Вы тут

Аксана Юхно: Нехта лічыць, што мая знешнасць — гэта перабор


Чэмпіёнка Еўропы па бодзібілдынгу і фітнесе Аксана Юхно адносна нядаўна змяніла берцы і форму АМАПаўца на расшыты стразамі купальнік. Усяго год заняткаў у трэнажорнай зале — і беларуска скарыла суддзяў прэстыжнага міжнароднага турніру, дзе яе прызналі пераможцай. З Аксанай мы пагутарылі пра тое, як даводзілася вучыцца хадзіць на абцасах і працаваць не толькі над рэльефам мышцаў, але і над плаўнасцю рухаў і грацыяй, пра тое, чаму нельга шкадаваць правапарушальнікаў і як прыходзілася прымяняць сілу.


— Аксана, складана паверыць у тое, што ўсяго за год можна не толькі падрыхтавацца да чэмпіянату Еўропы, але і выйграць яго...

— Займацца бодзібілдынгам я пачала зімой мінулага года. Але спорт быў у маім жыцці са школы — хадзіла на плаванне, выканала нарматыў майстра спорту. Паўгода да таго, як пазнаёмілася са сваімі цяперашнімі трэнерамі, займалася ў зале самастойна. За кароткі час, безумоўна, падрыхтавацца складана, некаторым для дасягнення выніку неабходныя гады трэніровак. Але ў мяне была пэўная база дзякуючы плаванню. І прыродныя даныя, бо важна, каб мышцы хутка адгукаліся на нагрузкі. Заставалася проста правільна расставіць акцэнты, каб з'явіліся прапорцыі, неабходныя для бодзіфітнесу. Гэта сярэдняя катэгорыя паміж фітнес-бікіні і «вуменс фізік». Для намінацыі фітнес-бікіні я не падыходжу: занадта вялікая, там выступаюць дзяўчаты з мінімальным рэльефам. У маёй катэгорыі мусіць быць больш мышцаў. А ў катэгорыі «вуменс фізік» самыя накачаныя. Гэта былы жаночы бодзібілдынг, толькі ў аблегчаным варыянце, бо ў тым выглядзе, якім ён быў раней, яго з-за нежаноцкасці прыбралі са спаборніцтваў.

— Да гэтага вы доўгі час служылі ў міліцыі. Чым зацікавіла гэта праца?

— Прыйшла туды пасля школы, у 18. У мяне дзякуючы плаванню былі добрыя фізічныя даныя. І ў Гомелі, дзе я жыла, ішоў набор дзяўчат у патрульна-паставую службу. Трэба было здаць нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы, тэсціраванне, прайсці медыцынскую камісію — дастаткова сур'ёзны адбор, і я яго вытрымала. Мне спадабалася спецыфіка працы, да таго ж увесь час у руху — пасля спорту тое што трэба.

— Як праходзілі будні ў патрульна-паставой службе?

— Займаліся аховай грамадскага парадку і прафілактыкай правапарушэнняў і злачынстваў. Папросту кажучы, хадзілі па вуліцах па замацаваным за нашым нарадам маршруце.

— Вам як прадстаўніцы прыгожай паловы было шкада тых, каго даводзілася затрымліваць? Чалавек выпіў, не разлічыў сіл, а яго забіраюць у апорны пункт і складаюць пратакол...

— Сапраўды, у першыя месяцы было шкада. А пасля прывыкаеш, бо ёсць закон, які нельга парушаць, нягледзячы на тое, выпіў ты толькі на свяце ці таму, што п'еш заўсёды. Ставішся да гэтага з пункту гледжання Адміністрацыйнага ці Крымінальнага кодэкса і проста выконваеш свае абавязкі.

— Сілу даводзілася прымяняць?

— Канешне, былі розныя выпадкі. Хапала тых, каму ўсё роўна, што перад ім — дзяўчына. Але ж нас вучылі прыёмам самаабароны, мы пастаянна падтрымлівалі фізічную форму. Да таго ж у мяне былі напарнікі — падрыхтаваныя хлопцы, так што я не адна скручвала хуліганаў.

— Ведаю, што вам давялося папрацаваць і ў АМАПе...

— Для гэтага я нават пераехала ў Мінск. У АМАПе была свая спецыфіка — догляд сумак, ручной паклажы на масавых мерапрыемствах — канцэртах, святах, часам таксама патрулявалі вуліцы. Пасля яшчэ працавала ў канваіраванні — суправаджала асуджаных і асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Усяго адслужыла ў міліцыі восем гадоў.

— Што самае складанае ў гэтай працы і што прымусіла звольніцца?

— Для мяне — графік. Прычым спачатку табе ўсё падабаецца. А пасля разумееш, што вольнага часу зусім няма. Усе святы і выхадныя ты на працы. Яна пакідае адбітак на характары — з'яўляецца падазронасць да ўсіх, пэўная замкнёнасць, кола кантактавання звужаецца. Умоўна кажучы, на кожнага чалавека глядзіш як на правапарушальніка. Нават новыя знаёмствы заводзіць складана. Таму, калі мяне запрасілі ў аддзел рэжыму ў «Мір фітнесу», я адразу пагадзілася. Пасля скончыла курсы інструктараў і зараз працую трэнерам.

— У міліцыі, зрэшты, як і ў трэнажорнай зале, вас пераважна акружаюць мужчыны. Навязлівая ўвага не надакучвае? Як яны ўвогуле ставяцца да вашай знешнасці?

