Вы тут

Як сёння жыве былы «ваенны гарадок» Заслонава


Лепельскі раён спецыфічны. У Віцебскай вобласці ён, напэўна, самы ваенізаваны. У розныя часы тут размяшчаліся ракетная брыгада, артылерыйская база і штаб танкавай дывізіі. Усё гэта былі закрытыя аб'екты, адпаведна, абмяжоўваўся і доступ да ваенных гарадкоў, дзе жылі ваеннаслужачыя з сем'ямі. Аднак з часам асабовы склад пачаў скарачацца, меры аховы сталі не такія жорсткія.


Месца для адпачынку ў в. Заслонава.

«Харошы народ»

Заслонава — адзін з такіх былых «ваенных гарадкоў». Ледзь трапіш у вёску, адразу кідаюцца ў вочы мясцовыя кантрасты. Побач з напаўразбураным жылым будынкам без вокнаў і дзвярэй — адрамантаваны шматпавярховік, на якім, здаецца, яшчэ не высахла фарба. Новыя заасфальтаваныя дарожкі — і чорная зямля, дзе пакуль не паспеў вырасці газон... Дарэчы, навядзеннем парадку якраз займаліся найбольш актыўныя жыхары вёскі. Быў разам з імі і старшыня Горскага сельскага Савета Васіль БАДЗЯЙ.

— Вясною асноўныя намаганні скіроўваем на добраўпарадкаванне. Цяпер самая пара прыбіраць смецце, спілоўваць аварыйныя дрэвы. Патрабуюць увагі могілкі. Фінансаванне атрымліваем з абласнога і раённага бюджэтаў. Дадаткова існуе самаабкладанне жыхароў, хоць гэта практыка пакуль не вельмі пашырана. Мы разлічваем, што сабраныя жыльцамі пэўнага дома грошы будуць выкарыстаны, каб паставіць побач з пад'ездам лаўку, пафарбаваць сцены, выканаць дробны рамонт.

З падобнай практыкі можа атрымацца сэнс, бо дэпутат Горскага сельскага Савета Людміла БЫХАВЕЦ заўважае: «Народ тут харошы». Ледзь прыйшло цяпло, жыхары па ўласнай ініцыятыве прыбралі клумбы, пафарбавалі дэкаратыўныя элементы, ачысцілі двары ад смецця... Што цікава, частка жыльцоў шматкватэрных дамоў адмовілася ад паслуг уборкі ў пад'ездзе, размеркаваўшы гэту работу паміж сабой. Лесвічныя пралёты ўпрыгожаны палавічкамі, вазонамі з кветкамі, мяккімі цацкамі і нават... карцінамі.

— Гэта не прымусовая работа. Мы не ходзім па кватэрах з просьбамі ці пагрозамі, самае большае — дапамагаем з арганізацыяй, калі ёсць на тое патрэба, — расказвае дэпутат.

Адначасова вясковыя актывісты скардзяцца на недахоп дворнікаў. Два афіцыйна нанятыя чалавекі вымушаны абслугоўваць вельмі вялікую тэрыторыю. Асабліва адчуваецца праблема зімой, калі кожны ганак трэба пачысціць ад снегу і пасыпаць пяском.

Моладзь «на чамаданах»

На сходзе ў 2009-м мясцовыя жыхары вырашылі, што іх населены пункт атрымае статус менавіта вёскі. Такім чынам настаўнікі і медыцынскія работнікі маглі карыстацца надбаўкай да заробку, а школьнікі — ільготамі на харчаванне. Пад катэгорыю пасёлка ці гарадскога пасёлка ваенны гарадок не падыходзіў яшчэ і па крытэрыях, бо не меў дастатковага ўзроўню прамысловасці.

У 2012 годзе ў распараджэнне мясцовага раённага спажывецкага таварыства бязвыплатна быў перададзены будынак былога магазіна ваенсэрвісу. Існуе ўласная швейная вытворчасць, вытворчасць ветэрынарных прэпаратаў, спартыўнага харчавання, аднак гэтыя прадпрыемствы невялікія і не патрабуюць значнага штату работнікаў. Цяпер там працуюць кафэ і крама. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар УРБАН заўважае, што пошук работы — вельмі вострае пытанне для жонак ваеннаслужачых.

