Вы тут

Незабыўны дзень у падарунак атрымалі тры шматдзетныя сям'і з рэгіёнаў


Жыццё — гэта не тыя дні, якія прайшлі, а тыя, якія запомніліся. Так лічаць супрацоўнікі Беларускага дзіцячага фонда. І пацвярджаюць свае думкі ўчынкамі. Вось ужо на працягу 30 гадоў у Міжнародны дзень сям'і яны дораць тром узорным шматдзетным сем'ям незабыўнае свята. Запрашаюць на цэлы дзень у сталіцу і ўзнагароджваюць ганаровай прэміяй фонду імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі.


Сям'я Ска­бей  у поў­ным скла­дзе.

Сёлета пашанцавала сям'і Скабей з Полацка, сям'і Апалькаў з аграгарадка Жыровіцы Слонімскага раёна ды сям'і Сапегаў з вёскі Яснае Вутра Круглянскага раёна. У апошняй, акрамя 5 кроўных дзяцей, выхоўваюцца 8 прыёмных. Сімвалічна, што ўручэнне прэмій адбылося ў доме-музеі, у якім даўней жыў шматдзетны род Ваньковічаў.

Перад тым як уручыць прэмію, старшыня праўлення фонду, пісьменнік Уладзімір Ліпскі, які прысвяціў адну са сваіх кніг Зінаідзе Тусналобавай-Марчанцы, сцісла расказаў лаўрэатам пра гэтую незвычайную гераіню-жанчыну. Апошняя, пазбавіўшыся ног і рук падчас Другой сусветнай вайны, нарадзіла і выхавала дваіх дзяцей.

«Зінаіда пазнаёмілася з Іосіфам Марчанкам за два месяцы да вайны. Яго мабілізавалі на фронт. Зіна скончыла курсы медсясцёр і таксама папрасілася на вайну. Працавала санінструктарам. Выратавала жыцці 128 афіцэрам і салдатам. Зімой 1942 года, калі яна паўзла па полі бою, каб аказаць першую дапамогу раненаму, ёй самой прастрэлілі дзве нагі. Тады загінула ўся рота. Зіне ж пашчасціла. Яе знайшлі жывой, але прышлося ампутаваць ногі і рукі. Пасля вайны вярнуўся Іосіф. Паранены, але з рукамі і нагамі. Пара зарэгістравала шлюб, нарадзіла і выхавала сына Валодзю і дачку Ніну. У Полацку ёсць музей Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі, будзеце праездам, абавязкова завітайце».

Сімвалічна, што адна з сем'яў лаўрэтаў прыехала менавіта з Полацка. Галава сям'і — протадыякан Андрэй, служыць у Богаяўленскім саборы, яго жонка Марыя з'яўляецца там жа рэгентам царкоўнага хору. У іх дзетак рэдкія імёны: Ефрасіння, Варвара, Філарэт, Варфаламей, Піцірым ды шасцімесячны Патрык. Апошні ўсю імпрэзу ўсміхаўся і гуляў з мамінымі медалямі. А іх і ў Марыі і ў айца Андрэя шмат.

— Жонка мае ордэн Маці, — расказвае Андрэй Скабей. — Астатнія нашы ўзнагароды царкоўныя. Многія бацькі клапоцяцца толькі пра тое, каб дзеці развіваліся, а на сабе як на асобах ставяць тлусты крыж. Гэта няправільна. Для мяне заўсёды бацькі і дзядулі з бабулямі былі аўтарытэтам, прыкладам для пераймання. Таму і мы з жонкай стараемся штодзень рухацца і развівацца, каб дзецям было на каго раўняцца. Кім яны стануць па прафесіі, няхай самі вырашаюць, галоўнае, каб былі добрымі людзьмі.

— Як спраўляецеся з шасцю дзеткамі?

