Вы тут

Што зменіцца ў нашым жыцці пасля «ТІБО»?


Робаты, дапоўненая рэальнасць, беспілотнікі і VR-касцюм, які пераносіць людзей унутр гульні. У сталіцы завяршылася міжнародная выстаўка «TІБО», але ўражанні застануцца яшчэ надоўга. Айчынныя кампаніі прадставілі новыя тэхналогіі і паслугі, якія павінны палепшыць жыццё беларусаў. Некаторыя з іх з'явяцца ў краіне ўжо ў найбліжэйшы час. Пра тое, як робаты змогуць замяніць кіёскі для продажу білетаў, а пошту будуць дастаўляць беспілотнікі, мы і раскажам падрабязней.


Тэрмінал замест кіёскаў

У Мінску ў хуткім часе могуць з'явіцца тэрміналы па продажы талонаў на ўсе віды транспарту з магчымасцю папаўнення праязных. Новую распрацоўку на «TІБО» прадэманстравалі прадстаўнікі «Мінсктранса». У ім можна будзе набыць білеты і папоўніць смарт-карты, аднак толькі з дапамогай банкаўскай карты — робат-прадавец не будзе прымаць наяўныя грошы. Ён таксама абсталяваны супрацьвандальнай пратэкцыяй і абароненым дысплэем. Інтэрфейс экрана ў тэставым рэжыме працуе на чатырох мовах: беларускай, рускай, кітайскай і англійскай.

Як адзначылі супрацоўнікі кампаніі, якія знаходзіліся на стэндзе выстаўкі «TІБО», зараз тэрміналы праходзяць сертыфікацыю. Да жніўня чатыры тэрміналы плануюць устанавіць у тэставым рэжыме на ажыўленых прыпынках сталіцы. Адно з такіх месцаў, хутчэй за ўсё, будзе на Нямізе.

Тэрміналы будуць тэставаць да вясны наступнага года. Важна для заказчыка праверыць іх працаздольнасць у зімовых умовах. Калі апараты прыжывуцца, то праз год іх стане значна больш і ў некаторых месцах знікне неабходнасць у кіёсках па продажы білетаў на праезд.

Без лішніх папер

«Белпошта» на «ТІБО» прадставіла прымяненне электронна-лічбавага подпісу, які кампанія распрацавала сумесна з МТС. Дзякуючы спецыяльнай SІM-карце, якая будзе даступная ў хуткім часе, можна будзе стварыць персанальны ўліковы запіс на сайце «Белпошты». Запіс змесціць усе персанальныя пашпартныя даныя, якія патрабуюцца пры ідэнтыфікацыі кліента. Такім чынам карыстальнік зможа забраць пасылку без наяўнага пашпарта на руках, а толькі маючы пры сабе смартфон. Кліенту павінна прыйсці паведамленне аб наяўнасці пасылкі і яшчэ адно паведамленне, у якое трэба ўвесці пін-код. Такім чынам афармляецца электронны дакумент, што дазваляе забраць пасылку без дадатковых аперацый.

Таксама можна будзе атрымліваць заказныя лісты ў электронным выглядзе. Гэта новая паслуга «Белпошты», якая дазволіць праглядаць адсканаваную карэспандэнцыю ў сваім кабінеце анлайн. З вашай згоды вам падключаць такую паслугу і вашы лісты будуць ускрывацца і сканавацца. Пры гэтым кампанія будзе забяспечваць канфідэнцыяльнасць згодна з усімі дамоўленасцямі. Чакаецца, што гэтыя паслугі можна будзе атрымліваць ужо ў наступным годзе.

Акрамя таго, па словах начальніка цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій «Белпошты» Анатоля Неўмяржыцкага, кампанія сёння працуе над магчымасцю дастаўкі пасылак з дапамогай дронаў. Пры гэтым, каментуючы сумны вопыт першага запуску такой паслугі «Поштай Расіі», ён адзначыў, што тады не было ўлічана мноства момантаў і не варта было запускаць тэставую сістэму ў вялікім горадзе.

«Ёсць меркаванне, што гэтыя сістэмы поўнамаштабна не будуць працаваць, пакуль не будзе створана пэўная наземная структура для кіравання беспілотнікамі. Наш робат-паштальён пакуль таксама з'яўляецца прататыпам, хоць і працуе. Мы будзем спрабаваць запусціць яго на працягу месяца ў Віцебскай вобласці, у сельскай мясцовасці з невялікім патокам адпраўленняў, дзе можна будзе рэальна замяніць паштовую машыну падобнай прыладай», — растлумачыў Анатоль Неўмяржыцкі.

Робат зможа пераносіць грузы да 5 кг. Калі выпрабаванні пройдуць паспяхова, спатрэбіцца яшчэ нямала працы для таго, каб прымяняць такую дастаўку ў вялікіх гарадах.

Будучыня беспілотнікаў

Але не толькі для дастаўкі грузаў у нашай краіне можна выкарыстоўваць беспілотнікі. Як адзначыў член савета Беларускай федэрацыі беспілотнай авіяцыі Андрэй Юшкоў, арганізацыя сёння працуе над тым, каб данесці да дзяржорганаў, што электронныя механізмы можна выкарыстоўваць шырэй.

«Мы дапамагаем дзяржаве правільна ўнесці іх у прававое поле, каб на іх можна было бяспечна лятаць», — дадаў Андрэй Юшкоў. Калі 10 гадоў таму такія апараты былі чымсьці фантастычным як па ідэі прымянення, так і па кошце, то сёння яны ператвараюцца ў папулярнае хобі. Прычым хобі гэта нельга назваць дарагім. Сёння квадракоптар можна купіць і за 50 рублёў, і за 50 тысяч. У залежнасці ад задач, вядома ж.

Так, на выстаўцы федэрацыя паказала адзіны ў Беларусі аграбеспілотнік коштам каля 30 тысяч долараў, аналагі якога паліваюць пасевы і ўносяць пестыцыды на сельскагаспадарчых угоддзях Кітая. Для беларускіх фермераў пакуль такія дроны вельмі дарагія. Але лясныя гаспадаркі ўжо карыстаюцца імі. Прыкладна 20 гаспадарак выкарыстоўваюць дроны для абследавання лясных масіваў. У 2018 годзе каля 72 лясгасаў збіраюцца набыць дроны. Дарэчы, сёння ў Беларусі ўжо выкарыстоўваюць беспілотнікі для замеру радыяцыйнага выпраменьвання, для назірання за пацярпелымі ад чарнобыльскай трагедыі землямі. У краіне таксама ажыццяўляецца маніторынг межаў і рэжымных аб'ектаў з дапамогай беспілотнікаў. З кожным годам колькасць карыстальнікаў расце ў геаметрычнай прагрэсіі. У будучыні іх колькасць і сферы прымянення будуць толькі павялічвацца.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Ужытковы характар

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.