Там калісьці кіпела жыццё. Рыкалі маторы машын, гучна падымаліся ўвышыню самалёты, а салдаты па камандзе запявалі бадзёрыя песні. У спадчыну ад Савецкага Саюза нам засталіся шматлікія ваенныя гарадкі. Некаторыя з цягам часу ператварыліся ў закінутыя забудовы... Мы запыталі ў прадстаўнікоў улады і мясцовых дэпутатаў, як можна аднавіць і вярнуць жыццё ў былыя гарадкі вайскоўцаў?
Ігар ЖУК, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:
— У Гродзенскай вобласці гэтай праблемай займаюцца даўно. Не скажу, што яна поўнасцю вырашана, але паступовы рух у гэтым кірунку ідзе. Адзін былы ваенны гарадок аддалі для развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Свабодныя плошчы прывабныя для бізнесу. Іх выкарыстоўваюць для стварэння невялікіх прадпрыемстваў з новымі працоўнымі месцамі. У Шчучынскім раёне былыя ангары для самалётаў цяпер прыстасаваны для вырошчвання шампіньёнаў.
Акрамя гэтага, у нас ёсць пералік неэфектыўна выкарыстоўваемай маёмасці, па якой прымаюцца рашэнні. Пастаянна кантралюем гэтае пытанне, супрацоўнічаем з Дзяржаўным камітэтам па маёмасці. Летась праводзілі семінар для кіраўнікоў раённых Саветаў дэпутатаў па эфектыўным выкарыстанні дзяржаўнай маёмасці.
Алег ЯЎСЕЕЎ, намеснік начальніка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта:
— Існуе паняцце «горадабудаўнічая дакументацыя». Да яе адносіцца і генеральны план. На яго аснове ствараюцца дэтальныя планы, дзе пазначана занальная функцыянальнасць плошчы. Калі ёсць ваенны гарадок і па дакументацыі на азначанай тэрыторыі магчыма размяшчэнне іншых аб'ектаў, гэта адзначаецца. Напрыклад, пабудаваны барак, але на яго месцы можа знаходзіцца фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Гэта значыць, што толькі яго магчыма тут пабудаваць, а не гандлёвыя плошчы ці іншыя аб'екты. Усе абмежаванні па выкарыстанні тэрыторыі вызначаны горадабудаўнічай дакументацыяй. У Баранавічах ёсць плошчы былой ваеннай часці. Цяпер там вырашылі пабудаваць гандлёвыя аб'екты, і яшчэ частка будзе перапрафілявана ў адпаведнасці з генеральным планам.
Андрэй КІБЛОЎ, старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў:
— У Магілёве ёсць тэрыторыя былой ваеннай часці. Адтуль вывезлі ўсю ваенную тэхніку, разабралі пабудовы. Плошчу перадалі для ўзвядзення шматпавярховых жылых дамоў. Сёння ўжо пабудаваны два з іх, столькі ж яшчэ ў працэсе. У гэтых дамах будуць размешчаны кватэры для шматдзетных сем'яў. Частку аддадуць для арэнднага жылля. Астатнія квадратныя метры — гэта долевае будаўніцтва.
Наконт звычайных закінутых дамоў трэба адзначыць, што проста так яны не з'яўляюцца. Спачатку трэба прызнаць перадаварыйны стан збудавання, рассяліць жыхароў. Далей работа ідзе наступным чынам. Плошчай займаецца забудоўшчык, які прымае меры па зносе і ўзвядзенні там іншага аб'екта. У цэнтры горада старыя закінутыя забудовы аддаюцца камерцыйным структурам для стварэння гандлёвых, адміністрацыйных цэнтраў. Калі збудаванне немагчыма захаваць, яно зносіцца. Месца прыводзіцца ў парадак з перспектывай забудовы.
Марыя ДАДАЛКА
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.