Не знікае цікавасць да творчасці Айтматава, сведчаць перавыданні па-беларуску.
Калі больш, чым 30 гадоў таму Міхась Стральцоў пераствараў па-беларуску раман кіргізскага народнага пісьменніка Чынгіза Айтматава «Буранны паўстанак. І вякуе дзень даўжэй за век», наўрад ці ён думаў аб тым, што кніга будзе перавыдавацца яшчэ. Што агульнага паміж народамі дзвюх дзяржаў? Зусім розныя прырода, мовы... Але пачуцці, думкі, праблемы — аднолькавыя. Таму факт перавыдання рамана не здзіўляе. Сёлета ён ізноў пабачыў свет — у выдавецтве «Народная асвета». Ініцыявала падзею Пасольства Кыргызстана ў Рэспубліцы Беларусь, падтрымала — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Прымеркавана перавыданне кнігі да 90-гадовага юбілею пісьменніка і да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж краінамі.
Чынгіз Айтматаў з тых пісьменнікаў, каго адразу заўважылі беларускія перакладчыкі. Першыя яго кнігі, пераствораныя пабеларуску, з’явіліся ў айчынным друку ў канцы 1960-х — пачатку 1970-х гадоў. Аматары творчасці пісьменніка гавораць: калі Чынгісхан скараў народы мячом, то Чынгіз Айтматаў — пяром. Яго творы перакладзены на 150 моў свету.
— Выхад і прэзентацыя рамана Айтматава — знакавая падзея ў развіцці беларуска-кіргізскіх дыпламатычных зносін, — зазначыў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч. — Кніга заўжды з’яўляецца мастом, які яднае дзяржавы і народы. І праблемы, да якіх звяртаецца пісьменнік, — агульныя.
Важнае месца ў рамане займае легенда пра маці Найман-Ана і яе сына, якога ворагі зрабілі манкуртам. Ён не памятаў сваіх каранёў. Сёння паняцце «манкурт» гучыць актуальна. Манкурты ёсць у любым народзе. Перакладаючы раман на беларускую мову, Міхась Стральцоў адчуваў сваю адказнасць, каб на нашай зямлі манкуртаў не было.
Памятаць сваю радзіму, маці, родных — гэтаму вучыць творчасць Чынгіза Айтматава. Яго шануюць, любяць, чытаюць творы ва ўсім свеце, аб чым сведчыла вялікая колькасць гасцей на прэзентацыі рамана: ад прадстаўнікоў дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, міністэрстваў і ведамстваў да простых чытачоў.
Яна БУДОВІЧ
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
Максімальнага значэння за летні сезон тэмпература паветра дасягнула 13 ліпеня на станцыі Жыткавічы і склала 37,9 градуса спёкі.
Напярэдадні дня нараджэння сталіцы прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя.