Сваю гісторыю ўстанова адукацыі пачала з 1958 года. Тады было створана Мінскае аддзяленне факультэта завочнага навучання Вышэйшай школы МУС СССР. Праз гады цяперашняя акадэмія — адна з самых прэстыжных ВНУ нашай краіны. Сярод яе выпускнікоў — пяць міністраў унутраных спраў Беларусі, у тым ліку і дзейны міністр генерал-лейтэнант міліцыі Ігар ШУНЕВІЧ.
— Выпускнікі Акадэміі МУС карыстаюцца аўтарытэтам у органах унутраных спраў, з'яўляюцца прыкладам прафесіяналізму, высокай грамадзянскасці, дакладна і сумленна выконваюць свой доўг, — падкрэсліў міністр унутраных спраў Ігар ШУНЕВІЧ. — Шчыра жадаю, каб вам заўсёды былі ўласцівы важныя складнікі асобы супрацоўніка праваахоўных органаў — самаадданасць, адвага, беззапаветная мужнасць у служэнні Айчыне.
Зараз будучых афіцэраў рыхтуюць факультэты міліцыі, следча-экспертны і крымінальна-выканаўчы, акрамя таго, можна атрымаць адукацыю на факультэце права, а таксама паглыбіць свае веды на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнічых кадраў. Усяго ва ўстанове адукацыі 19 кафедраў. Акадэмія МУС добра вядомая не толькі ва ўсёй Беларусі, яна славіцца высокім узроўнем падрыхтоўкі праваахоўнікаў і ў краінах СНД і далёкага замежжа. Паказчык гэтага — шматлікія міжнародныя канферэнцыі і форумы, якія праходзяць на базе акадэміі. Акрамя гэтага, у сценах вышэйшай навучальнай установы асаблівая ўвага ўдзяляецца фізічнай падрыхтоўцы і спорту: курсанты і выпускнікі нярэдка становяцца пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў свету і Еўропы ў розных спартыўных дысцыплінах.
Як расказаў начальнік Акадэміі МУС генерал-маёр міліцыі Уладзімір БАЧЫЛА, навучальная ўстанова заключыла 56 дагавораў аб супрацоўніцтве з ВНУ па ўсім свеце. Акадэмія з'яўляецца членам Асацыяцыі вышэйшых навучальных устаноў МУС (паліцыі) дзяржаў — удзельніц СНД, а таксама членам Міжнароднай асацыяцыі акадэмій паліцыі (ІNTERPA). У 2014 і 2017 гадах ВНУ была ўдастоена высокай узнагароды — прэміі ўрада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці. У 2017 годзе на званне лаўрэата прэтэндавалі 40 арганізацый, якія прадстаўляюць розныя напрамкі эканомікі і сацыяльнай сферы. Сярод іх толькі адна ўстанова адукацыі — Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, па ўсіх ацэначных крытэрыях акадэмія атрымала максімальную колькасць балаў.
— Мы глядзім у будучыню, рыхтуем тых, хто ўслед за намі ўстане на абарону правапарадку і законнасці ў краіне. Упэўнены, што нашы выпускнікі і надалей з гонарам будуць выконваць ускладзеныя на іх задачы, забяспечваючы надзейную абарону законных правоў і інтарэсаў грамадзян ад злачынных замахаў, дэманструючы сілу Закона і перамогу справядлівасці, — падкрэсліў начальнік Акадэміі МУС Уладзімір Бачыла.
Адным з ключавых момантаў святкавання юбілею стане ўрачыстае адкрыццё мемарыяла «Алея Памяці, Гонару, Славы». Ён прысвечаны ўсім тым, хто аддаў жыццё пры выкананні службовага абавязку. Мерапрыемства працягне ўшанаванне найлепшых супрацоўнікаў і курсантаў акадэміі. Святочная праграма завершыцца ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, дзе будзе прадстаўлена пастаноўка ў гонар юбілею Акадэміі МУС. На свята запрошаны найвышэйшыя службовыя асобы і замежныя дэлегацыі — прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, з якімі акадэмія плённа супрацоўнічае ўжо шмат гадоў.
Дар'я КАСКО
Фота БЕЛТА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.