Вы тут

Мы або людзі, або — не. Сярэдняга не бывае


У калегі на мінулым тыдні скралі грошы. Цынічна і бязбожна — у царкве. Жанчына прыйшла туды ў вялікім горы — памерла маці, трэба было купіць усё, што належыць, для пахавання. З сабой былі ўсе грошы, што нябожчыца сабрала на чорны дзень, амаль паўтары тысячы рублёў. Іх і пацягнуў нейкі недавярак проста з не зашпіленай у разгубленасці і роспачы сумкі...


Дасведчаныя прафесіяналы, чыя работа зладзеяў лавіць, кажуць, што ёсць такія адмысловыя «спецыялісты». Сваіх ахвяр яны знаходзяць у храмах, у пахавальных канторах, на могілках. Гэта лёгкая нажыва: людзі, якія страцілі сваіх блізкіх і занятыя жалобнымі турботамі, маюць пры сабе значныя сумы грошай і нярэдка зусім не думаюць пра іх захаванасць, бо і розум, і пачуцці ў такой сітуацыі зусім на іншае скіраваныя. Але ж кім трэба быць, каб рука пацягнулася той кашалёк з сумкі ўзяць?! І як пасля спажываць тое скрадзенае?!

Пытанне з разраду рытарычных і філасофскіх, і задаецца яно на працягу, напэўна, не аднаго стагоддзя. Іншая справа, што сёння, як бы там ні было, у нашым грамадстве словы «чалавечнасць» і «спагада» — не проста словы, мы верым, што менавіта імі кіруюцца нашы суграмадзяне ў сваіх учынках. Таму, калі сам або хтосьці з тваіх знаёмых сутыкаецца з праяўленнем кардынальна супрацьлеглага, — проста ўпадаеш у ступар. І пачуццё, ведаеце, такое паскуднае пачынае ў душы скрэбціся — недавер да ўсіх, хто побач. Да кожнага, хто ідзе з табой па вуліцы, едзе ў метро, стаіць у чарзе або моліцца ў храме. Не дай Бог жыць на зямлі з такім пачуццём.

Але бывае і наадварот — з'яўляецца раптам у тваім жыцці нехта, каго ты яшчэ ўчора зусім не ведаў, але менавіта ён у адзін момант вяртае табе веру ў людзей увогуле і ў кожнага асобна.

Я не буду нават спрабаваць перадаць тую роспач і адчуванне незваротнасці, калі, вярнуўшыся з горада дадому, убачыла, што з сумкі знік тэлефон, на якім былі запісы голасу і відэа самага дарагога ў жыцці чалавека, якога ўжо няма і ніколі не будзе побач. Тэлефон быў стары, наўрад ці хтосьці паквапіўся на яго, калі тут жа ляжаў сучасны смартфон. Значыць, згубіла. І знайсці яго ў двухмільённым горадзе — амаль без шанцаў.

Ведаеце, я яго знайшла. Дзякуючы Рэжысёру нашых жыццяў, які дапамог зразумець і адчуць, што з усіх перамяшчэнняў таго дня шукаць трэба менавіта ў аўтобусе, на якім вярталася дадому. А яшчэ дзякуючы зусім незнаёмым людзям — дыспетчару пятага сталічнага аўтапарка, якая, лічы, сярод ночы знайшла кіроўцу таго аўтобуса, і самому кіроўцу, які, ужо на той час прыехаўшы ў парк, уважліва агледзеў салон і знайшоў прапажу на падлозе пад сядзеннем. Я хацела тут жа імчацца забіраць дарагую мне рэч, але ён, даведаўшыся, што збіраюся ехаць на таксі, адгаварыў і назаўтра раніцай, у свой выхадны, па дарозе на лецішча прывёз мне яго пад дом. Ад матэрыяльнай падзякі катэгарычна адмовіўся, я не паспела нават як след падзякаваць яму на словах — ён хуценька, бы ўцякаючы і саромеючыся, сеў у машыну і з'ехаў з двара...

Я менавіта так гэтыя дзве падобныя і непадобныя гісторыі задумала напісаць, а пасля паразважаць пра нас, чалавекаў, пра тое, чаго мы адно перад адным і перад самімі сабой вартыя. Асабліва, як хацелася падкрэсліць, — у сітуацыях, калі здараецца самае непапраўнае. Але яшчэ адна гісторыя, якую пачула раніцой перад тым, як сесці за камп'ютар, унесла ў задумку карэктывы — сітуацыя, якая яна ні была б, тут абсалютна ні пры чым.

У Дзень Перамогі пляменніца з мужам і малымі дзецьмі вымушаны былі вяртацца з вёскі, дзе жыве свякроў, у сталіцу на грамадскім транспарце — зламалася машына. Паспявалі на апошні вячэрні аўтобус, што ходзіць па выхадных. Вёска Волма (тая самая, дзе старая сядзіба Ваньковічаў захавалася) у гэтага аўтобуса канцавы прыпынак. Але ісці да разваротнага кальца ў цэнтры з малымі далёка — кіламетра паўтара, і ўвесь час пад гару, тым больш на павароце недалёка ад хаты абсталяваны прыпыначны пункт — з пляцоўкай і сметніцай, як паложана. Туды і пакіравалі нашы маладыя — двухгадовая Верка ў калясцы, чатырохгадовы Максім з мамай за руку... Аўтобус, выехаўшы з-за павароту, нават не прытармазіўшы каля таго прыпынку, дзе яны стаялі, прамчаўся міма. Яны махалі, крычалі — без выніку. Больш за тое, у салоне ехала іхняя сяброўка, якая таксама крычала, барабаніла ў кабіну кіроўцы. Той, не звяртаючы ўвагі, ціснуў на газ, і толькі спыніўшыся на наступным прыпынку кіламетры праз два (на якім не было ніводнага чалавека), не адчыняючы акенца ў кабіне, па гучнай сувязі абвясціў, што там, дзе ён пакінуў позна ўвечары сям'ю з малымі дзецьмі, у яго маршруце «прыпынак не прадугледжаны»...

Я не ведаю, дый ведаць не хачу, як завуць гэтага «правільнага» кіроўцу. Але я ведаю, што згублены тэлефон мне дадому прывёз Мікалай Хмелінко, і ў яго не было ніякай службовай інструкцыі, якая абавязвала б яго гэта рабіць. І гэта з усяго вышэйнапісанага — самае галоўнае.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Словы пра чалавечнасць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.