— У першую чаргу мы арганізавалі транспартныя сувязі з райцэнтрам і іншымі населенымі пунктамі. Наладжаны распарадак руху аўтобусаў дазволіў жыхарам выязджаць на работу ў Лепель і вяртацца назад. Акрамя таго, расшырэнне воінскіх часцей, якое адбываецца апошнім часам, таксама ў нейкім сэнсе дае магчымасць уладкавацца.

Дзякуючы вёсцы Заслонава, Горскі сельсавет лічыцца самым маладым у раёне па ўзросце насельніцтва, нараджальнасць тут стабільна вышэйшая за смяротнасць. Вось толькі ў добрых паказчыках схавана мясцовая спецыфіка размеркавання насельніцтва.

Дворык, уладкаваны жыхарамі.

— Для моладзі мы як стартавая пляцоўка, — тлумачыць Людміла Быхавец. — Маладыя афіцэры прыязджаюць сюды, у іх сем'ях нараджаюцца дзеці. Гэта выдатна. Але потым для ваеннаслужачага з'яўляецца больш перспектыўная вакансія, і ён пераразмяркоўваецца ў іншы рэгіён. Атрымліваецца пастаянная «цякучка» і адпаведныя цяжкасці.

Чалавек, які хоча грунтоўна абсталявацца на адным месцы, пачынае думаць пра дабрабыт і найперш — уласную кватэру. А калі сям'я «жыве на чамаданах», то навошта ёй усур'ёз клапаціцца пра чарговы прыпынак на шляху? Тым не менш любое жыллё патрабуе ўвагі.

У канцы 2017 года жыхары вёскі ўбачылі вынік капітальнага рамонту шматкватэрнага дома. Раней ад будынка, фактычна, заставаўся толькі фасад, ён доўгі час стаяў закансерваваны. На грошы Віцебскага аблвыканкама быў заменены дах, адрамантаваны сцены, адноўлена каналізацыя, газа- і водазабеспячэнне. У выніку 70 сем'яў атрымалі новыя кватэры. Побач з адміністрацыйным будынкам мясцовыя ўлады мяркуюць абсталяваць вялікую дзіцячую пляцоўку з арэлямі, лавачкамі і месцам, дзе маглі б гуляць маці з малымі ў калясках.

Вялікі рамонт

Яшчэ адзін аб'ект інфраструктуры, якім не сорамна пахваліцца — заслонаўскі дзіцячы сад. Першапачаткова будынак не быў прыстасаваны для дашкольнай установы — раней у ім размяшчаўся ваенны штаб. Пабудаваныя яшчэ ў даваенны час памяшканні патрабавалі капітальнага рамонту. Тры гады таму падрадная арганізацыя з Лепеля выканала работы па аднаўленні, пасля чаго ўстанова, можна сказаць, атрымала другое нараджэнне.

— Сюды прывозяць дзяцей не толькі з нашай вёскі, але і з суседняй Межыцы, — расказвае Ларыса Шастакова, загадчыца Заслонаўскага ясляў-сада. — Ахвотных больш, чым мы можам размясціць. Так, установа разлічана на
55 дзяцей, сёлета у нашых спісах значыцца 57 выхаванцаў, а іншых малых бацькі запісваюць у Горскі дзіцячы сад.

Вельмі доўга праблемай заставалася аварыйная сітуацыя са школай. Сітуацыю з трохпавярховым будынкам, разлічаным на 800 навучэнцаў, кропкавыя рамонты ўжо не маглі выправіць. Закрыць установу таксама нельга было — на некалькі суседніх вёсак гэта адзіная школа. Летась, нарэшце, распачаўся капітальны рамонт. Сёлета на аднаўленне будынка выдзелена 500 тысяч рублёў з раённага і абласнога бюджэтаў. Таццяна Іванова, дырэктар навучальнай установы і дэпутат раённага Савета, правяла «экскурсію» па кабінетах.

Відовішча на першым і другім паверхах сапраўды сумнае. Рыпучая драўляная падлога, шчыліны
ў дзвярах кабінетаў, старыя аконныя рамы... Найбольш кідаюцца ў вочы вялізныя шэра-рудыя падцёкі на столі і часткова — на сценах.

