Нарэшце на значнай частцы тэрыторыі краіны прайшлі доўгачаканыя дажджы, якія панізілі градус пажарнай небяспекі ў лясах. Зялёныя масівы даўно сталі месцам адпачынку для дзясяткаў тысяч людзей. Але разам з тым залішняя самаўпэўненасць можа выкінуць вельмі дрэнны жарт.
Летась былі выпадкі, калі за адны суткі ратавальнікі выязджалі да 17 разоў на пошукі тых, хто згубіўся ў лесе. І хоць да асноўнага сезона «рабінзонаў», які пачынаецца з масавым зборам ягад і грыбоў, яшчэ далёка, першыя вандроўнікі губляюцца ў лясах ужо напрыканцы вясны.
Зайшлі ўдваіх, выйшла... адна
— Давайце паглядзім на хроніку пошукаў людзей у лесе летась, — кажа афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — Каля вёскі Качановічы Нясвіжскага раёна ў лесе заблукалі дзве жанчыны і 14-гадовы хлопчык. У гэты ж час у Дзяржынскім раёне з лесу не вярнуўся мужчына 1937 года нараджэння. Праводзілі пошукі сумесна з супрацоўнікамі РУУС, якія скончыліся паспяхова. А вось на Бабруйшчыне тры пенсіянеркі правялі паўдня ў лесе. Самай старой з іх было амаль 80 гадоў. На шчасце, у іх былі з сабой мабільныя тэлефоны. Дзякуючы гэтаму мы змаглі падагнаць аўтацыстэрну, якая падавала апазнавальныя сігналы, у патрэбную мясцовасць. Але старыя не маглі сарыентавацца, куды ісці. Трымаючы сувязь са зніклымі, ратавальнікі пачалі перасоўваць аўтацыстэрну, і так у адным з квадратаў лесу бабулі выйшлі з лабірынта. Падобная гісторыя адбылася і ў Расонскім раёне.
А вось у Гарадоцкім раёне гісторыя такога хэпі-энду, на жаль, не мела. Пажылыя муж і жонка выправіліся ў лес. Увечары дадому не вярнуліся. Дачка, якая не змагла датэлефанавацца да бацькоў, узняла трывогу. Пенсіянераў шукалі супрацоўнікі МНС і РУУС, але першыя пяць дзён ніякіх вынікаў не прынеслі. А на шосты старая выйшла да людзей у сваю вёску. Але адна. І спярша была ў такім стане, што нават не магла ўсвядоміць, дзе ж яна знаходзіцца. Толькі праз некаторы час яна змагла расказаць, што на пяты дзень блукання па лесе муж памёр.
Зрэшты, у тым жа Гарадоцкім раёне адбылася і трагікамічная гісторыя. 68-гадовая бабуля правяла ў лесе чатыры дні. Небараку заўважылі з верталёта МНС. Ляснік і міліцыянер высадзіліся з гелікоптара праз кіламетр — раней проста не было месца для пасадкі — і як мага хутчэй пабеглі да старой. І першае, што яна папрасіла, была... цыгарэта.
І нават запалкі
— Часцей за ўсё людзі блукаюць паблізу населеных пунктаў, на адлегласці ў 3-4 кіламетры ад найбліжэйшай вёскі, — працягвае Віталь Навіцкі. — Але стрэс перашкаджае сарыентавацца, і таму згубіць напрамак з-за гэтага вельмі і вельмі проста нават для вясковага жыхара. Што ўжо казаць пра чалавека з горада!
Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і паход у лес пачынаецца з правільнай падрыхтоўкі. Па-першае, паведаміце сябрам і знаёмым, у якую частку лесу вы ідзяце і калі плануеце вярнуцца. Гэты час стане маркерам для таго, каб у выпадку чаго пачынаць біць трывогу. Вопратка павінна быць зручная, каб не было адкрытых частак цела — на жаль, у лясах актыўнічаюць кляшчы. Трэба мець і галаўны ўбор — кепку, павязку, хустку.
Галоўную праблему тут дастаўляе колер. Чамусьці ў лес прынята адпраўляцца ў вопратцы ахоўных таноў — зялёнай, чорнай або хакі. Але калі чалавек згубіцца, то яго будзе адшукаць у такім касцюме вельмі праблематычна. Бо камуфляж на тое і прызначаны, каб схаваць чалавека ад лішніх вачэй. І з вышыні верталёта ўбачыць яго будзе немагчыма. Таму трэба ўзяць з сабой некалькі яркіх рэчаў.
