Вы тут

Фотаздымак з гісторыяй. Дзеці вайны


Гартаю сямейны альбом. Праўда, фотаздымкаў майго ваеннага дзяцінства там зусім няма. Гэтая картачка зробленая летам 1953 года. На ёй я (у белай спаднічцы) і тры мае сяброўкі-аднавяскоўкі. Я з 1935 года, таму добра памятаю не толькі Вялікую Айчынную, а нават першы яе дзень, калі ў ноч з нядзелі на панядзелак нямецкія самалёты бамбілі аэрадром каля Скідзеля. Ніколі не забуду тыя страшныя чорныя клубы дыму з успышкамі агню, як чырвань ахоплівала ўсё наваколле...


Мама і бабуля сядзелі каля акна і шчыра маліліся. Ад тых выбухаў прачнулася і я. Мама прытуліла мяне да сябе і сказала: «Жэнька, не глядзі ў той бок, не трэба».

А яшчэ памятаю, як фашысты арыштавалі майго першага настаўніка Івана Васілевіча Курылу. У канцы лютага 1944-га да нас у клас завіталі тры чалавекі: немец, паліцай і стараста вёскі Кірыл Кузьміцкі. Настаўнік як быў у самаробным ваўняным шэрым джэмперы, так і пайшоў з імі, каб больш не вярнуцца. Мы сядзелі ціхутка, ніхто не прамовіў ні слова. Неўзабаве прыйшоў сын аднавяскоўца Коля і сказаў, што больш школы не будзе, што настаўнік да нас не вернецца, забраў яго ватоўку і панёс. А мы асцярожна рушылі дамоў. Я ішла якраз сцяжынкай каля дома старасты і бачыла, што на падворышчы ляжалі тварамі ўніз пяць чалавек. Сярод іх быў і наш настаўнік у шэрым джэмперы. Усіх гэтых пяцярых чалавек прывязалі да аглоблі запрэжанага ў сані каня і «пагналі» так у Скідзель (гэта кіламетраў пяць). Казалі, што наш настаўнік меў зносіны з партызанамі. У кнізе «Памяць. Гродзенскі раён» напісана, што Курыла Іван Васілевіч памёр 4 студзеня 1945 года ў канцлагеры Дахау...

Я зараз перапісваюся, перазвоньваюся і нават бываю ў Тамары Іванаўны — дачкі майго настаўніка. Яна ветэран, была ў партызанах, лячыла параненых. Мы з ёю называемся сёстрамі (хоць зусім чужыя людзі). Чужыя па крыві, а родныя па духу.

А вось на фотаздымку дзяўчына, што прытулілася плячыма да дрэва. Гэта Саша Сарока. Яе бацьку таксама забралі ў гэты ж самы дзень, што і Івана Васілевіча. Пасля яго арышту сям'я пайшла ў партызаны. Пра бацьку Сашы таксама напісана ў кнізе «Памяць»: Сарока Міхаіл Рыгоравіч арыштаваны ў 1944 годзе, далейшы лёс невядомы.

На фатаграфіі крайняя злева, з чамаданчыкам у руках, Галіна Каскевіч. Яе бацьку Аляксандра прызвалі ў маі 1941 года на ваенныя зборы на 45 дзён. Ён служыў у Чарлёнах. Гэта ад нашай вёскі кіламетраў сямнаццаць. І вось аднойчы, управіўшыся з пасадкай бульбы, маці Галі, Надзея Акімаўна, запрэгла коніка і паехала разам з дачушкай праведаць мужа і тату. Я з нецярпеннем чакала сяброўку з паездкі. Яна вярнулася бадзёрая, падскоквала і расказвала, што ў таткі зорачка на пілотцы, што ён яе на шыю сабе садзіў і насіў. Я слухала і па-добраму зайздросціла, што ў Галі быў бацька, а ў мяне ж не было. Але Аляксандр Ігнатавіч так і не дабыў збораў да канца — грымнула вайна... Пасля яе Надзея Акімаўна атрымала пахавальную. А ў кнізе «Памяць» запісана і імя Гальчынага таткі: Каскевіч Аляксандр Ігнатавіч, радавы, загінуў у 1944 годзе.

Бацьку чацвёртай дзяўчыны, што ў белай блузе, мабілізавалі ў армію ў 1944 годзе. Ён вярнуўся дадому паранены.

Усе на гэтым здымку — дзеці вайны, усе перажылі тыя жахі.

Яўгенія КУЛЕВІЧ, в. Сялец, Гродзенская вобл.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.