Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра няўдалае выступленне зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі, перамогу валейбольнай зборнай на турніры ва Украіне і вынікі чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе.


1. Наша нацыянальная зборная па хакеі працягвае цярпець паражэнні на чэмпіянаце свету ў Даніі. Перад заключным матчам хакеісты саступілі зборнай Аўстрыі 0:4 і страцілі ўсе шанцы затрымацца ў элітным дывізіёне сусветнага хакея. Перад сённяшнім матчам са славакамі беларусы займаюць восьмае месца, а значыць, у 2019 годзе згуляюць у І дывізіёне разам са Славеніяй, Казахстанам, Венгрыяй, Літвой, Рэспублікай Карэя ці Нарвегіяй.

Чэмпіянат свету ў І дывізіёне адбудзецца ў красавіку наступнага года. Месца правядзення турніру будзе вызначана пазней. Па выніках спаборніцтваў дзве найлепшыя каманды атрымаюць пуцёўкі ў эліту.

Нагадаем, апошні раз у І дывізіёне беларускія хакеісты гулялі ў 2004 годзе ў Осла, дзе занялі першае месца і атрымалі права згуляць з наймацнейшымі зборнымі свету.


2. Мужчынская зборная Беларусі па валейболе стала пераможцам міжнароднага турніру ва ўкраінскім Івана-Франкоўску. У гульні за першае месца каманда пад кіраўніцтвам трэнераў Віктара Бекшы і Дзмітрыя Ліхарада была мацнейшай за зборную Украіны 3:0. Раней нашы хлопцы абыгралі аўстрыйцаў.

Жаночая зборная Беларусі заняла другое месца на гэтых спаборніцтвах, саступіўшы на тай-брэйку ўкраінскім валейбалісткам — 2:3.

Адзначым, што абедзве беларускія валейбольныя зборныя рыхтуюцца да старту ў Еўралізе, турнір у гэтым сезоне падзелены на два дывізіёны: «залатую» і «сярэбраную» лігі. Жаночая каманда выступіць у «залатой» лізе. Першы матч падапечныя Пятра Хілько правядуць на выездзе 19 мая ў Попрадзе са Славакіяй. Мужчынская зборная стартуе ў «сярэбранай» лізе 20 мая дамашняй сустрэчай з Албаніяй.


3. Баскетбалісты «Цмокі-Мінск» не здолелі прабіцца ў плэй-оф Адзінай лігі ВТБ. У заключным матчы рэгулярнага сезона мінчане саступілі ў Санкт-Пецярбургу мясцоваму «Зеніту» з лікам 76:83. Падапечныя Аляксандра Круцікава атрымалі 8 перамог у 24 праведзеных сустрэчах і занялі 9-е месца сярод 13 удзельнікаў спаборніцтваў.


4. Ягор Герасімаў другі год запар стаў пераможцам турніру ва ўзбекскім Каршы з прызавым фондам 75 тысяч долараў. У фінальным паядынку ён абыграў яшчэ аднаго беларуса Сяргея Бетава.

Арына Сабаленка, нягледзячы на пройгрыш у другім раўндзе кваліфікацыі, усё ж выступіць у асноўнай сетцы турніру ў Рыме (прызавы фонд — 3  мільёны долараў). Беларуска, якая займае 45-е месца ў сусветным рэйтынгу, трапіла ў лік «лакі-лузераў». Першай саперніцай Арыны ў асноўным турніры стане 50-ы нумар рэйтынга WTA Се Шувэй з Кітайскага Тайбэя.

Вікторыя Азаранка (84-ы нумар сусветнага рэйтынга) у першым раўндзе ў Рыме сапернічала з японкай Наомі Асака (21).


5. Згуляны матчы 7-га тура чэмпіянату краіны па футболе. «Мінск» на сваім полі саступіў «Слуцку» — 0:2, «Смалявічы» атрымалі сваю першую перамогу ў чэмпіянаце ў матчы з «Дняпром» — 2:1, «Гомель» згуляў у нічыю з «Тарпеда-БелАЗ» — 0:0, «Дынама-Брэст» перайграла «Віцебск» — 3:1, «Шахцёр» быў мацнейшы за «Іслач» — 3:0, «Нёман» перайграў «Гарадзею» — 1:0, БАТЭ быў мацнейшы за мінскае «Тарпеда» — 2:0.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Апускаемся ніжэй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».