Вы тут

Ад прыватнага да агульнага


Гісторыя з аўтобусам, які ўвечары не ўзяў з прыпыначнага пункта сям'ю з малымі дзецьмі (пра што пісала на мінулым тыдні), мела працяг, як па-мойму, дык зусім нелагічны. Маладая мама, якая так і засталася на тым прыпынку з двума малымі чатырох і двух гадоў толькі таму, што занадта правільны кіроўца не спыніўся, бо прыпынак не быў пазначаны ў яго маршрутнай карце, паскардзілася на гэта на сайце Мінсктранса, напісаўшы электронны зварот. На яго адрэагавалі хутка: аўтарцы патэлефанавалі літаральна назаўтра. Праўда, толькі дзеля таго, каб сказаць, што кіроўца сапраўды нічога не парушыў, бо таго няшчаснага прыпынку на маршруце сапраўды няма. А калі па-чалавечы? Ну, пра па-чалавечы ў законе аб зваротах грамадзян нічога прамым тэкстам не напісана, таму тую скаргу з пункту гледжання афіцыйнага можна лічыць задаволенай, а справу закрытай.


Але ў мяне асабіста, дый у маладой жанчыны, якая пісала зварот, засталося ўсё-ткі пытанне, на якое вельмі хацелася б ад таго ж Мінсктранса атрымаць адказ. Чаму? Чаму не прадугледжана спыненне аўтобуса на абсталяваным прыпынку? На якім прынамсі ў выхадны дзень заўсёды стаяць людзі, бо побач не толькі «мікрараён» вялікай вёскі Волма, але і невялікія вёскі — Янкоўцы, Хімарады, якія ў агародны сезон напоўнены дачнікамі. Да прыпынку, пра які ідзе размова, з гэтых вёсак ісці кіламетр-паўтара, а да канцавога прыпынку ў цэнтры Волмы — яшчэ столькі ж. І — самае галоўнае: аўтобус з Волмы ідзе амаль пусты, гэта не раней, калі ў цесны ЛАЗ нават на пачатку маршруту не змяшчаліся ўсе ахвотныя. Тым больш, якія тут высілкі і выдаткі? Ёсць людзі — спыніўся на пару хвілін, няма — едзь сабе далей. Дзе праблема? Няўжо прадпрыемству не патрэбныя дадатковыя грошы, якія гатовы заплаціць тыя, хто стаіць на тым прыпынку? Грошы, якія Мінсктранс страчвае безнадзейна, бо людзі на канцавы прыпынак іх не панясуць дакладна.

Таму што ўслед за аўтобусам, які возіць паветра, будзе ісці маршрутка, і не адна. І яна абавязкова там спыніцца, і падбярэ тых дачнікаў. І грошы, якія мог атрымаць Мінсктранс, пакладзе ў кішэню яе гаспадар. І на здароўе, як той казаў, але праз колькі часу маршрут будзе прызнаны неперспектыўным, і аўтобусы скароцяць да мінімуму. Хто застанецца ў большым накладзе — пенсіянеры, якія складаюць большасць пасажыраў у гэтых аўтобусах, бо ў сезон можна даехаць за паўцаны, іншыя ахвотныя ехаць, бо маршруткі ж таксама не гумовыя, ці само прадпрыемства — пытанне пакіну адкрытым. Ясна адно — лепш не будзе нікому.

