Вы тут

Вёскі, якія знікаюць. Верхняе Чэрніхава Баранавіцкага раёна


Ветэран вайны, былы саўгасны трактарыст зіму правёў у сына ў горадзе. А летам яго зноў пацягнула ў родную хату. Дзядуля сам даглядае невялікі агарод і немалы кветнік, спраўляецца са сваёй няхітрай хатняй гаспадаркай. «Мая гаспадынька любіла кветкі, — расказвае. — Вось я цяпер іх не пакідаю, хоць ужо пяць гадоў адзін...» Філарэт януць адзін з нямногіх жыхароў Верхняга Чэрніхава. Зарэгістравана ў вёсцы дзевяць чалавек, але пражывае яшчэ менш... А мясціны тут, мала сказаць, прыгажэнныя. Старшыня сельскага Савета Наталля Ібрагімава папярэджвала, у гэтай вёсцы аўра нейкая асаблівая, як ступаеш нагой — адчуваеш супакаенне, раскошу. Можа, іх ствараюць старыя высокія ліпы, што засталіся ад панскага фальварка? Апошніх гаспадароў сядзібы памятае наш герой.


Філарэт Януць.

З кнігі Анатоля Федарука «Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны» можна даведацца, што фальваркам Горны Чэрніхаў, так ён раней называўся, з ХVІІ стагоддзя валодалі Рдултоўскія. Яны займалі ганаровыя пасады, удзельнічалі ў рабоце сеймаў, карысталіся каралеўскімі прывілеямі. Адзін з гаспадароў сядзібы — Казімір Рдултоўскі — быў праўнукам князя Радзівіла Рыбанькі. Яго сенсацыйны шлюб з дачкой бацькі ад другой жонкі нарабіў шуму па ўсёй ваколіцы, але кар'еры навагрудскага маршалка не перашкодзіў. А вось апошнім уладальнікам фальварка стаў Канстанцін Рдултоўскі (1880—1953), выпускнік Варшаўскага політэхнічнага інстытута, павятовы камісар, павятовы стараста ў Баранавічах. У 1939 годзе ён быў арыштаваны і высланы ў Караганду. Пасля вызвалення жыў у Іране, Англіі, дзе і памёр. Ёсць таксама звесткі аб тым, што яго жонка Соф'я Хрыстофа, балгарка па нацыянальнасці, у вайну трапіла ў лагер Асвенцым, пасля вызвалення жыла ў Еўропе.

Паноў Філарэт Рыгоравіч згадвае добрым словам, кажа, што вельмі цанілі яны тых, хто старанна працаваў, а гультаёў не любілі. Паводле яго слоў, усёй гаспадаркай запраўляла пані, бо пан быў вечна заняты справамі службы і грамады. І бацькі, і дзяды нашага героя жылі пры фальварку. У дзеда было шмат дзяцей, жылі, вядома, беднавата. Бо тады заможным лічыўся той, хто меў шмат зямлі. Кожнаму сыну трэба было даць надзел, а дачцэ ў пасаг таксама — не меншы за гектар. Без гектара зямлі шанцы на замужжа істотна памяншаліся. Бацька Філарэта Рыгор працаваў на панскай гаспадарцы, а маці служыла пакаёўкай. Вось яны і пабраліся шлюбам, не аглядаючыся на пасаг і агульную колькасць зямлі, хоць і не ведалі, што хутка гэта не будзе мець значэння. Падлеткам Філарэт таксама падпрацоўваў у пана. Расказваў, як яму, 13-гадоваму, давяралі адказную місію: ён падводай вазіў панскую дачку, на два гады старэйшую за яго, у школу. За гэтую паслугу атрымліваў кожны раз 50 грошаў, па тым часе нядрэнны заробак. Можна было купіць нешта з прадуктаў альбо якіх ласункаў. Ну а потым, як вядома, усё памянялася, а потым наогул — вайна.

Пасля вызвалення Беларусі ў 1944-м яго, 18-гадовага, забралі на фронт.

— Такіх, як я, — згадвае ветэран, — накіроўвалі на вучобу, тры месяцы нас вучылі, потым адпраўлялі на другую лінію фронту. Я так разумею, не хацелі адразу кідаць на перадавую, бо ад нас там, вядомая рэч, нічога не засталося б. Але к канцу вайны мы ўжо былі абстралянымі байцамі. Адным словам, усю Еўропу прайшоў і дайшоў да Берліна. Потым нас перакінулі на кітайскі напрамак служыць далей. Вярнуўся дадому ў 1951 годзе.

