Вы тут

Працяг жыцця — у творах


Часам багацце жыццёвага досведу вымяраецца не колькасцю пражытых гадоў, а глыбінёй і значнасцю здзейсненага. У дачыненні да пісьменніка-ветэрана, кавалера ордэнаў Чырвонай Зоркі, Вялікай Айчыннай вайны І ступені, узнагароджанага медалямі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны І і ІІ ступені», Уладзіміра Федасеенкі справядліва і першае, і другое: усяго некалькі месяцаў пісьменнік не дажыў да свайго 92-годдзя і яшчэ 15-гадовым юнаком давялося яму спазнаць цяжкасці ваеннага ліхалецця: быў паранены, трапіў у палон.


Уладзімір Федасеенка нарадзіўся 22 красавіка 1926 года ў вёсцы Мормаль Жлобінскага раёна. З пачатку ліпеня 1941 года пятнаццацігадовы юнак — разведчык Жлобінскага знішчальнага батальёна. Пры выкананні даручанага задання трапіў у палон, з якога здолеў уцячы. З 1941 года Уладзімір Федасеенка стаў партызанам атрада «Смерць фашызму», а з вясны 1943-га — камандзірам дыверсійнай групы партызанскага атрада імя Жукава брыгады імя Панамарэнкі. У лістападзе 1943 года быў паранены. Пасля лячэння вярнуўся на малую радзіму, аднак вяртанне было нярадаснае: замест роднай хаты — папялішча...

У 1946 годзе Уладзімір Федасеенка скончыў Гомельскі рачны тэхнікум, праз чатыры гады — Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. Пасля была праца на розных партыйных пасадах, аднак жаданне прысвяціць жыццё творчасці, выказаць мастацкім словам убачанае і перажытае з кожным годам ўсё мацнела. Таму, нават калі першы сакратар ЦК Кампартыі БССР Пётр Машэраў прапанаваў заняць пасаду сакратара абкама камсамола ў Маладзечне, адмовіўся: хацелася быць бліжэй да літаратуры, кніг, пісьменніцкага асяроддзя.

Шлях Уладзіміра Федасеенкі як пісьменніка распачаўся з рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі». Пасля былі і «Настаўніцкая газета», выдавецтва «Беларусь», штотыднёвік «Літаратура і мастацтва». Дзесяць гадоў, з 1969—1979 гг., Уладзімір Федасеенка быў старшым інспектарам Упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта СМ БССР па друку.

Амаль усе празаічныя творы Уладзіміра Федасеенкі грунтуюцца на аўтабіяграфічным матэрыяле. Героі яго раманаў і апавяданняў — юнакі, моладзь, якой давялося раптоўна сталець, загартоўвацца — без часу на роздумы і без права на памылку. У вобразе галоўнага героя раманаў «Віхры на скрыжаваннях» (1970) і «Дубовая града» (1985) Валодзі Байкача ўвасоблены лёс тысяч юнакоў і дзяўчат, якія ваявалі ў партызанскіх атрадах, змагаліся з захопнікамі на акупаванай тэрыторыі. У рамане «Мутныя росы» (1999) Уладзімір Федасеенка адным з першых звярнуўся да экалагічных праблем беларускага Палесся, якія прынесла разбуральная сіла вайны.

У творах пісьменніка шмат балючай праўды, убачанай вачыма юнака, зусім маладога хлопца. Праўды, да якой у такім узросце немагчыма быць падрыхтаваным, якая раніць незваротна. Аднак менавіта дзякуючы гэтаму — погляду праз маладосць, якая не толькі часам робіць чалавека безабаронным, але і заўсёды дае надзею, — у раманах пісьменніка знайшлося месца для рамантычных пачуццяў, складаных інтымных перажыванняў маладых людзей. Каханне ратуе герояў, уздымае над спустошанасцю бязвер’я. Такія моманты і сёння чытаюцца з цікавасцю.

Уладзіміра Федасеенку з глыбокай павагай і ўдзячнасцю згадваюць у родных мясцінах — на Жлобіншчыне, у Мормальскай школе і іншых школах раёна, куды ён вельмі часта наведваўся і дзе заўсёды меў удзячных слухачоў. Пісьменнік прызнаваўся, што ўдзячны сваім землякам — і за дапамогу ў далёкія цяжкія гады, і за ўважлівае стаўленне ў сучаснасці.

 Уладзіміра Федасеенкі не стала 3 студзеня 2018 года. Яго пахавалі на Паўночных могілках у Мінску з належнымі ваеннымі ўшанаваннямі. Сёння думкі, перажыванні, развагі пісьменніка працягваюць жыццё ў яго мастацкіх творах, у характарах створаных ім герояў.

 Наталля НАРУТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.