Таксама захапіце невялікую бутэльку з вадой — піць з адкрытых крыніц вельмі небяспечна, штосьці салодкае — плітку шакаладу або цукеркі. Яны дапамогуць папоўніць запас калорый, калі вандроўка ў лесе нечакана зацягнецца. Калі пакутуеце на хранічныя захворванні — прыхапіце лекі, бо з-за стрэсу хвароба можа абвастрыцца. У ідэале таксама трэба ўзяць з сабой аптэчку. Пакладзіце ў яе сродкі першай дапамогі — жгут, бінт, перакіс вадароду, пластыр. Яны дапамогуць спыніць кровацячэнне, калі вы дзесьці параніцеся. У спісе рэчаў таксама павінны быць запалкі — калі так здарылася, што даводзіцца ў лесе заначаваць, то вогнішча не толькі сагрэе, але і адпудзіць драпежнікаў.
Дапаможа тэлефон
Усведамленне, што чалавек страціў арыентацыю, прыходзіць пасля некалькіх гадзін блуканняў па лесе. Асаблівасць нашага арганізма ў тым, што адна нага крыху карацейшая за другую. Пры наяўнасці дарог, ходнікаў гэта незаўважна. А вось у лесе, дзе такіх арыенціраў няма, гэта ўжо істотная праблема.
У гэтай сітуацыі дапаможа компас, паколькі адзіны спосаб выйсці з невядомай мясцовасці да нейкіх прыкмет цывілізацыі — гэта трымацца аднаго напрамку. Але што рабіць, калі яго няма ці навыкі, як ім карыстацца, даўно сцерліся з памяці?
— У такім разе дапаможа даволі складанае правіла, — працягвае Віталь Навіцкі. — Бяруцца два дрэвы. Адно з іх — ззаду, другое — спераду. Калі вы дайшлі да другога дрэва, выберыце трэцяе так, каб яно і першае былі на адной прамой. Па-іншаму, без якіхсьці арыенціраў, трымаць адзін напрамак у лесе немагчыма.
Таксама прыкмячайце незвычайныя дрэвы, развілкі. Заўжды прыслухоўвайцеся. Брэх сабакі чутны за 2-3 кіламетры, працуючы трактар — за 3-4, цягнік — за 8-9 кіламетраў. Гул аўтацыстэрны, якая падае сігналы, разыходзіцца на 4-5 кіламетраў. Калі ж на вашым шляху трапіўся ручай, то трэба ісці ўніз па цячэнні. Як правіла, выток яго знаходзіцца ў даволі глухім месцы. Акрамя таго, калі вы натрапілі на квартальны слупок леснікоў, то абавязкова спыніцеся блізка каля яго і тэлефануйце ратавальнікам. Паколькі каардынаты ўстаноўкі ўсіх такіх слупкоў вядомыя, то знайсці вас будзе куды лягчэй.
Разам з тым сотавая сувязь у лясах працуе рэдка. Таму пажадана ўсё ж карыстацца смартфонам і спампаваць туды карту мясцовасці, якая зможа паказваць ваша месцазнаходжанне без інтэрнэту. Але тут ёсць адзін падводны камень — ва ўмовах няўстойлівага сігналу вельмі хутка садзіцца батарэя. За адну гадзіну акумулятар тэлефона можа згубіць да 15 % зараду, асабліва калі ён не зусім новы. Таму трэба максімальна зменшыць яркасць экрана і карыстацца картай не ўвесь час, а эпізадычна.
Калі вы бачыце, што пачынае цямнець, трэба абсталёўваць месца для начлегу. Практычней за ўсё выкарыстоўваць яму ад вывернутага дрэва. З галінак можна зрабіць шалаш. Засцерагчыся ад холаду дапаможа хітры манеўр. Напрыклад, газетны ліст, засунуты пад вопратку, змяншае цеплааддачу арганізма ўдвая. Калі газеты няма, то нічога страшнага — напханае пад адзежу лісце дае такі ж эфект. І на галінку дрэва побач з вамі павесьце якую-небудзь яркую рэч, каб міма вас не прайшлі людзі.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.