. Ад яе ў даход раёна паступае штомесяц па 1 тыс. рублёў.

Бункер — пад працоўныя месцы

У Шчучыне ўпершыню ў вобласці скарысталіся магчымасцю перадаць маёмасць у бязвыплатнае карыстанне пад стварэнне працоўных месцаў. Такі дагавор склалі адносна падземнага каманднага бункера, дзе інвестары прапануюць стварыць турыстычны аб'ект. Па словах начальніка аддзела эканомікі Шчучынскага райвыканкама Юрыя Вількевіча, тут ужо створана пяць працоўных месцаў. Згодна з праектам, у бункеры плануецца размясціць музей часоў «халоднай вайны».

Аб'ект сам па сабе ўнікальны. Ён пабудаваны ў 1977 годзе на выпадак вайны. Спецыяльны моцны каркас і пяціметровая тоўшча бетону павінны вытрымаць нават ядзерны ўдар. Двухпавярховы аб'ект складаецца са службовай і жылой частак, тут былі склады са зброяй, запасамі вады і ежы. Музей будзе максімальна набліжаны да дзейнага пункта.

— Трэба сказаць, што аб'ект знаходзіцца ў добрым стане. На пачатку 2000-х гадоў сакрэтны камандны пункт авіяцыйнай дывізіі закансервавалі і перадалі на баланс райвыканкама. Бункер увесь час быў пад аховай. Цепласеткі і энергазабеспячэнне ў асноўным у норме, — расказвае Юрый Вількевіч.

Вядома, не ўсе аб'екты ваенных гарадкоў, перададзеныя на баланс раёна, знаходзіліся ў такім стане. Значную частку, а гэта амаль 90 збудаванняў, прыйшлося папросту знесці, на чарзе яшчэ 44 аб'екты. Але асноўны фонд выкарыстоўваецца. Пры гэтым 60 аб'ектаў прадалі, амаль 100 — здалі ў арэнду альбо ў бязвыплатнае карыстанне.

Як паведаміў Юрый Вількевіч, раён адкрыты для інвестараў, гатовых заняцца любым відам дзейнасці. Тут не ствараюць ім перашкод, а, наадварот, робяць усё, каб бізнес развіваўся. Калі аб'ект купляюць па зніжаным кошце, патрабуюць толькі ўключэння ў абарот на працягу двух гадоў.

— Аб'екты ваеннай спадчыны даволі дарагія, за першапачатковы кошт рэдка ўдаецца прадаць, — тлумачыць Юрый Мечыслававіч, — але нам важна, каб гэтыя будынкі не разбураліся, а працавалі. Калі ёсць магчымасць прадаць аб'ект за базавую велічыню — прадаём.

Магчыма, у буйнейшым горадзе ўсё ўжо было б распрадана, мяркуе Вількевіч. Новы віток попыту тут звязваюць з развіццем прадпрымальніцкага руху, а гэта значыць, могуць быць уцягнуты ў зварот былыя склады боепрыпасаў, ангары, іншыя ваенныя аб'екты. Іх у гэтым годзе дзевяць на чарзе.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Канверсія па-шчучынску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».