Вы тут

Ствараем ІT-краіну разам


Міністр сувязі і інфарматызацыі расказаў пра будучыню інфармацыйных тэхналогій.

У 25-м міжнародным форуме «Тібо-2018», які распачнецца ў панядзелак, прымуць удзел кампаніі з 15 дзяржаў. Пра гэта паведаміў міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў. Падчас мерапрыемства, якое будзе праходзіць з 14 да 18 мая, апошнія дасягненні нашай краіны прадставяць стэндам «ІT-краіна Беларусь». Таксама міністр расказаў пра тое, як у нас плануюць выкарыстоўваць тэхналогіі 5G, аб падрыхтоўцы да правядзення Еўрагульняў-2019 і як вырашаецца пытанне адмены роўмінгу з Расіяй.


Айчынныя аператары рыхтуюцца да 5G

Сяргей Папкоў адзначыў, што ахоп насельніцтва паслугамі сотавай сувязі LTE у краіне зараз складае 74,5 %. Колькасць базавых станцый перавысіла тысячу. Выкарыстоўваць фармат 4G сёння можна ў 455 населеных пунктах краіны.

«Адносна фармату 5G, мы чакаем, што ў канцы года ў свеце выйдуць стандарты гэтай тэхналогіі. Нашы аператары тэхналагічна гатовыя іх укараняць. Поле для гэтага даволі шырокае», — адзначыў Сяргей Папкоў.

Праз некалькі гадоў пятае пакаленне мабільнай сувязі будзе найбольш актуальнае для камерцыйнага выкарыстання. Гаворка ідзе аб прамысловым інтэрнэце, тэхналогіях штучнага інтэлекту, дапоўненай рэальнасці, рабатызаваных вытворчасцяў, далейшым развіцці інтэрнэту рэчаў.

«Акрамя таго, да канца 2020 года завершым тэхналагічную мадэрнізацыю паслуг, якія аказвае Белпошта. Гэта ў першую чаргу датычыцца інтэрнэт-гандлю, лагістыкі, мадэрнізацыі розных тэхналагічных сетак», — дадаў міністр падчас прэс-канферэнцыі ў БелТА.

Канцэпцыя развіцця Белпошты на 2017—2020 гады прадугледжвае, што акрамя традыцыйных паслуг плануецца аказваць насельніцтву дзяржаўныя электронныя паслугі, некаторыя паслугі банкаў у сельскай мясцовасці. Інтэрнэт-гандаль будуць развіваць як у галіне дастаўкі тавараў поштай, так і ў прасоўванні беларускіх тавараў унутры краіны і за мяжой праз інтэрнэт-крамы Белпошты.

Сёння Беларусь — лідар па развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на тэрыторыі СНД. Сфарміраваны канкурэнтны ўнутраны рынак, на якім ліцэнзавана 338 аператараў электрасувязі. Створаны ўмовы для аказання комплексу паслуг — ад тэлефоннай сувязі, да доступу ў інтэрнэт і паслуг тэлебачання па ІP-пратаколе.

Чакаюць каля 100 кампаній на ТІБО

Сяргей Папкоў таксама паведаміў, што на Міжнародным форуме «ТІБО-2018» павінны прыняць удзел больш за 100 кампаній, што прадстаўляюць прадукцыю з 15 краін, сярод якіх Вялікабрытанія, Кітай, ЗША, Японія.

Цэнтральнай экспазіцыяй на выставе будзе стэнд «ІT-краіна Беларусь». Тут будуць прадстаўлены інавацыйныя распрацоўкі ў сферы інфармацыйных тэхналогій дзяржорганаў і беларускіх ІT-кампаній, рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. Сярод удзельнікаў будуць выстаўлены аператары «Белтэлекам», МТС, velcom, beCloud, «Космас ТБ», МТІС, «Белпошта».

Сёлета на «ТІБО» прадэманструюць дасягненні ў робататэхніцы, новыя мабільныя сэрвісы і праграмы, інфармацыйныя тэхналогіі для гарадскога сектара і ЖКГ, геаінфармацыйныя і навігацыйныя тэхналогіі.

Галоўнай тэмай дзелавой праграмы стане лічбавая трансфармацыя і перспектывы лічбавай эканомікі ў Беларусі. Упершыню на мерапрыемстве пройдзе лічбавы форум ЕАЭС. Беларусь будзе пазіцыянавацца як «лічбавы мост» паміж краінамі ЕС, ЕАЭС і Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна.

Бясплатны Wі-Fі для ўдзельнікаў Еўрагульняў-2019

Па словах міністра, чакаецца, што бясплатны Wі-Fі будзе на ўсіх аб'ектах Еўрапейскіх гульняў — 2019 у Мінску. Гэта будуць у тым ліку і спартыўныя аб'екты, гасцініцы, Студэнцкая вёска на праспекце Дзяржынскага. Акрамя таго, бесперабойная сувязь будзе забяспечана і на транспартных калідорах. Для гэтага плануецца палепшыць пакрыццё 3G і 4G.

Па словах Сяргея Папкова, краіна сур'ёзна рыхтуецца да правядзення другіх Еўрагульняў. Спецыялісты ў сферы ІТ ужо вывучылі вопыт Алімпіяды ў Пхёнчхане, а таксама ўлічаць і вопыт Расіі пры правядзенні чэмпіянату свету па футболе. Пры гэтым, акрамя камунікацый, гаворка ідзе і аб забеспячэнні кібербяспекі.

Пакуль без адмены роўмінгу з Расіяй

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі працягвае работу з Міністэрствам сувязі і масавых камунікацый Расіі па пытанні адмены роўмінгу паміж краінамі. Сяргей Папкоў адзначыў, што зараз перамовы ідуць на ўзроўні аператараў сувязі дзвюх краін. Беларускія аператары ўжо прапанавалі абанентам тарыфныя планы, якія дазволілі знізіць выдаткі ў роўмінгу — прычым не толькі ў Расіі, але і ў іншых краінах.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».