— У міліцыі няма раздзялення на дзяўчат і хлопцаў, там ты проста баец. У трэнажорнай зале сапраўды сярод наведвальнікаў і трэнераў больш мужчын. Але ў кожнага сваё разуменне прыгажосці. Тыя, хто любіць жалеза, мной захапляюцца, падтрымліваюць, кажуць кампліменты.

Мужчыны, якія раз на тыдзень прыходзяць у залу ці ўвогуле да спорту раўнадушныя, лічаць, што настолькі падкачанае цела — гэта непрыгожа і перабор. Так што меркаванні разыходзяцца.

— Але такі выгляд — з'ява часовая. Варта не пазаймацца месяц, і вы — звычайная дзяўчына...

— Так, форма для спаборніцтваў рыхтуецца спецыяльна. Гэта і дыета, і праца над сухасцю мышцаў, іх жорсткасцю, рэльефам. У жыцці яе ўтрымаць практычна немагчыма. Так што тое, як я выглядаю зараз, — толькі пікавая форма на перыяд спаборніцтваў.

— Яе сапраўды рэальна дасягнуць без анаболікаў і іншых не зусім карысных для здароўя прэпаратаў?

— Цалкам рэальна. Зараз бодзібілдынг збіраюцца зрабіць алімпійскім відам спорту і допінгкантроль узмацнілі. На чэмпіянаце Еўропы ВАДА ўзяла шмат проб. Так што ўсё магчыма зрабіць без забароненых прэпаратаў. Але патрэбны час, дыета, заняткі. За тры месяцы мышцы не вырастуць. Многае залежыць ад генетыкі: прыходзяць людзі, якія пазаймаюцца месяц, і мышцы пачынаюць расці, а хтосьці можа год працаваць — і ўсё стаіць на месцы. Але нават калі ты не надта адораны прыродай, форму для спаборніцтваў у той жа катэгорыі фінтес-бікіні зрабіць можна.

Любая дзяўчына можа прыйсці пазаймацца і паспрабаваць сябе ў катэгорыі фітнес-бікіні.

— Напэўна, на такіх спаборніцтвах, як чэмпіянат Еўропы, вялікая канкурэнцыя?

— Так, у кожнай роставай катэгорыі па 15—20 удзельніц. Усіх выводзяць на сцэну ў радок, і суддзі выбіраюць спачатку 12 найлепшых, затым шэсць і пасля — тройку пераможцаў. Усё вельмі імкліва, секундаў 15—20 — і выбар зроблены. Таму з самага першага кроку на сцэне важна сябе паказаць.

— Вучыліся прыгожа хадзіць?

— На сцэне ўсё павінна быць мякка, пластычна, па-жаноцку. Але калі пачынаеш займацца ў зале, мышцы растуць, цела занявольваецца, робіцца больш жорсткім, з рухаў знікае плаўнасць. А на спаборніцтвах гэта адразу міма, нават у дзясятку не трапіш. Таму я займалася з харэографам. Мае трэнеры, а гэта Таццяна Белавінская, шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы, і Аляксандр Харытон, які таксама выступаў у класічным бодзібілдынгу, ставілі мне так званае пазіраванне. І асобна я працавала з харэографам. Калі толькі пачала займацца, усё, што датычыцца пластыкі, было вельмі кепска.

— Бодзібілдынг патрабуе шмат выдаткаў?

— Падрыхтоўка да спаборніцтваў паэтапная. У перыяд набору масы цела шмат грошай ідзе на прадукты. Калорыі я атрымліваю не з шакаладак, а з мяса. Грудку не кожны дзень будзеш есці, патрэбная рыба, а таксама крупы, вельмі шмат гародніны. Плюс спартыўнае харчаванне — дабаўкі, вітаміны, амінакіслоты. У перыяд сушкі харчавацца яшчэ даражэй: больш дабавак, бо не хапае мікраэлементаў, вітамінаў. Пашыў купальніка, туфлі, грым, прычоска, макіяж, манікюр — увесь вобраз абыходзіцца нятанна. Плюс узносы на спаборніцтвы, праезд, пражыванне — гэта ўсё за ўласны кошт. Калі на чэмпіянаце Беларусі ўзнос 20 рублёў, то на чэмпіянаце Еўропы — 400 еўра. Усё гэта вельмі затратна.

— Што атрымлівае пераможца?

— Медаль, дыплом і кубак.

— У чым тады сэнс фінансавых укладанняў?

— Калі займаешся любімай справай, хочацца не проста пахаць у зале, а атрымаць нейкі вынік, прызнанне. Цяпер, пасля выйгрышу чэмпіянату Еўропы, я маю права выступаць у эліткатэгорыі. Там ужо можна разлічваць на невялікія прызавыя ў канцы года, хоць і імі ўсе выдаткі не пакрыеш. У замежных спартсменаў расходы аплачваюць спонсары, у нас з гэтым крыху складаней. Я ўдзячная Беларускай федэрацыі бодзібілдынга і фітнесу за тую падтрымку, што яны аказваюць.

— Гэта не сумна — заняткі на трэнажорах штодзень?

— Часам здараецца, што не хочацца ісці на трэніроўку, але лянота хутка праходзіць. Усё ж гэта любімая справа, дзе я знайшла сябе.

Алена КРАВЕЦ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.