Вы тут

Сон на вуллях і водары хатняй кулінарыі


Прыемна, што ў нашай краіне актыўна развіваецца турызм, а з асаблівай паспяховасцю — аграэкатурызм. І адзін з лідараў у гэтым сэнсе — Валожынскі рэгіён. У 2009 годзе тут з'явіўся лакальны брэнд — зялёны маршрут «Валожынскія гасцінцы» — была прыдумана арыгінальная, цэльная канцэпцыя. Ужо ў 2012-2013 гадах запрацаваў размечаны і добраўпарадкаваны веламаршрут «Валожынскія гасцінцы». І калі першапачаткова яго даўжыня складала 150 кіламетраў, то цяпер гэта ўжо каля 300 кіламетраў! З 2016 года Валожынскім райвыканкамам зарэгістраваны спажывецкі кааператыў па развіцці аграэкатурызму. Аналагічных структур у нашай краіне пакуль больш няма. Яго мэта — аб'ядноўваць людзей вакол рэгіянальнага брэнда.


У бе­ла­рус­кай тра­ды­цый­най вы­печ­цы ча­сам вы­ка­рыс­тоў­ва­лі дух­мя­ныя рас­лі­ны.

Такім чынам, праект «Валожынскія гасцінцы» досыць насычаны. Ён ахоплівае як аграсядзібы, так і рамеснікаў, пчаляроў, фермераў і многіх іншых апантаных спецыялістаў і аматараў. Калі звярнуцца да мовы лічбаў, то ў межах кааператыва прадстаўлены кантактны заапарк, распрацавана і праводзіцца пяць экскурсій, пяць конных маршрутаў, восем водных маршрутаў, можна набыць на любы густ восем асартыментных груп прадукцыі — мядовую, хлеб і хлебабулачныя вырабы, розныя сувеніры — тут праводзіцца 10 майстар-класаў. Усяго ж у кааператыў уваходзяць 15 аграсядзіб і фермерскіх гаспадарак.

Дзякуючы больш чым 12 000 еўра, выдзеленых на ініцыятыву «Развіццё інфраструктуры зялёнага маршруту «Валожынскія гасцінцы» ў Валожынскім раёне», які рэалізуецца спажывецкім кааператывам па развіцці аграэкатурызму «Валожынскія гасцінцы», за апошні час у раёне з'явілася некалькі знакавых аб'ектаў.

Усё гэта адбываецца ў межах праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Беларусі», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН). Думаецца, тым цікавінкам, якія адна за адной з'явіліся на Валожыншчыне, многія маглі б пазайздросціць!

Так, у сядзібе «Марцінова Гусь» у вёсцы Малая Люцінка, што на Валожыншчыне, адкрылася міні-пякарня, дзе цяпер можна пакаштаваць старадаўнія беларускія прысмакі. Побач з пякарняй працуе і «Аптэчка прыемная», дзе ўладкавана музейна-лекцыйнае памяшканне для дэгустацый і лекцый. Там плануюць расказваць пра даўнюю культуру хлебапячэння і выкарыстання традыцыйных для нашай краіны араматычных раслін у розных аспектах паўсядзённага жыцця — у выпечцы, у хатняй парфумерыі, у народнай медыцыне, у прыгатаванні напояў. «Звязда» ўжо пісала і пра пляцоўку для бёрдвотчынгу, якая з'явілася на беразе Сакаўшчынскага вадасховішча. Яна знаходзіцца побач з сядзібай «За масточкам», што ў вёсцы Замасцяны. На пляцоўцы ў спакойнай абстаноўцы, скарыстаўшыся спецыяльным абсталяваннем, можна паназіраць за птушкамі, у тым ліку за самымі рэдкімі відамі — лебедзем-клікуном і шызай чайкай. Карэспандэнту «Звязды» было надзвычай цікава наведаць і музей коннага пасажырскага і гужавога транспарту, што з'явіўся ў вёсцы Белакорац на ўскрайку Налібоцкай пушчы. Адметна, што гэта далёка не ўсё, чым можа здзівіць Валожыншчына!..