— У мяне была добрая характарыстыка пасля службы, — працягвае Філарэт Рыгоравіч. — І вось начальнік раённай міліцыі, помню як цяпер яго прозвішча Пагадаеў, вельмі ўгаворваў мяне пайсці ў органы працаваць. Тады, праўда, у нас Гарадзішчанскі раён быў, а не Баранавіцкі... Я ўсяляк адмаўляўся, казаў, што не дужа пісьменны: я ж усяго два класы пры Польшчы скончыў. А ён не згаджаўся, казаў, што пашлюць мяне вучыцца завочна, а я каштоўны для іх кадр, бо зброю знаю, карыстацца ёю ўмею. А мне тая зброя, ведаеце, як за сем гадоў надакучыла! Я не воін па натуры, я больш люблю на зямлі працаваць. Адным словам, катэгарычна не пагадзіўся і прыйшоў у калгас, які толькі што арганізавалі, на агульныя работы. Спачатку аралі і сеялі — усё коньмі рабілі, вось я і займаўся гэтым. Потым паставілі брыгадзірам, а калі два калгасы аб'ядналі, нават кіраўніком падраздзялення. Пабыў тры гады на гэтай пасадзе, з часам сталі прыходзіць маладыя з адукацыяй, мяне зноў паставілі брыгадзірам. Так я адпрацаваў 16 гадоў. А потым пайшоў на курсы трактарыстаў, здаў на правы і перайшоў працаваць на трактар. Летам заўсёды перасаджваўся на камбайн, гэту работу любіў, гэта была мая работа. І мяне заўважалі, нават у Маскву на ВДНГ адзін раз ездзіў. Зарабіў добрую пенсію, вось такое маё жыццё, — заключае ветэран.

Філарэт Януць з жонкай выгадавалі траіх дзяцей. Праўда, перажылі вялікае гора, адзін сын трагічна загінуў зусім малады. Цяпер сын і дачка жывуць у Баранавічах. Вядома, клічуць да сябе бацьку.

А дом у ветэрана дыхтоўны, што гаворыць пра ўмельства яго гаспадара. У пакоях прыбрана і дагледжана, нібы тут кожны дзень шчыруе гаспадыня. Апошняе ўжо, відаць, заслуга дзяцей і ўнукаў.

Капліца на ўездзе.

Сталы чалавек расказвае, што сядзець на лаўцы ды сумаваць яму не даводзіцца. Днём ён стараецца папрацаваць на агародзе, вечарам уключае тэлевізар, але глядзіць толькі выпуск навін. Ды і сучасныя фільмы, перадачы, мякка кажучы, не на яго густ. А вось радыё працуе цэлы дзень, так нават весялей у хаце. Два разы на тыдзень прыходзіць аўтакрама, раней заходзіла нават тры разы, але самі нешматлікія жыхары Верхняга Чэрніхава адмовіліся, сказалі, што ім хопіць і двух прыездаў. «Што там нам купляць? Малака, хлеба ды ўсяго іншага набяром, ва ўсіх жа халадзільнікі ёсць. Чаго там машыну лішні раз ганяць», — разважае ён па-гаспадарску.

— Некалі жылі бедна, але былі адкрытыя душой адно да аднаго, і ў бядзе, і ў радасці разам, нават суседзі. А цяпер, глядзіце, вось я ў сына зімой жыву, у яго свой дом, суседзі на вуліцы павіталіся, перакінуліся словам, нават пенсіянеры, нічым не занятыя, і разышліся па сваіх вуглах. Няма паняцця, каб зайсці адно да аднаго, пагаварыць. Я лічу так: чым больш забяспечаным становіцца чалавек, чым багацей ён жыве, тым ён горшы. Можа, вы так не лічыце, але вы не ведаеце, якія раней былі людзі... І мяне гэта вельмі хвалюе, — разважае ветэран.

Сам жа Філарэт Рыгоравіч вельмі любіць гасцей. Расказвае, што гады два таму нейкія сталічныя журналісты хадзілі па ваколіцы, спрабавалі адшукаць рэшткі панскай сядзібы. Тут захаваліся ліпавая алея, разваленая капліца-ўсыпальня роду Рдултоўскіх. Апошнюю, праўда, даўно разрабавалі вандалы. Засталіся яшчэ вадаёмы і невялічкая каплічка пры ўездзе. Дарэчы, на здымку 1987 года ў кнізе Федарука яна выглядае вельмі занядбанай, а цяпер адрамантаваная, мае выгляд даволі прывабны. Дык вось, Філарэт Рыгоравіч запрасіў дадому тых падарожнікаў, пачаставаў, расказаў, што помніць пра мінулае вёскі, якую раней так прыгожа называлі Горны Чэрніхаў. Ён і нас вельмі запрашаў застацца, пасядзець, пагаманіць. Мы прыехалі да ветэрана са старшынёй сельскага Савета Наталляй Ібрагімавай і старшынёй раённага Савета Сяргеем Слівай. І вельмі пашкадавалі, што дзень быў шчыльна распісаны і прызначаны яшчэ сустрэчы. Да такіх людзей трэба прыходзіць не зважаючы на гадзіннік.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «І пры панах, і пры саветах добры работнік быў у цане»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».