Прыклад «з іншай оперы», але таксама са сферы паслуг. Вырашыла занесці абутак у рамонт не ў невялікую прыватную майстэрню, як рабіла гадамі, а ў «філіял» вядомага на ўсю сталіцу буйнога прадпрыемства. І — нібы трапіла ў шчаслівае дзяцінства сярэдзіны 80-х мінулага стагоддзя. Спачатку прыёмшчыца (яна ж — майстар у адной асобе) доўга выпісвала квітанцыю пад капірку — з прозвішчам, адрасам і тэлефонам. Пасля на кожную пару выбівала па два чэкі. Пасля паведаміла, што на рамонт спатрэбіцца дзён пяць — раней ніяк. На пытанне, чаму ў спальным раёне ў іх такі нязручны для большасці жыхароў графік работы — з 10.00 да 19.00, ды яшчэ з абедам, субота і нядзеля — выхадны, адказала: «Нам жа таксама трэба адпачываць». А пасля яшчэ доўга скардзілася, як мала заказаў, якая невысокая зарплата, як скарачаюць штат, як адбіваюць кліентаў канкурэнты-прыватнікі...

Абутак мне там падрамантавалі якасна, але іншыя туфлі я панесла ў сваю любімую невялікую майстэрню. Заскочыла туды па дарозе на работу — яны працуюць з васьмі гадзін раніцы да васьмі вечара без абеду, квітанцыю, зусім невялічкую, з прозвішчам і цаной, атрымала за хвіліну, адрамантаваны абутак забрала ў той жа дзень па дарозе з работы (і гэта быў не тэрміновы рамонт!). Угадайце з трох разоў, куды я панясу наступныя пары...

Нядаўна давялося сутыкнуцца з жалобнымі клопатамі — тая ж карціна. У сталічным спецкамбінаце на Альшэўскага (самая вядомая і буйная ў Мінску кантора падобнага кшталту) спачатку не аказалася людзей, якія б вынеслі труну з машыны па прыездзе на месца, пасля ператэлефанавалі і паведамілі, што людзей, каб у прызначаны час пагрузіць труну ў машыну, у іх таксама няма. «Але машыну мы вам забраніравалі!» — урачыста так паведамілі. «Навошта мне тады ваша машына?» «Дык вы што, адказываяцеся?!» — абурана гаўкнула цётка на тым канцы провада.

Хлопец з прыватнай пахавальнай канторы з'явіўся з дакладнасцю да хвіліны, як дамаўляліся. Ветлівы, спакойны, ён з парога выказаў спачуванні і гатоўнасць дапамагчы. За пятнаццаць хвілін мы з ім вырашылі ўсе пытанні. Больш клопаты арганізацыі пахавання нас, блізкіх людзей, датычыліся толькі ў тым, каб аплаціць якасна аказаныя паслугі. (Дарэчы, цана амаль такая ж, як у тым спецкамбінаце. Але, калі б і пераплаціць, дык было за што!)

У постындустрыяльным грамадстве, якое спрабуем сёння будаваць, сфера паслуг — найважнейшая і самая запатрабаваная. Але, здаецца, якой яна будзе ў нашай краіне, пакуль так і не вырашана. Аддаць усё ў рукі прыватнікам, якія працуюць на сябе, а таму стараюцца рабіць добра для кліента? Магчыма, але раптам у таго ж прыватніка штосьці не атрымаецца, і ў адным асобна ўзятым населеным пункце не паедзе маршрутка, перастане працаваць цырульня ці рамонт абутку? Як жа тады сацыяльныя стандарты? Пакінуць пэўную частку гэтага з усіх бакоў і заўсёды прыбытковага бізнесу за буйнымі суб'ектамі гаспадарання, пры гэтым заахвочваючы прыватную ініцыятыву? Бадай што, самае найлепшае на сённяшні дзень выйсце.

Пры ўмове, што шавяліцца будуць і адны, і другія. А пакуль мы больш скрушна ўздыхаем, што прыватнікі наступаюць на пяты «правераным і надзейным» гульцам, а то і ставяць пад пагрозу іх далейшае існаванне. А тым часам аўтакрама спажыўкааперацыі прывозіць улетку на ўсю вёску адно (адну штуку — не выдумляю, сама была сведкай!) падталае марожанае. Як вы думаеце, да каго людзі панясуць свае грошы, калі следам прыедзе машына прыватнай сеткі гандлю, у якой — усё, што душа пажадае? Вось і я пра тое ж...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.