Ке­лі­хі і куб­кі, скан­стру­я­ва­ныя па ўзо­рах ра­дзі­ві­лаў­скіх экс­па­зі­цый, гра­ві­ра­ва­ныя Ва­сі­лём Руб­цо­вым яшчэ ўруч­ную.

Асабліва прывабнай для турыстаў стала і творчая майстэрня «Іслач» у мястэчку Ракаў. На іх узбраенні з'явіліся лазерны гравёр і свідравальны станок для шкла. Крыху іншы, абноўлены выгляд набыў і сам будынак майстэрні, і тэрыторыя вакол яго.

У гэтым адметным кутку турысты змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй посуду эпохі Радзівілаў, з тэхналогіяй нанясення гравіроўкі на яе. Можна нават паспрабаваць нанесці пэўны ўзор ці надпіс сваімі рукамі. Інтэрактыўныя майстар-класы гравіроўкі па шкле — адзін з прыёмаў крэатыўнай эканомікі, які выкарыстоўвае ўладальнік майстэрні Васіль Рубцоў.

Новае абсталяванне дапамагае прыгожа маркіраваць шкляныя сувеніры (як і многія іншыя) адметнымі эмблемамі, знакамі. Важна, што ў мясцовай падарункавай прадукцыі цяпер з'явяцца пазнавальныя вобразы.

Адметная цікавінка з'явілася ў вёсцы Міжрэчча, што непадалёк ад Ракава. Там прапануюць «Сон на вуллях». Што ж гэта такое і як можна заснуць побач з пчоламі?.. Аказваецца, не толькі можна, але яшчэ і вельмі карысна для здароўя! Але працуе ўсё, натуральна, па асаблівай тэхналогіі. Пабудаваны драўляны домік, у сцены якога ўбудаваны вуллі, чатыры, з кожнага боку. Над вуллямі абсталяваныя спальныя месцы — драўляныя ляжанкі, якія маюць трохміліметровыя шчылінкі для лепшага паветраабмену з вуллямі. Чалавек кладзецца на ляжанку, часцей за ўсё засынае.

На­ве­даць апі-до­мік у «Мя­до­вай ка­ра­ле­ве» мож­на бу­дзе толь­кі ў кан­цы чэр­ве­ня, ка­лі пча­лі­ныя сем'і кры­ху раз­рас­туц­ца.

Такі сон з пчоламі аднаўляе сілы і энергію лепш, чым начны 8-гадзінны сон.

Для здаровага сну створана сукупнасць станоўчых фактараў: водар воску, мёду, пылку і праполісу, мікравібрацыі і раўнамернае гудзенне пчол, тэмпература вулля, іанізацыя паветра. Гэты арыгінальны від адпачынку будзе цікавы ўсім, хто вядзе здаровы лад жыцця, імкнецца адпачыць у спакоі пасля насычанага і тлумнага гарадскога жыцця, зарадзіцца энергіяй і сілай прыроды.

Апі-домік размяшчаецца ў экалагічна чыстым раёне з добрымі пад'язнымі шляхамі, навокал знаходзіцца шмат гістарычных і прыродных цікавінак. Таму яго стваральнікі мяркуюць, што дзякуючы яму не толькі да іх, але і на іншыя аб'екты «Валожынскіх гасцінцаў» завітае шмат вандроўнікаў. А тыя, хто ўжо бываў на Валожыншчыне, безумоўна, і так вяртаюцца сюды зноў і зноў. Таму што да добрага прызвычайваешся хутка, тым больш нікога не могуць пакінуць абыякавым месцы са станоўчай, цёплай энергетыкай і надзвычай гасціннымі людзьмі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Валожынскі раён

Загаловак у газеце: Месцы сілы на Валожыншчыне

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».