— Як толькі на дах трапляла вада, у нас цякло са столі. А яшчэ здараліся перапынкі ў ацяпленні, так што захоўваць
прымальныя ўмовы на занятках было цяжка, — падцвярджае дырэктар і запрашае... на трэці паверх, які ўяўляе з сябе «будучыню». Тут яшчэ пахне рамонтам. На падлозе ў калідоры і класах насцелены лінолеум, сцены пафарбаваны, столь пабелена, вокны радуюць шклопакетамі. Хоць вясновая вада ўсё яшчэ знаходзіць шчыліны і часам прасочваецца ў будынак.

Дырэктар мяркуе, што сапраўдныя рамонтныя работы пачнуцца з надыходам летніх канікулаў. Напачатку трэба асвоіць сродкі, выдзеленыя на рамонт, а потым можна падумаць і пра абнаўленне абсталявання.

Дзіцячы садок пасля рамонту.

Доўгая дарога да амбулаторыі

Калі школа знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Заслонава, то амбулаторыя размешчана на ўскрайку населенага пункта. На думку мясцовых дэпутатаў, гэта вялікая нязручнасць. Хворы чалавек, пенсіянер вымушаны пераадольваць вялікі шлях, а вось жыхарам суседніх вёсак, наадварот, дабірацца карацей. Людміла Быхавец марыць, што амбулаторыю і працэдурны кабінет удасца перанесці ў вёску, каб доўгая дарога не скасоўвала лячэбную сілу праведзеных дактарамі маніпуляцый.

— Напрыклад, пачынае чалавек захворваць. На бальнічны ісці рана, ды і не кожны можа дазволіць сабе такі «адпачынак». Можна было б запісацца на працэдуры, але як трапіць у амбулаторыю, калі яна дзесьці за вёскай? Тут альбо адпрошвайся ў начальніка з работы, займайся самалячэннем, альбо перанось хваробу «на нагах». Атрымліваецца, маем добрых урачоў, але яны ў літаральным сэнсе «не на сваім месцы». Мы з ініцыятыўнай групай жыхароў прапаноўваем перанесці амбулаторыю на першы паверх аднаго з дамоў у вёсцы. Там якраз ёсць пустыя памяшканні.

У старшыні раённага Савета дэпутатаў Ігара Урбана сваё бачанне справы:

— Праблема з пераносам амбулаторыі не толькі ў грашах. Я лічу, што гэта наогул немэтазгоднае рашэнне. Для медыцынскай установы існуюць патрабаванні па размяшчэнні і абслугоўванні, падобнае суседства прынясе людзям нязручнасці, і зноў пачнуцца скаргі. Урачы не змогуць выкарыстоўваць некаторыя медыцынскія прыстасаванні, у будынку з'явяцца спецыфічныя пахі, будзе абмежаваны праход у пад'ездзе... Безумоўна, пераносіць аб'ект будзем, але пакуль для гэтага няма магчымасці.

Можа, на погляд старонняга чалавека, змены, што адбываюцца ў былым ваенным гарадку, у Заслонаве, не вельмі заўважныя, аднак мясцовая ўлада раіць ацэньваць аднаўленне вёскі ў маштабах раёна. Выканаць абсалютна ўсе работы за наступныя год-два немагчыма, аднак можна штогод па кроку змяняць сітуацыю.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ


Зацікаўлены погляд

Вырашаюць не толькі грошы

Першы ваенны гарадок Міністэрства абароны перадало на баланс Лепельскага райвыканкама яшчэ 20 гадоў таму. Цяпер вёска Бароўка нічым не адрозніваецца ад іншых населеных пунктаў, хіба што большая частка людзей на вуліцах прывыкла насіць ваенную форму. Заслонава пад догляд раённых улад трапіла куды пазней — у 2009 годзе. Як можна зразумець, розніца паміж гэтымі дзвюма вёскамі напачатку была відавочнай.