— Насамрэч, чым больш дзяцей, тым прасцей. Зараз дочкі з задавальненнем дапамагаюць даглядаць Патрыка. Мы самі са шматдзетных сем'яў: у маіх бацькоў трое дзяцей, у жончыных — шасцёра. Самае цікавае, Марыі медыкі казалі, што яна наогул не зможа мець дзяцей. Але, як бачыце, здарыўся цуд. І не адзін, а цэлых шэсць (усміхаецца). Я перад тым, як ехаць сюды, чытаў пра Зінаіду Тусналобаву-Марчанку. Асабліва ўразіў яе ліст да Іосіфа. Маўляў, я інвалід, ты павінен мяне забыцца. Але Іосіф не адвярнуўся ад каханай. Гэта прыклад для кожнай сям'і, для кожнага мужчыны, як трэба берагчы адно аднаго, нягледзячы ні на што.

У якасці вядучай святочнай імпрэзы выступіла тэлевядучая Марына Грыцук, мама чатырох хлопчыкаў. Паводле яе слоў, няма нічога больш дарагога, чым сям'я, у якой ты з'явіўся на свет, і той, якую ты стварыў сам.

Ма­рыя Са­пе­га на­ват са­ма акам­па­на­ва­ла сва­ім дзе­цям і му­жу,  якія спя­ва­лі, на ра­я­лі.

Павіншаваць лаўрэатаў прыйшла і шматдзетная мама, актрыса Ганна Харланчук-Южакова разам з дачушкай Адэлькай, якая перанесла нас усіх на некалькі хвілін у Парыж, іграючы на раялі. Дарэчы, гэтая творчая сям'я два гады таму таксама атрымала аналагічную прэмію ад Беларускага дзіцячага фонду. «Дзеці выбіраюць нас, бацькоў, а не мы іх. Дзякуй Богу за такія падарункі, — сказала Ганна. — Шчаслівы той чалавек, дом якога напоўнены дзіцячымі галасамі». І параіла ўсім сабрацца як-небудзь усёй сям'ёй і паглядзець фільм «Цуд» — пра незвычайнага хлопчыка з рэдкай хваробай і яго мудрую маму.

Бацькоў і іх дзетак чакала шмат падарункаў. І дыплом, і памятны знак, і канверт з грашыма ад спонсараў, і канцэрт класічнай музыкі ў гасцёўні XІX стагоддзя. Акрамя таго, арганізатары зладзілі для лаўрэатаў экскурсію ў Нацыянальную бібліятэку і ў кінатэатр. А яшчэ парадавалі малых паходам у піцэрыю.

Але не толькі сем'ям дарылі падарункі. Тыя таксама прыехалі не з пустымі рукамі. Сям'я Апалькаў прывезла з Жыровіц ікону і святую ваду. Яшчэ адну ікону ды карціну з выявай Сафійскага сабора падарылі палачане. Сям'я Сапегаў прэзентавала крэпасць, зробленую сваімі рукамі. «Крэпасць — сімвал нашай сям'і, дзень за днём яе будуем».

Атмасфера падчас узнагароджвання была вельмі нязмушаная і шчырая. У прыватнасці, тата Сапегаў прызнаўся: «Ёсць у нашым сямейным жыцці складаныя моманты. Напрыклад, калі мы збіраемся на падобныя імпрэзы. Але затое потым ва ўсіх столькі станоўчых уражанняў, якімі жывём не адзін месяц».

На гэтым дабрачынныя імпрэзы Дзіцячага фонду не заканчваюцца.

— 1 чэрвеня ў Міжнародны дзень дзяцей мы запросім у Мінск 45 дзяцей-сірот з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Гродзенскай вобласці, — расказвае Юлія Капцэвіч, каардынатар праектаў Беларускага дзіцячага фонду. — Рыхтуем цікавую пазнавальную праграму. Дзяцей і іх прыёмных бацькоў чакаюць экскурсіі ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ды па сталіцы на знакамітым чырвоным аўтобусе Мінск-Сіці, паездка ў Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік «Нясвіж», наведванне заапарка, дэльфінарыя і аквапарка.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.