Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра чэмпіянат свету па хакеі, які завяршыўся ў Даніі, фінал Кубка краіны па футболе і іншыя навіны.


1. Хакеісты зборнай Швецыі заваявалі залатыя медалі чэмпіянату свету па хакеі. У фінальным напружаным паядынку яны абыгралі швейцарцаў у серыі булітаў з лікам 3:2.

Зборная Швецыі абараніла тытул чэмпіёна свету, які яна выйграла ў 2017 годзе. Скандынаўская дружына 11-ы раз у сваёй гісторыі стала ўладальніцай залатых узнагарод сусветнага форуму.

Нагадаем, зборная Беларусі на сёлетнім турніры заняла 15-е месца і апусцілася дывізіёнам ніжэй. Ужо ў наступным годзе каманда паспрабуе вярнуцца ў эліту. Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазель упэўнены ў тым, што зборная Беларусі здолее вярнуцца з першага дывізіёна. «Яна абавязкова будзе гуляць на дамашнім чэмпіянаце свету ў 2021 годзе. Па-першае, у мяне няма сумненняў, што беларусы самі змогуць вярнуцца ў эліту. Па-другое, калі раптам гэтага не адбудзецца, камандзе будзе дадзена спецыяльная «грын-карта». Часам вылет з эліты можа нават пайсці на карысць і даць штуршок развіццю хакея ў краіне», — сказаў Фазель.


2. Брэсцкае «Дынама» трэці раз у сваёй гісторыі перамагло ў Кубку Беларусі, перайграўшы барысаўскі БАТЭ з лікам 3:2. Раней яны заваёўвалі ганаровы трафей у 2007 і 2017 гадах. Знакаміты аргенцінскі футбаліст Дыега Марадона ў відэапасланні ў сацсетках павіншаваў футбалістаў брэсцкага «Дынама» з перамогай у турніры. «Віншую маіх хлопцаў з «Дынама-Брэста» з заваяваннем Кубка краіны», — адзначыў ён.

Нагадаем, аргенцінец падпісаў трохгадовы кантракт з футбольным клубам «Дынама-Брэст» і ўступіў на пасаду старшыні праўлення клуба. Дыега Марадона будзе займацца пытаннямі стратэгічнага развіцця каманды, а таксама ўзаемадзейнічаць з усімі яго структурнымі падраздзяленнямі, уключаючы дзіцячую акадэмію. Марадона прыступіць да сваіх паўнамоцтваў пасля заканчэння чэмпіянату свету ў Расіі.


3. Гандбалісткі «БНТУ-БелАЗ» сталі ўладальніцамі Кубка Беларусі, у фінальным матчы мінчанкі абыгралі «Гомель» — 30:27.

Раней «БНТУ-БелАЗ» стаў чэмпіёнам Беларусі, апярэдзіўшы «Гомель», які два апошнія сезоны быў уладальнікам «золата».


4. Баскетбалісткі «Цмокі-Мінск» другі год запар сталі пераможцамі жаночага чэмпіянату Беларусі. У трэцім паядынку фінальнай серыі каманда абыграла саперніц з мінскага «Гарызонта» — 86:62. У двух папярэдніх матчах вырашальнай серыі да трох перамог «Цмокі» таксама былі мацнейшыя — 75:63 і 73:47.


5. Беларускія валейбалісткі з перамогі над Славакіяй (3:2) стартавалі ў розыгрышы Еўралігі. Свой наступны матч дзяўчаты правядуць 23 мая. У Мінску на пляцоўцы «Чыжоўка-Арэны» са Славакіяй, а ў трэцім туры 26 мая прымуць у сябе дома Іспанію. Жаночая нацыянальная каманда раней найбольш высокага выніку ў Еўралізе дамагалася ў 2017 годзе, калі заняла шостае месца.

Мужчынская зборная Беларусі перамагла Албанію з лікам 3:0 у першым туры «сярэбранай» Еўралігі. Наступны матч хлопцы правядуць 23 мая, у Мінску нашы валейбалісты прымуць сапернікаў з Харватыі, а завершаць дамашнюю серыю 26 мая паядынкам з Венгрыяй.


6. Аліна Талай перамагла на міжнародным турніры Great Cіty Games у англійскім Манчэстэры. У забегу на 100 м з бар'ерамі яна паказала вынік 12,74 сек.

Больш высокі вынік з беларускіх бар'ерыстак паказала Эльвіра Герман, якая 13 мая ў французскім Манжэроне прабегла за 12,73 сек., устанавіўшы асабісты рэкорд.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Фінальная драма ў Капенгагене

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.