Ігар Урбан, старшыня Лепельскага раённага Савета дэпутатаў, сваю вайсковую службу праходзіў на Лепельшчыне, так што аб праблемах пражывання для афіцэрскіх сем'яў ведае з уласнага вопыту:

— Памятаю, мы з жонкай паспелі пажыць у «модулі» — аднапавярховым збудаванні з калідорнай сістэмай, дзе адначасова размяшчалася 16 сем'яў. Цяпер, вядома, умовы змяняюцца, хоць не без цяжкасцяў. Калі Заслонава толькі ўключылі ў спіс вёсак раёна, то разам з новым населеным пунктам мы атрымалі і «букет» тыповых праблем. Для іх вырашэння раёну наўрад ці хапіла б уласных сродкаў. Адчувальную падтрымку нам аказвае аблвыканкам.

Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Віцеб-скага абласнога Савета дэпутатаў, пацвярджае, што абласныя ўлады насамрэч зацікаўлены ў аднаўленні вёскі.

— Мы разумеем, што трэба ўмацоўваць сацыяльную сферу, бо ўзбуйняецца адна з брыгад, размешчаных каля Заслонава. Мяркуецца, што на Лепельшчыну прыбудзе каля 600 ваеннаслужачых з сем'ямі. Патрэбна інфраструктура, што дасць прымальны ўзровень жыцця. У мінулым годзе скончыўся рамонт трохпавярховага дома на 70 кватэр. Пакуль што гэтага дастаткова, каб забяспечыць жыхароў жыллём. Цяпер асноўная падтрымка скіравана на капітальны рамонт школы — сёлета з абласнога бюджэту выдзелена для гэтай справы 500 тысяч рублёў. У Заслонаве заўсёды было шмат дзяцей, так што мне асабіста вядома пра недахоп месцаў у дзіцячым садзе. Як адзін з магчымых варыянтаў вырашэння праблемы можна прапанаваць перапрафіляванне часткі першага паверха школы — для размяшчэння там дашкольнікаў.

Што датычыцца станцыі абезжалезвання вады, то на яе ўсталяванне ўжо падрыхтавана праектная дакументацыя. Сітуацыю асабіста кантралюе начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзядзёла.

Дарэчы, на кантролі ў вобласці знаходзяцца, бадай, усе буйныя праекты, звязаныя з Заслонавам.

Як лічыць Васіль Бадзяй, старшыня Горскага сельскага Савета дэпутатаў, актыўныя прапановы жыхароў ідуць вёсцы на карысць. Такім чынам улады скіроўваюць увагу на найбольш «балючыя» месцы. Напрыклад, па прапановах жыхароў сельвыканкамам запланавана ўсталяванне станцыі абезжалезвання вады на 2020 год.

— Людзі бачаць узровень жыцця ў Бароўцы, работа над якім ідзе даўно, і пачынаюць параўноўваць са сваім. Пры гэтым па-за ўвагай застаюцца іншыя населеныя пункты — аддаленыя вёскі, дзе сітуацыя можа быць больш праблематычнай. Я разумею, людзям хочацца адчувальных змен пастаянна, ад гэтага залежыць іх дабрабыт. Шкада толькі, што пры гэтым забываюцца мерапрыемствы, якія ўжо зроблены для вёскі. Пяць гадоў таму ў Заслонаве не было асфальтнай дарогі, моста цераз рэчку, цеплатраса губляла значную частку энергіі. Існавала праблема з вулічным асвятленнем і рамонтам будынкаў... Гэта ўсё ўжо выпраўлена, але работы па аднаўленні вёскі не скончаны.

Мясцовыя дэпутаты кажуць, што камфортнае пражыванне ў вёсцы можна наблізіць і без значных грашовых датацый.

— Цяпер мы будзем займацца арганізацыяй людзей на добраўпарадкаванне. Давядзём да ладу прыдамавыя тэрыторыі, могілкі — гэта малазатратная праца, якая поўнасцю ў нашых сілах, — мяркуе дэпутат сельскага Савета Людміла Быхавец.— Для больш маштабных змен неабходна дапамога. Раённыя ўлады могуць выдзеліць і рабочых, і сродкі на вялікі праект, але для таго, каб нас заўважылі, трэба праявіць актыўнасць. Тым, хто сам гатовы да змен, дапамагаюць куды больш ахвотна. Не толькі грошы вырашаюць, у якіх умовах мы будзем жыць.

Загаловак у газеце: Праз ваенны гарадок...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.